Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0122-2
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
— А вы куды? — не стрымаўшыся, злосна крыкнуў Валошын.
Ветэрынар толькі раскрыў рот, каб нешта сказаць, як раптам абодва яны аглушана скалануліся, на імгненне страціўшы адчуванне.
«Ну во, нарэшце! — з дзіўнай злой радасцю падумаў камбат, інстынктыўна ўвабраўшы галаву ў плечы. — Нарэшце пачынаецца…»
У хмарнай вышыні над балотам аглушальна трэснула раз і другі, тугім звонам заклала левае вуха. Валошын паглядзеў угору — над балотам, нібы кінуты ўгару клок поўсці, плыло на ветры чорнае воблачка. «Прыстрэлачны!» — падумаў камбат і зноў азірнуўся. Ветэрынар ляжаў пад навіслым галлём альхі, нізка ўтупіўшы галаву ў падвязанай пад барадой вушанцы. Падумаўшы, што яму папала, Валошын кінуўся назад.
— Вы што? Паранены?
Маёр страпянуўся і з запытальным недаўменнем у вачах уважліва паглядзеў на камбата.
— Н-не, я не ранены, — выціснуў ён, заікаючыся.
— Устаць і бягом! Бягом! — скамандаваў Валошын, ведаючы, што ад брызантных разрываў тут не схавацца, што трэба як мага найхутчэй выскачыць з раёна паражэння іх смяртэльных асколкаў.— Бягом!
У наступнае імгненне з рэзкім аглушальным трэскам грымнулі яшчэ чатыры выбухі, трохі, праўда, далей, чым першы, бліжэй да краю балота, — якраз над тым месцам, дзе былі роты. Сотні сталёвых асколкаў гарачай віхурай абдалі кустоўе, зразаючы голле і наскрозь прапякаючы тоўсты, да самага дна, лёд. Ветэрынар зноў упаў, але тут жа падняўся; ззаду, ламаючы голле, яго даганяў Гутман.
Болей камбат не азіраўся, разам забыўшыся пра сябе і сваю бяспеку — трывога за роты, над якімі цяпер аглушальна загрукалі счацвяроныя выбухі брызантных, апаліла яго. Ён кінуўся наўпрасткі да блізкага ўжо краю балота, рашыўшы ў што б там ні было падняць батальён на апошні рывок, у якім было выйсце і адзіная магчымасць дасягнуць траншэі. Пад вышынёй на балоце яны доўга не вытрымаюць, у голым прамерзлым грунце не хутка акапаешся, ды і акопы ад гэтага агню не ўратуюць.
Чорт бы іх узяў, гэтыя брызантныя, ужо лепей бы агонь мінамётаў, збянтэжана думаў камбат, бегучы па кустоўі.
Ён выскачыў з балота пад новы брызантны залп, які прарэзліва і аглушальна грымнуў, здавалася, у некалькіх метрах над галавой, і збіты з ног гэтым залпам Валошын недарэчна ўпаў на жорсткую заінелую траву лужка. Але ён тут жа ўскочыў, акінуў позіркам ніз вышыні, дзе няроўна залеглі байцы восьмай роты. Нехта з іх ужо ліхаманкава працаваў лапаткай, хтось роспачна лаяўся справа, і ён павярнуў на гэтую лаянку, чакаючы ўбачыць там камандзіра роты, і ўбачыў купку байцоў — тыя на каленях схіляліся над кімсь, што ляжаў на траве. Яшчэ не дабегшы да іх, ён убачыў знаёмыя хромавыя боты Муратава, падхапіўшы якога, двое байцоў валаклі, прыгінаючыся, назад да кустоўя.
— Стой! — крыкнуў ён і не пачуў уласнага голасу, зноў накрытага чарговай серыяй выбухаў угары — адзін з байцоў упаў на калені, выпусціўшы руку ротнага, і ўткнуўся плячом у траву. Другі лёг побач, разгубленым позіркам матляючы навакол і не пазнаючы камбата.
— Што з лейтэнантам? — спытаў Валошын, прысядаючы побач. Але толькі ён зірнуў на бела-бяскроўны твар Муратава, як усё зразумеў адразу. Шэрыя крупінкі мозгу з разбітай патыліцы ротнага густа абляпілі ягоны каўнер і плечы з новенькімі, акуратна прышытымі пагонамі. Шынель на баку быў шырока распораты асколкам, і з дзіркі тырчаў шкумат аўчыннай камізэлькі.
— Пакінуць забітага! — загадаў ён.
— Таварыш камбат! — узмаліўся баец, пажылы чалавек з чырвонымі слязлівымі вачмі.— Таварыш камбат, як жа гэта? Яго ж параніла, мы паняслі, а тут… Як жа гэта, таварыш камбат?..
— У ланцуг! — жорстка загадаў камбат і позіркам пашукаў каго-небудзь з сяржантаў.
Але сяржантаў паблізу не было відаць — на траве ніцма ляжала некалькі байцоў у новых і чыстых шынялях, высока насунутых на шапкі касках — учарашняе яго папаўненне. Іх трэба было падняць у атаку, прымусіць пераадолець пад агнём некалькі сот метраў на схіле, і гэтая задача здалася яму цяпер болей чым цяжкай.
Але іншага не заставалася.
Стараючыся перасіліць трэскат і дзіганне чэрг, ён прыпадняўся на руках і пракрычаў, выразна выгаворваючы кожнае слова:
— Ро-та!.. Пад-рых-тавацца да атакі!
Знешне рота амаль не адрэагавала на гэтую яго каманду, хаця рэагаваць на яе цяпер і не было патрэбы — трэба было яе ўясніць, а галоўнае — сабрацца з духам перад самым адчайным рыўком наперад. Разумеючы гэта і счакаўшы хвіліну, ён скамандаваў зноў:
— Пааддзялённа!.. Кароткімі перабежкамі!.. Упярод!
I лёг грудзьмі на зямлю, з трапяткім напружаннем чакаючы, паднімуцца ці не? У ланцугу відавочна марудзілі, і ён падумаў, што цяпер вельмі прыгадзіўся б стары камандзірскі прыём: устаць самому і скамандаваць проста «За мной!». Але за гэты прыём ён сам неаднойчы спаганяў з сваіх камандзіраў рот і не мог яго дазволіць сабе. Усё ж у яго быў батальён, лёс якога ў многім залежаў ад яго, жывога. Мёртвы ён батальёну быў непатрэбны.