Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » У дрымучых лясах
У дрымучых лясах - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

У дрымучых лясах

Электронная книга - «У дрымучых лясах». Краткое содержание книги:

Аўтабіяграфічная аповесць”У дрымучых лясах” – апошні значны твор З. Бядулі. Усе, літаральна ўсе вытокі бядулеўскай творчасці бяруць пачатак з Пасадца, невялікай вёскі, размешчанай пасярод дрымучых лагойска-плешчаніцкіх лясоў, якія сотню-паўтары гадоў назад былі сапраўдны дрымучымі...
1 ... 13 14 15 16 17 18 19 20 21 ... 45
Перейти на страницу:

Любуецца на іх мужычок. А медзведзяняткі яшчэ дурненькія. Не разумеюць, што трэба ўцякаць ад чалавека. Тут Хомка ўспомніў, што ў вёску прыехаў цыган-мядзведнік. Ён скуплівае малых медзведзянятак для скамарохаў. Не раз Хомка сам бачыў гэтых скамарохаў з мядзведзямі.

— Ану, Мішка, люльку куры!

Мішка курыць.

— Ану, Мішка, танцуй!

Мішка танцуе.

— Ану, Мішка, спявай!

Мішка раве.

Хомка ўзяў медзведзянят, пасадзіў на воз і павёз дамоў. Аднак не пашанцавала Хомку. Цыган-мядзведнік паехаў. Хомка ў сенцах прывязаў медзведзянят, карміў, паіў і чакаў, пакуль мядзведнік вернецца назад.

Быў якраз час жніва. Жалі бабы на панскім полі. Тут над імі стаялі прыганятыя з бізунамі. Той жа паніч Прушынскі разгульваў па полі са стрэльбай. А поле было ля самага лесу. Тут жа пад дрэвамі, у цяньку, ляжалі ў кашолачках малыя дзеці. Сусолачкі смакталі. І вось не агледзеліся людзі, як да дзяцей падкраўся мядзведзь і хапнуў Хомкіна дзіцё разам з кашолкай. Агледзеліся людзі. Хомчыха ўзняла плач, лямант, крык:

— Дзіцянё родненькае… Дзіцянё міленькае… Дзіцянё бедненькае…

А мядзведзь нясе сабе дзіцё павольна, асцярожна. Паніч нацэліўся са стрэльбы ў мядзведзя.

— Не страляй, панічок! Не страляй… — загаласіла Хомчыха. — Яшчэ дзіцёнка застрэліш.

— Дурная ты! — сказаў паніч. — Няхай лепш куля трапіць у дзіцё, чымся дзіцё ў зубы і кіпцюры мядзведзя. Лягчэйшая смерць.

Няпрошаны абаронца мужыцкіх дзяцей цэліўся ў малое дзіцё… Выстраліў.

Пошчакі разлягаліся па лесе. Мядзведзь паваліўся і яшчэ здолеў асцярожна паставіць убок кашолку з дзіцем.

— Дзіцё жывое! Жывое! Жывое! — закрычалі жнейкі на розныя галасы.

Паніч аж заскрыгатаў зубамі. Цэліўся ў дзіцё, ды не папаў. Вось няўдалы стралец… Гонар быў яму даражэй за мужыцкае дзіцё.

Пабегла Хомчыха па дзіцё. Падняла кашолку і ўзрадавалася:

— Дзіцё цэленькае! Смяецца, дурненькае… Дзякуе панічу…

У гэтую ж хвіліну з лесу выскачыла мядзведзіха, вырвала з рук Хомчыхі дзіцё і знікла ў лесе.

Дзівіліся людзі, а Хомчыха качалася па ржышчы ды галасіла:

— Дзетка мая маленькая… Дзетка мая родненькая…

Паніч склікаў паляўнічых з усёй ваколіцы. Нарыхтавалі аблаву. Мядзведзіхі і след прастыў.

Суседзі радзілі Хомку панесці малых медзведзянятак у лес на тое самае месца, дзе ён іх узяў.

Хомка так і зрабіў.

У тую ж ноч чуе Хомка — нехта стук-стук у акно. Ён падышоў, бачыць — за акном мядзведзіха стаіць ды лапай, як чалавек, не раўнуючы, грук-грук па шыбе.

Пабаяўся Хомка выйсці з хаты. Затое Хомчыха смела выскачыла — матка… Сэрца маткі заўсёды чуе і кепскае і добрае.

Мядзведзіха падняла з зямлі дзіцё і падала мацеры ў рукі. Хомчыха падзякавала. Мядзведзіха нешта зараўла ў адказ. Паглядзела на Хомчыху, паслухала, як тая плача і смяецца ў адзін і той самы час, выцерла лапай вочы ды спакойна пайшла на гумно, а адтуль — у лес.

Хоць дзіцё жыло ў мядзведзіхі цэлы тыдзень, але было вясёлае і ружовенькае — лепш, чым у маткі. Мядзведзіха не адбывала ж прыгон. Відаць, акуратна карміла чалавечае дзіцянё сваім мядзведскім малаком.

Дзіцё расло дужае, здаровае. Вырас добры хлопчык. Як ён пачаў хадзіць, яго ўсё цягнула ў лес. Аднаго разу ён пайшоў у лес — і, колькі яго ні шукалі, не знайшлі.

— Пэўна, ваўкі з'елі, — гаварылі людзі.

Усё лета палясоўшчыкі скардзіліся, што хтосьці крадзе ў іх хлеб і мёд.

І вось у самую восень, калі надышлі халады, хлопчык вярнуўся дамоў.

— Дзе ж ты быў?

— У мядзведзяў…

— Як гэта?

— Захацелася да іх. Вось я і пайшоў…

— Чым жа ты жывіўся там, сынок?

— Мядзведзіха прыносіла мне хлеб і мёд.

Кожны раз, канчаючы гэта апавяданне, Вышамірскі гаварыў:

— Каб я з гэтага месца не ўстаў, калі маню!

І ён уставаў з месца і адыходзіў дамоў, абапіраючыся аб кіёк.

— Хлусіць Вышамірскі, — гаварыў дзед.

— Лепш разумная мана, чымся неразумная праўда, — апраўдвала Вышамірскага бабуля.

Верабей і цар Саламон

У гадавыя святы дзед любіў выпіць. Аднаго разу ён быў да таго п'яны, ажно хістаўся на нагах. Дзед пачаў скардзіцца, што хата старая і ў ёй нельга жыць.

Хістаючыся, ён выйшаў з хаты, узяўся за вугал і сказаў да бабулі, якая выбегла за ім:

— Перавярну хату, тады Анупрэй збудуе мне новую!

Ён узяўся абедзвюма рукамі за вугал і давай натужвацца.

— Кінь, яшчэ падарвешся, — крычала на яго бабуля.

— Перавярну! Усю зямлю дагары нагамі перавярну! — харахоліўся дзед. — Я дужы, як Гірша-Меер каваль! Я гнеўны, як разбойнік Ціхан! Я строгі, як ураднік Ясінскі!

1 ... 13 14 15 16 17 18 19 20 21 ... 45
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)