Прызнанне левага крайняга
- Автор: Катюшенко Михаил Петровича
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Прызнанне левага крайняга». Краткое содержание книги:
Сто, трыста разоў я праслухаў запісы самых розных фестываляў, спевакоў, ансамбляў. Асабліва дапамагалі мне меладычныя італьянскія песні, я забываў пра боль, стомленасць, працаваў у незразумелым для Бугрыма рытме; я нагадваў камікадзе ў перадпалётны момант, выключаў усе эмоцыі, пачуцці, рабіўся падобным на запраграміраваны механізм, які жыў з адной толькі думкай: хутчэй выйсці на поле!
I вось нарэшце Бутрым сказаў мне:
— Ты можаш пачынаць трэніроўкі. Але рабі іх вельмі асцярожна, прашу цябе, думай увесь час пра нагу!
Лепш бы ён не гаварыў мне гэтыя словы, яны адмоўна падзейнічалі на мяне. А можа, справа была зусім не ў папярэджанні. Я памятаю той дзень да драбязы — як з’явіўся на базе нашай каманды, потым выйшаў разам з усімі на поле. Трэнажоры Бутрыма зрабілі сваё — у мяне, праўда, збівалася дыханне, але я амаль не згубіў рэакцыі, адно — крыху спазняўся ў перадачы мяча. Пасля трэніроўкі Фалалееў спытаў:
— Як нага?
— Нармальна, амаль не адчуваю траўмы...
Гэтак было на самой справе. Назаўтра на базу прыехаў спартыўны рэпарцёр, ён зрабіў здымак, узяў у мяне інтэрв’ю. Усё гэта надрукавалі ў газеце са словамі: «Самы рэзультатыўны ігрок нашай каманды, член зборнай краіны Кастусь Паўловіч зноў выходзіць на поле пасля цяжкой траўмы. Спартыўны ўрач Бутрым зрабіў немагчымае: нават вядомыя спецыялісты лічылі, што для Паўловіча гэты сезон можна лічыць страчаным. У наступнай гульні трэнеры каманды лічаць магчымым заявіць Паўловіча на гульню з тбіліскім «Дынама».
Так яно і здарылася: мяне заявілі на наступны матч, але большую яго частку, да сярэдзіны другога тайма, я прасядзеў на лаўцы запасных. Потым я замяніў іграка па левым краі нападзення, некалькі разоў меў магчымасць забіць гол, але гульня так і скончылася для мяне безвынікова, я сам не разумеў правалаў, раней з гэтакіх пазіцый я спакойна забіваў амаль заўсёды, а тут некалькі разоў не мог забіць з самых лепшых пазіцый. У наступнай гульні я злавіў сябе на думцы, што ўвесь час думаю пра траўміраваную нагу і стрымліваю сябе, калі даводзіцца ісці на абвастрэнне. Мяне ахінаў жах пры думцы, што па пашкоджаным месцы могуць зноў ударыць.
— Я не пазнаю цябе,— упікнуў Вішнеўскі ў перапынку паміж таймамі,— такое адчуванне, што твае ногі ў ланцугах.
У сярэдзіне другога тайма, калі я пасля выдатнага паса не абышоў двух абаронцаў, я зразумеў, што ў мяне пачаўся самы звычайны псіх, ад якога цяжка пазбавіцца. Я баюся гуляць на поўную сілу, а значыць, не магу гуляць, як раней, калі мяне нічога не стрымлівала і не магло стрымаць.
Пасля гульні я сядзеў у раздзявалцы, абгарнуўшыся ў ручнік, і тупа глядзеў перад сабой. Падышоў Фалалееў:
— Не хвалюйся. I са мной, і са многімі іншымі такое часта здаралася.
— А са мной — не! — раззлаваўся не на жарт я.
Ясна, за гульнёй уважліва сочаць трэнеры зборнай, я лёгка магу выскачыць з яе асноўнага саставу, а трапіць зноў будзе нялёгка. Сёння многія могуць спакойна заняць маё месца, варта каму крыху зазявацца.
На трэніроўцы на другі дзень Фалалееў пастараўся зрабіць усё, каб я адчуваў сябе, як на сапраўдным матчы. Ён канструяваў нават больш складаныя ўмовы, чым у час звычайнай гульні. Мне аднаму даводзілася змагацца з некалькімі абаронцамі ў шчыльным абкружэнні, біць па мячы з неверагодных сітуацый.
— Ты сам павінен пераадолець сябе,— гаварыў ён.— Ніхто табе не дапаможа, калі ў цябе застанецца хоць кропля жаху... Сёння ўжо лепей. Але ты яшчэ не ты. Успомні парады Ярэмчанкі. Танцуй з мячом пад рытмічную музыку ў звыклым для сябе рэжыме. Гэта, я ўпэўнены, прынясе карысць.
Пасля наступнай гульні ў футбольных справаздачах пісалі, што я ніяк не магу адысці ад траўмы, і гэта крыўдна, бо каманда, па сутнасці, страціла лепшага нападаючага ў краіне. І зборная, мусіць, паедзе на адказныя матчы без мяне.
— Пішуць абы-што, а самі нічога не разумеюць у футболе,— злаваўся Фалалееў, трымаючы ў руках некалькі газет.— У іх жа так — сёння пра надоі малака, заўтра пра барацьбу з п’янствам, і зноў — пра футбол. I ўсё добра ведаюць...
— Ты мяне не суцяшай. Праўду пішуць,— пахмурна адказаў я.— За месяц я страціў многае...
— Не трэба апускаць рукі. Я прыдумаў тое-сёе...
У той раз я сапраўды не трапіў у зборную, а Фалалееў праз некалькі дзён прыехаў да мяне з чалавекам з доўгімі сівымі валасамі. Аказалася, гэта вядомы гіпнатызёр, кансультуе ў адной з нашых бальніц. Ён згадзіўся пазаймацца са мной яшчэ і таму, что з’яўляецца заўзятым балельшчыкам.
— Зразумейце, малады чалавек, вы самі павінны дапамагчы мне,— гаварыў гіпнатызёр.— Мы абодва абавязаны выключыць з вашага мозгу перад траўмай, вы павінны гуляць адкрыта і вольна, нібыта з вамі нічога не здарылася. Я яшчэ раз паглядзеў запіс апошняга матча. У пэўныя моманты перад вамі нібыта з’яўляецца нябачная мяжа, вы яе, можа, і не адчуваеце, але яна існуе, яна паўстае перад вамі, і вы не можаце давесці справу да канца.