Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0122-2
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
— Не, не светамаскіроўка. На нейтралцы засціглі разведчыкаў.
— Чыіх разведчыкаў?
— Маіх, вядома.
— Ну і што?
— Адзін паранены.
— Хоць не пакінулі яго там? Немцам, кажу, не пакінулі? — У голасе камандзіра палка прагучэла трывога.
— Не, не пакінулі. Вынеслі і ўжо адправілі ў тыл.
— Так, — Маёр памаўчаў.— Калі будзеце дакладваць аб гатоўнасці?
— Калі падрыхтуюся. Падраздзяленні яшчэ толькі пачынаюць сняданак.
— Давай, давай, шавяліся, Валошын! У цябе задача — нумар адзін. Найбольшай важнасці. Яе трэба выканаць у што б там ні было.
— Ясна, што трэба выканаць.
— Не, не ясна, а абавязкова. Разумееш? Кроў з носу, а вышыню ўзяць.
— А як падтрымка?
— Будзе, будзе падтрымка. Рота Злобіна будзе цалкам задзейнічана на вас.
— Гэта добра. Як прыдадзеная?
— Не. Будзе падтрымліваць. Са сваіх опэ.
Гэта была мінрота другога батальёна, у якой таксама не густа з мінамі, і ўся яна складалася з трох васьмідзесяцідвух-міліметровых мінамётаў. Але і то была радасць. Напэўна, адчуўшы задавальненне камбата, камандзір палка рашыў падмацаваць яго і паведаміў:
— I гэта — для кантролю і дапамогі табе паднімаю штаб. Хутка да цябе прыйдуць камандзіры…
Валошын крыва ўсміхнуўся і хмыкнуў у тэлефонную трубку:
— Во, то дапамога! Мне ствалы патрэбны. Артылерыя з боепрыпасамі.
— Будзе, будзе. Я тут увязваю. Усе неабходныя распараджэнні ўжо аддадзены.
— Да-а, — самотна ўздыхнуў Валошын. — Распараджэнняў, вядома, хопіць…
— Падкінем «семачак». Лукашык ужо адправіўся. Павёз, што там у яго наскраблося…
— Таварыш дзесяты! — ажыўлена перапыніў яго камандзір батальёна. — А ўсё ж як з атакай? Дазволілі б на паўгадзіны раней? Ці на паўгадзіны пазней?
— Не, будзеце выконваць, як прызначана. Артбатарэя адкрывае агонь роўна ў шэсць трыццаць.
Валошын паморшчыўся. Ён так і ведаў, што гэтая яго просьба застанецца марнай, але вось не стрымаўся. I дарма. Здаецца, гэта была апошняя іх размова ў спакоі, наступныя ў гарачцы бою ўжо будуць іншыя — на высокіх нотах, з нервамі і матам. Гунько з пачаткам бою адразу мяняўся, і тады ў чымсь упрасіць яго ці пераканаць было немагчыма. Пераконвала яго толькі начальства, з якім ён заўжды заставаўся надзіва абыходлівым і пакладзістым.
Пакуль камандзір батальёна размаўляў па тэлефоне, прынеслі сняданак — Валошын пачуў, як за яго плячыма ажывіўся заўжды апатычны Чарнаручанка, — з задавальненнем пачаў завіхацца каля кацялкоў і боханаў мерзлага хлеба. Камбат паклаў на апарат трубку.
— Вось, таварыш камбат, снедайце.
Тэлефаніст паставіў на скрынку плоскі алюмініевы кацялок, абліты крупнікам, на знятае вечка зважліва паклаў пайку хлеба. Прыгуноў на саломе развязваў рэчмяшок.
— Тут во доппаёк вам, таварыш капітан. Старшына перадаў. Што тут? А, во сала…
Ён асцярожна выцягнуў з рэчмяшка нешта загорнутае ў падраную газету, паклаў на скрынку.
— Вось, вам і лейтэнанту.
Валошын зразумеў: гэта быў доппаёк за сакавік — месячная камандзірская дабаўка да салдацкай франтавой нормы, заўжды нечаканая і нават дзіўнаватая сваёй нязвыклай далікатнасцю ў выглядзе рыбных кансерваў, масла, пячэння. Зрэшты, масла і пячэнне цяпер былі заменены салам, што, аднак, таксама няблага.
Пазіраючы, як разведчык старанна выцярушвае з рэч, мяшка рэшту пакрышанага пячэння, Валошын паспытаў абламаны кавалачак і з нядбайнай шчодрасцю пасунуў на край увесь пакамечаны, сыраваты кулёк.
— Частуйцеся, Чарнаручанка!
— Ды ну…
— Ешце, ешце. Пакуль Гутмана няма.
— Гэта вам, — сарамліва адмовіўся Чарнаручанка. — Мы во, — пашано…
— Гутман прыйдзе, прыбярэ, — сказаў Прыгуноў, і разам з Чарнаручанкам узяўся за свой кацялок з крупнікам. — I лейтэнанту тут. Усё разам.
«Не хочуць — хай прыбярэ Гутман», — падумаў камбат, ён жа есці гэта пячэнне проста саромеўся, гледзячы, як адсоўваліся ад яго байцы. Тым не менш, як і ўсе, ён таксама быў галодны і, адчуваючы, як катастрафічна хутка міналі хвіліны ціхага часу, думаў, што неўзабаве стане не да яды. Ён таропка высербаў свае паўкацялка ледзь цёплага пшоннага крупніку з хлебам і засунуў у палявую сумку складную алюмініевую лыжку.
У гэты час зазумерыў тэлефон.
— Пачынаецца!
Сапраўды, пачыналася. Званіў ПНШ-2, патрабаваў звесткі аб разведцы абедзвюх вышынь, і Валошын груба сказаў яму, што сам яшчэ не атрымаў гэтых звестак. 3 ПНШ ён адвёў душу, выказаўшы яму ўсё, што думаў пра арганізацыю ягонай службы ў часці. Капітан пакрыўдзіўся, яны паспрачаліся, але толькі ён паклаў трубку, як зазваніў начальнік артылерыі. Гэтаму трэба было ўвязаць некаторыя моманты артпадрыхтоўкі мінроты Злобіна з дзеяннямі яго батальёна. Начальніка артылерыі Валошын увогуле паважаў, гэта быў талковы кадравы капітан, з якім яны выдатна дамаўляліся на тактычных вучэннях пад Свярдлоўскам, але цяпер Валошын зрэзаў яго пытаннем: