Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
1 ... 186 187 188 189 190 191 192 193 194 ... 221
Перейти на страницу:

— Ясна, — сказаў камсорг і развітальна махнуў рукой. — Ну, хай будзе ўдача.

— Хай, — сказаў камбат і зрабіў крок да Іванова. — Паша, як батарэя?

— Батарэя гатова, — сказаў Іваноў, апускаючы ад вачэй бінокль, праз які ён разглядаў вышыню. — Вось толькі яшчэ не відаць ні д’ябла.

Ён ужо ўладкаваўся на броўцы бруствера, пасадзіў каля ног тэлефаніста, маладзенькага жвавага хлопца ў зялёным шынялі. 3-за палы паўшубка ў капітана тырчэў краёчак блакнота і кніжка табліцы стральбы з закладзеным у ёй алоўкам. Ніякіх артпрыбораў у Іванова пры сабе не было, як заўжды, прыстрэлку ён рабіў на вока, абыходзячыся старэнькім падрапаным біноклем.

— Ага, яшчэ цемнавата, — зірнуўшы на вышыню ў бінокль, пацвердзіў Валошын.

— Яшчэ хвілін дваццаць трэба. Пакуль развіднее. Паблізу відаць, а далячынь уся ў прыцемку. Куды ж страляць? Разрыву не ўбачыш.

— Значыцца, трэба пачакаць, — сказаў лейтэнант Самохін, запіхваючы ў кішэні гранаты. Затым ён закінуў за плячо ППШ і сказаў камбату: — Ну, я — у ланцуг.

— Значыць, бягом, — напомніў на развітанне Валошын. — Дзве перабежкі — і каб на вышыні. Толькі так, не інакш.

— Пастараемся, таварыш капітан, — сказаў лейтэнант і лёгка выскачыў з траншэі.

Унізе зноў зазумерыў тэлефон, і засяроджаны твар Чарнаручанкі зышоўся на ўвазе. Заклапочаным позіркам тэлефаніст пашукаў камбата: «Вас».

Камбат узяў трубку і, ужо ведаючы, якое пачуе пытанне, сказаў бадай што са злосцю:

— Яшчэ не гатовы. Як буду гатовы, далажу!

— Вы зацягваеце час, вы зрываеце тэрмін атакі! — раздражнена загаварыў камандзір палка. — Што за безабразіе, капітан?!

— Што — тэрмін! Мне нічога не відаць! Артылерысты яшчэ не бачаць вышыню.

— Вочы ім працерці, тваім артылерыстам! — загрымела ў трубцы. — Ужо зусім развіднела, відней не будзе!

— Таварыш дзесяты, трэба пачакаць яшчэ хоць дзесяць хвілін, — спакойна сказаў камбат. — Навошта ж паліць у белы свет, як у капейку. Снарады яшчэ спатрэбяцца.

— Вы проста не гатовы. Вы толькі спіхваеце на артылерыстаў! Вы не арганізавалі атаку! — злосна крычаў камандзір палка, і Валошын адчуў, з якім бы задавальненнем ён таксама перайшоў на крык. Але ён з усяе сілы імкнуўся захаваць спакой і не згубіць вытрымкі, якая сёння яшчэ вельмі яму спатрэбіцца.

— Таварыш дзесяты, сапраўды я не гатовы. Як буду гатоў, далажу.

Ён апусціў клапан і перадаў Чарнаручанку трубку, тут жа спаткаўшы ўстрывожаны позірк маёра.

— Гэта хто? Гэта са штаба дывізіі?

— Гэта са штаба палка, — сказаў Валошын. Маёр, памаўчаўшы, дастаў свой тоўсты старасвецкі гадзіннік на срэбным бліскучым ланцужку.

— Засталося чатыры хвіліны, — сказаў ён трошкі дрыготкім ад хвалявання голасам.

— Трэба пачакаць, — сказаў, азірнуўшыся ад бінокля, Іваноў.— Яшчэ зусім кепска відаць!

Камбат адкінуўся да задняе сценкі траншэі, ён думаў. Вядома, пачынаць артпадрыхтоўку, якая б яна ні была, калі яшчэ не відно вяршыні вышыні, было бязглуздзіцай, але ён ведаў таксама, што любая затрымка з атакай дарма яму не абыдзецца. Ужо Гунько спагоніць з яго як мае быць, адвядзе душу за ўсе апошнія няўдачы палка, асабліва калі да іх дабавіцца яшчэ і няўдача ягонага батальёна. Гэта ўжо пэўна. Тым не менш ён рашыў з цвёрдасцю:

— Пачакаем!

Побач у нямым здзіўленні знерухомеў маёр.

— Як? Вы адкладваеце атаку?

— Адкладваю. На пятнаццаць хвілін.

— Я пратэстую. Вы парушаеце загад. Я буду дакладваць.

— Можаце дакладваць, — спакойна сказаў камбат. — Вы бачыце — цёмна. Куды ж страляць? Камандзір батарэі не бачыць цэляў.

Маёр разгублена глядзеў на яго.

— Але ж загадана ў шэсць трыццаць.

— Загад аддаваўся ноччу, калі было зусім цёмна. Але ж вось не развіднела па загаду.

Ветэрынар збянтэжана змоўк, пярэчыць яму не было чым, але і ігнараваць перанос тэрміну атакі ён таксама не мог і разгублена пазіраў на далонь з пакладзеным на яе гадзіннікам.

Валошын таксама выняў гадзіннік — доўгая стрэлка няўхільна набліжалася да шасцёркі, затым неўпрыкмет перапаўзла яе, і ўнізе зноў зазумерыў тэлефон.

— Скажы, што камбат пайшоў у роты, — сказаў Валошын, і Чарнаручанка, блытаючыся і заікаючыся, пачаў тлумачыць у трубку адсутнасць камандзіра батальёна.

— Так будзе лепш. Ну як бачнасць, Паша? — запытаў ён Іванова.

— Яшчэ б дзесятак хвілін. Ледзьве прыкметна стала траншэя.

Валошын узняў бінокль.

— Бачыш канец траншэі, самы яе ніжні адростак-вус? Там бліндаж або, можа, дзот, з кулямётам.

— Ага, бачу. Учора мае засеклі.

— Далей на павароце траншэі яшчэ кулямёт, ноччу засек сам. Гэты самы небяспечны. На два схілы працуе.

1 ... 186 187 188 189 190 191 192 193 194 ... 221
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)