Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
1 ... 185 186 187 188 189 190 191 192 193 ... 221
Перейти на страницу:

— Таварышы камандзіры!..

У траншэйцы і на брустверы ўсе разам прыціхлі, хаця і так амаль усе маўчалі, спыніўся шорхат палатак аб зямлю, настала важная хвіліна, якая патрабавала засяроджанай увагі ўсіх.

— Слухайце баявы загад, — цвёрдым, трошкі напружаным голасам сказаў камбат. — Арыенціры. Нумар адзін…

Аддаючы загад, ён стараўся прытрымлівацца пунктаў нядаўна ўведзенага баявога статута пяхоты, хоць у яго і была свая, адпрацаваная практыкай схема загаду. Але ён пакасіўся на ветэрынара, які азяблымі пальцамі старанна крэмзаў у сваім блакноце, напэўна, запісваючы ягоныя словы. Зрэшты, тое мала непакоіла камбата, увагу якога цалкам узяў сабе план бою, трудная, можа быць, марная магчымасць уварвацца на вышыню і адолець там немцаў. Ён бы хацеў і болей сказаць аб праціўніку, але ён мала пра яго ведаў, сістэма яго агню не была ўся раскрыта, ягоныя агнявыя магчымасці таксама. Паставіць задачы ротам было няцяжка, тут усё было звыкла, хаця камбата і не пераставаў непакоіць правы, адкрыты фланг яго батальёна. На выпадак якой непрыемнасці з-за гэтага фланга ён загадаў камандзіру дзевятай атакаваць вышыню ўступам, з загнутым у бок вышыні «Малой» флангам — мабыць, гэта будзе не лішне. Яму ж ён перадаваў адзін з двух кулямётаў Ярашчука, чым адразу ж выклікаў бурнае незадавальненне малодшага лейтэнанта.

— Што іх раскідваць! Так узвод, а то…

Камбат маўкліваю паўзай ігнараваў гэтую яго заўвагу і прадаўжаў ставіць задачы:

— Паўтараю: галоўны план бою заключаецца ў хуткасці дзеянняў. Роты пераадольваюць балота бягом, як мага хутчэй выходзяць на рубеж узвода Нагорнага. Камандзір дзевятай! Ваша задача асабліва важная — як мага глыбей ахапіць вышыню «Вялікую» справа і ні на хвіліну не ўпускаць з-пад увагі вышыню «Малую» за балотам.

— А калі там немцы? — сказаў з бруствера заклапочаны цяпер Кізевіч.

— Калі там немцы, вы не зможаце ажыццявіць гэты ахоп. Тады спярша трэба збіваць адтуль немцаў.

— Кім збіваць? Узводам?

— Гэта будзе відаць. У ходзе бою.

Ён яшчэ не паспеў скончыць аддачу загаду, як унізе ў паспешна выкапанай ячэйцы заварушыўся ля тэлефона Чарнаручанка.

— Дзесяты выклікае.

3 незадавальненнем спыніўшы размову, камбат апусціўся на кукішкі і ўзяў з рук тэлефаніста трубку.

— Валошын, засталося пятнаццаць хвілін. Я чакаю даклад аб гатоўнасці,— раздражнёна напомніў камандзір палка. — Што вы доўга капаецеся там? Аператыўней трэба!

— Я аддаю баявы загад, — сказаў Валошын.

— Аддавайце і дакладвайце. Роўна ў шэсць трыццаць артылерыя павінна адкрыць агонь.

— Я буду гатовы ў час.

— Ну-ну. Я чакаю.

Камбат выпрастаўся ў траншэі і нечакана для сябе сустрэўся позіркам з камандзірам восьмай Муратавым.

— Галоўны ўдар наносіць восьмая, лейтэнант Муратаў.

— Як заўсёды, — з глухаватай няпэўнасцю азваўся Муратаў.

Валошын падумаў: сапраўды, як заўсёды. Але што рабіць, такі лёс усіх часцей і падраздзяленняў, якія знаходзяцца ў цэнтры баявога парадку, наступаюць у лоб і церпяць болей за іншых. Затое ў абароне больш дастаецца фланговым; усе непрыемнасці ў абароне звычайна сыплюцца з флангаў.

— Якія пытанні? Што незразумела? — запытаў камбат, зірнуўшы на гадзіннік.

Сапраўды, трэба было спяшацца, яго час канчаўся. Але ўсе заклапочана маўчалі, у траншэі зрабілася надта ціха, толькі Круглоў гулліва кідаў з бруствера камячкі зямлі на недалёкую плаху лёду.

— Калі пытанняў няма — па месцах! — сказаў камбат, з асаблівай выразнасцю адчуўшы, што ўжо зусім нічога не засталося.

Заставалася дачакацца прызначанай хвіліны і паслаць у неба букет зялёных ракет. Пасля будзе бой.

Камандзіры выскачылі з траншэі і, прытрымліваючы палявыя сумкі, пабеглі да сваіх падраздзяленняў. У траншэі стала вальней, разам з камбатам у ёй застаўся Самохін, дзіўны ў сваёй службісцкай упартасці ветэрынарны доктар, капітан Іваноў з двума сувязістамі. Праз дзверы расчыненага бліндажа засяроджана пазіралі сувязныя — па адным з кожнай роты. Чарнаручанка корпаўся ў сваёй ячэйцы, а Круглоў на брустверы, таропка прыкурыўшы ў Гутмана, сказаў да камбата:

— Пайду, напэўна, у роту Кізевіча. Гляджу, тут камандзіраў хапае.

— Правільна, — адобрыў Валошын, падумаўшы, што ў гэтай самай аддаленай роце прысутнасць лішняга камандзіра будзе дарэчы. — Ідзіце ў дзевятую. Там у выпадку чаго…

1 ... 185 186 187 188 189 190 191 192 193 ... 221
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)