Прызнанне левага крайняга
- Автор: Катюшенко Михаил Петровича
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Прызнанне левага крайняга». Краткое содержание книги:
Па некалькі гадзін у дзень ён займаўся са мной, я адчуў вынік адразу ж, хоць бы па тым, што пачаў лепш спаць, нервовасць знікла, я стаў спакайнейшы.
— Ён гаворыць, што ўсё будзе добра, ты выдатна ўспрымаеш гіпноз, будуць добрыя вынікі,— радасна паведаміў мне Фалалееў.
Я сумна пакруціў галавой.
— Трымайся! Усё будзе ў норме, вось паглядзіш,— Фалалееў цёпла паглядзеў у мае вочы.— Павер майму вопыту.
У наступны тыдзень побач са мной на трэніроўках быў Фалалееў. Як і тады, некалькі гадоў назад, калі мне не хацелася жыць пасля вяртання з Масквы.
6
Я невыпадкова ўспомніў пра тое турнэ. 3 яго, як сказаў Юрка, у мяне ўсё і пачалося.
Перада мной ягоны твар у самалёце. Юрка пытаецца ў сцюардэсы, вядома, па-англійску:
— Маленькая... Калі мы будзем у Рыме? Я вельмі спяшаюся...
— Як было аб яўлена...
— Дзякую,— адказаў Юрка і павярнуўся да мяне.— Даўно не бываў у гэтым гарадку. Ёсць што ўспомніць...
— Давай навешвай спагеці,— усміхнуўся Мікола Аржан і адкінуўся ў крэсле.
Юрка пачаў спакойна:
— Вы можаце не верыць, асабліва ты, Мікола, але гэта было... Пад’язджае неяк адзін чалавек, выклікае мяне з атэля. Не называючы сябе, гаворыць, што яму вельмі спадабалася мая гульня, прапануе адпачыць разам. Я паехаў. Нікому, вядома, не сказаў куды... Калі крануліся з месца, я ўбачыў, што за намі едуць яшчэ дзве машыны з малойчыкамі. Незнаёмы супакоіў мяне:
— Не хвалюйцеся... Мае хлопцы.
Ясная справа, мафія... Але што скажаш?! Прыязджаем на шыкоўную вілу, а на ёй нас сустракаюць (я іх адразу пазнаў) Раміна Паўэр, Фіярэла Манойя і яшчэ адна, прозвішча якой я не ведаў...
Я міжволі зарагатаў на ўвесь салон. Мікола — следам... Але Юрка вокам не міргнуў.
— Ён мяне знаёміць з дзяўчатамі, тыя паглядаюць з цікаўнасцю... Наш рускі мужык у іх у пашане. Свае даўно ўжо ўваходзяць у вялікую армію блакітных... I пачалося. Слугі-негрыцянкі, стрыптыз...
— Ты ягоны тэлефончык прыхапіў? — спрытаў Мікола.
— На жаль, згубіў...
Голас Юркі ўсё больш аддаляўся. Я быццам некуды праваліўся. Вакол (зноў жа) былі мячы — жоўтыя, сінія, зялёныя... Я пазней спытаўся ў Юркі: «А ты бачыў калі-небудзь жоўтыя футбольныя мячы?» Яны ляцелі з усіх бакоў.
Мяне расштурхаў Юрка, і неўзабаве адразу ж пасля праходу таможні мы апынуліся ў вялізнай зале сярод рэкламы, якая прапаноўвала наведаць Бермудскія астравы і нью-йорскія мюзіклы з доўгімі назвамі.
Было горача. Каманду сустракалі некалькі чалавек, але яны не паспелі падысці да трэнераў — дарогу ім перакрылі аператары, фотарэпарцёры.
— Ці збіраецеся вы выйграць у нас?
— Гэтае пытанне мы яшчэ не абмяркоўвалі з італьянскімі трэнерамі...
Рэпарцёры рассмяяліся.
— Ці будзеце вы па традыцыі ашукваць сваіх футбалістаў?
— У якім сэнсе?
— Увесь ганарар здасцё ў пасольства?
Старшы трэнер адказаў не марудзячы:
— Давайце гэта не абмяркоўваць. У кожнай краіне свае законы.
— Што вы збіраецеся супрацьпаставіць нашым тыфозі?
— Упэўненасць у гульні!
Юрка заўважыў:
— Чэша як з перадавога артыкула газеты.
Потым было некалькі гульняў. Мяне віншавалі разам з іншымі, нават болей, але я настолькі знаходзіўся пад уражаннем гэтых матчаў, што не мог рэальна ўсвядоміць, як згуляў.
Пасля ў вялікай зале іграў ансамбль.
— Ты разумееш, што знаходзішся ў цэнтры сусвету? — спытаў Юрка.
— Усё як у кіно, — шчыра адказаў я.
— I твой апошні пас быў, як у кіно. Даўно ніхто не даваў мне гэткага паса. Давай за цябе...
Я выпіў крыху шампанскага.
— Зараз я прынясу чаго-небудзь смачнага,— сказаў Юрка і знік на некалькі хвілін, а потым з’явіўся з вялізным падносам у руках. На ім стаялі бакалы з шампанскім і віном, а таксама розныя закускі.
— Вы не занадта захапіліся? — спытаўся начальнік грамады Гаманюк, які ішоў міма побач з нейкім італьянцам.
— Спакойна, грамадзянін начальнік, сёння свята,— адказаў Юрка.
Да нас падруліў варатар Чэрчанка.
— Паслухайце, я там убачыў адну дзяўчыну... На мяне цёпла паглядзела, нават падміргнула,— пачаў Юрка. I тут жа дадаў: — Падобная на адну знаёмую з Тэхаса. Я нават падумаў...
— Давай без мемуараў,— усміхнуўся Чэрчанка.— Чулі гісторыйку неаднойчы...
Да мікрафона ў цэнтры залы падышоў італьянскі трэнер. Ён гаварыў, што яшчэ ў маладосці пабываў у Расіі, яна яго ўразіла, а цяпер мы робімся вялікай краінай...