Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0122-2
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
— Я! — падняў галаву тэлефаніст.
— Бярыце катушку, апарат і за мной шагам марш!
— Гэта як? — здзівіўся інжынер.
— Я адпраўляюся ў роты.
— Але ж тут ваш КП.
— Тут КП. Тут будзе ад’ютант батальёна. Вось з ім займіцеся. Ён у курсе ўсяго.
Чарнаручанка папярэдзіў тэлефаніста на другім канцы провада і пачаў таропка выдзіраць з куткоў калочкі, якімі мацаваўся кабель, Прыгуноў згрэб рэчмяшкі, узваліў на плячо запасную катушку, і камбат, не чакаючы іх, ірвануў палатку над выхадам.
Ён ужо быў спакойны. Яго нядоўгая злосць хутка ўлягалася, гэта было яшчэ не самае горшае — «кантроль і дапамога» таксама мелі свае слабыя месцы, і з імі можна было змагацца. У роты наўрад ці яны сунуцца, застануцца ў зямлянцы, тым больш што ён аддаваў ім Маркіна. Маркіну, вядома, дастанецца. Але камбат не адчуваў падставы, каб каяцца — ён сапраўды не меў ні хвіліны часу на гэтыя размовы, — уся яго істота, кожны нерв і кожная думка ў галаве былі захоплены будучым боем.
Ён выбег з траншэі і пайшоў па быльнягу ўніз. Злева, недзе ля пасёлка саўгаса, відаць, таксама падняўся перапалох — свяцілі ракеты, і трасіруючыя чэргі агнянымі раямі мільгалі над чорнай зямлёй па краі зорнага неба. Там, напэўна, таксама працавалі разведчыкі — сёння другі батальён трошкі пазней за трэці таксама пачынаў сваё наступленне, якое не прынесла яму поспеху ўчора. Безумоўна, узяўшы гэтую праклятую вышыню, Валошын вельмі памог бы другому, зрэшты, таксама, як і другі памог бы яму, калі б захапіў саўгас. Але з іх аслабленымі сіламі захапіць што-небудзь было не так проста, думаў камбат, мабыць, крыві сёння пральецца нямала. Ці застанецца хоць што-небудзь ад яго батальёна?
А што, калі правесці манеўр, не прадугледжаны ні камандзірам палка, ні статутам, і яшчэ да пачатку артпадрыхтоўкі і да світання паслаць на той бок роту — у час атакі яна б пасобіла астатнім, узяўшы агонь на сябе. Ды і сама памагла б агнём. На самай справе! Ноччу прабрацца пад вышыню, напэўна, удалося б, кустоўе ў балоце маскіравала ад ракет і хоць не хавала ад агню з вышыні, усё ж байцам было ў ім надзейней. Хаця для таго, каб паслаць роту зноў, трэба звяртацца да камандзіра палка, зрабіць гэта без яго ведама камбат не меў права. Хіба што ўзвод? Скажам, таго ж Нагорнага…
Валошын хутка крочыў уніз, да балота, пад аціхлую ўранні вышыню. Вецер не пераставаў, было здорава холадна, мароз браўся, напэўна, градусаў пад семнаццаць. Набліжаўся світанак, стала зусім цёмна, толькі зоркі ў разрывах аблокаў бліскалі неспакойна і востра. Але ён ведаў, што неўзабаве іх бляск пачне слабнуць, неба нальецца сінькай, з начной цемры пачне выступаць шэры, непрытульны абсяг, і для батальёна праб’е яго час — шэсць трыццаць.
Валошын азірнуўся — Чарнаручанка з Прыгуновым адставалі, корпаючыся са сваёй катушкай, каторая часам гучна трашчэла, заядаючы кабель, мабыць, буксавала зубчатка. Ён хацеў як мага хутчэй асталявацца ў роце, але без сувязі цяпер не мог абысціся ні адной хвіліны і спыніўся, чакаючы байцоў. У пачуццях была кароткая палёгка, што ўдалося адчапіцца ад правяраючых, якія па сутнасці нічым памагчы не маглі, толькі блыталіся пад нагамі і заміналі. Кожны з іх адчуваў сябе разумнейшым у яго справах, а галоўнае — пнуўся са сваім правам указваць і нават загадваць. Як жа — яны былі пасланы ў батальён зверху, з палка і дывізіі, і, значыцца, адчувалі сябе больш дальнабачнымі, чым усе, хто быў у батальёне. Нават і гэты дывізійны ветэрынар, якога гэтак ашаламіла яго негатоўнасць да атакі.
«Хай сядзяць сабе на КП, чакаюць Маркіна, — падумаў Валошын. — Утрох ім сумна не будзе».
Аднак ён памыліўся.
Толькі ён прыйшоў у роту Самохіна і загадаў Чарнаручанку паставіць тэлефон у траншэйцы, а Прыгунова паслаў у ланцуг па Самохіна, як ззаду трохі наводдаль ад роты пачуўся прыглушаны голас. Спярша здалося яму, што гэта хтосьці з байцоў, але затым данесліся характэрныя інтанацыі Гутмана, і ён узрадаваўся, падумаўшы, што Гутман, нарэшце, нясе доўгачаканыя звесткі аб разведцы вышыні «Малой».
Сапраўды, гэта быў Гутман, які хутка ішоў уніз да траншэі, але за ім, адстаючы, варушыўся хтосьці ў паўшубку, і камбат, прыгледзеўшыся да яго, пазнаў нядаўняга свайго правяральшчыка са штадыва.
— Таварыш камбат, вось прадстаўніка дывізіі прывёў,— бадзёра сказаў Гутман, быццам чакаючы пахвалы за сваю ініцыятыву.
Камбат у душы вылаяўся, згледзеўшы, як настырны маёр, сапучы, лезе ў вузкаватую для яго траншэйку.
— Хутка, аднак, вы ходзіце, камбат. Добра, што ваш ардынарац папаўся, — казаў ён як ні ў чым ні было.