Прызнанне левага крайняга
- Автор: Катюшенко Михаил Петровича
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Прызнанне левага крайняга». Краткое содержание книги:
Перш-наперш у Маскве я павінен быў сустрэцца з бацькам.
3 самай раніцы я выкаціў з гаража машыну, запрасіў Веру: «Паехалі!» Яна не зразумела: «Куды, у мяне ж работа...» Я махнуў рукой, маўляў, што-небудзь прыдумаем. Наш адміністратар арганізуе даведку ад урача, у яго ў руках увесь горад, ён проста незаменны чалавек у любой справе, мяне паважае і часта памагаў. У маёй кішэні быў даволі тоўсты пачак чэкаў (я амаль не карыстаўся імі, бо ўсё прывозіў сабе з-за мяжы, і яны паступова назбіраліся). Вера здзівілася, калі я падвёз яе да магазіна.
— Пастарайся выглядаць прынцэсай,— сказаў я.— Сама разумееш... Паглядзім тое-сёе для мяне, брата, яго жонкі.
Прыкладна праз гадзіну мы, узмакрэлыя пасля бадзяння сярод натоўпу ў «Бярозцы» (ніколі не думаў, што ёсць так многа людзей, у якіх ёсць чэкі), мы выйшлі да машыны. Вера ўсміхалася:
— Ты ў нас багаценькі Бураціна.
Я паглядзеў на гадзіннік. Трэба як мага хутчэй імчаць у аэрапорт, сустракаць Андрэя з жонкай. Імжаў дробны дождж. Я ведаў, Вера не любіць вялікай хуткасці, але неўпрыкмет паціху ціснуў на газ.
— Як добра ехаць з табой,— прашаптала Вера.
Я ўключыў магнітафон. Апошнія запісы фестывалю ў Сант-Вінсента, таго самага, дзе мы пабывалі са зборнай у якасці гасцей. Вера доўга маўчала.
— Цікава, як доўга мы будзем разам,— пачуў я ціхі яе шэпт.
Ад нечаканасці я разгубіўся.
— Шкада, што ты такі малады.
— Калі не памыляюся, мы з табой аднаго года нараджэння.
Яна засмяялася.
— Я старая ў параўнанні з табой. У цябе яшчэ сто разоў усё пераменіцца — погляд на жыццё, дый і само жыццё таксама.
Я не зусім зразумеў яе, але не стаў патрабаваць тлумачэнняў. Толькі потым, прыкладна праз паўгода, я зразумеў сэнс яе слоў. А пакуль перада мной — дарога да аэрапорта, мяккія словы італьянцаў, чаканне Андрэя, якога я даўно не бачыў, яе дыханне. Я таксама быў рады, што яна поруч. Хацеў сказаць ёй пра гэта, але язык раптам зрабіўся цяжкім, усе словы згубіліся.
У аэрапорт мы прыехалі з запасам часу і паспелі выпіць гарачай кавы. Мінут праз дваццаць я здалёк убачыў у натоўпе брата. Ён таксама старанна вышукваў мяне вачыма, радасна махаў рукой. Яго твар стаў яшчэ больш хударлявы, а сам ён нібыта высечаны з каменя.
— Вунь мой Андрэй,— сказаў я Веры.
— Ен падобны нечым на цябе. Але ёсць вялікая розніца...
Некалькі мінут мы ціскаем адзін аднаго ў абдымках.
— Нарэшце ўбачыліся,— смяецца Андрэй.— Малы ты мой салабон... Увесь час на экране тэлевізара мільгаціш. А там жа твар рэдка паказваюць. Прыехаў я дзеля цябе, а не...
У машыне брат расказвае, што жыццё яго за год не змянілася — палёты, трэніроўкі на зямлі. На пагонах дабавілася адна зорка, аднойчы ледзь не трапіў у непрыемную сітуацыю, але ўсё абышлося добра.
— У паветры? — спытаў я.
— На футбольным полі,— смяецца ён аднымі вачыма.
Ягоная жонка з цікавасцю глядзела на Веру, я разумею, яе больш за ўсё цікавяць нашы адносіны, але спытаць пра гэта яна не асмельваецца. Дома жанчыны гатуюць абед, я пачынаю распакоўваць шматлікія скрынкі.
— Ты што, магазін узяў? — пытаецца Андрэй.
— Амаль што. Тут ёсць тое-сёе і для цябе.
3 «Бярозкі» я прывёз для Андрэя блакітны блайзер і светлыя штаны. Ён марыў пра такія, яшчэ калі вучыўся ў школе.
— Не магу я прымаць ад цябе такія падарункі,— гаворыць брат.— Сорамна каму ў часці сказаць, што мае «Жыгулі» таксама твой падарунак. Я ўсё ж такі лятаю. Радзіма пра нас не забывае, і сам магу сабе дазволіць...
Я нацягваю новую кашулю, шэры галандскі касцюм-тройку, вішнёвыя «саламандры», вязаны сіні гальштук. Праз некалькі мінут на вачах мяняюцца Вера і Андрэева жонка.
— Што за маскарад? — смяецца яна.
— Нас запрасілі на прыём,— адказваю я.
Сядзім, п’ём чырвонае віно (акрамя мяне — праз некалькі дзён чарговы матч).
— Цяпер ты расказвай, як жывеш,— гаворыць Андрэй.— Пра футбол я ўсё ведаю. Калі б і не хацеў, то не дадуць. Калі ты забіваеш галы, мой камдыў Ягораў гаворыць: «Сёння ты, Паўловіч, малайчына», а калі мажаш, што таксама нярэдка здараецца, ён абураецца: «Ты, Паўловіч, напішы брату альбо карыстайся маім прамым тэлефонам: нельга так гуляць!»
— Дык ты выдатна ўсё ведаеш пра мяне,— рагачу я.
- А што думаеш рабіць далей? — пытаецца Андрэй.
Зноў гэтае надакучлівае: «Што далей?»
— Далей я буду гуляць у футбол.
— А пасля?
— Зноў футбол. Футбол да самага канца жыцця.
— Я памятаю, як выдатна ты рашаў задачкі на алімпіядах, амаль без падрыхтоўкі перамагаў,— гаворыць Андрэй і ў гэтую мінуту нечым нагадвае мне бацьку.— Можа, яшчэ не ўсё забыў, можа, паспрабаваць, га?!