Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0122-2
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
14
Па меры таго як бліжэла хвіліна атакі, усё шпарчэй бег час, і Валошын баяўся, што не паспее, запарыцца з паспешлівай сваёй падрыхтоўкай, запарацца камандзіры рот, не паспеюць байцы. Але роты ў свой час атрымалі сняданак, разабралі падвезеныя ім боепрыпасы і цяпер з трывожнай напружанасцю бавілі рэшту гэтай пакутлівай перад атакай гадзіны. Нагорны таксама, здаецца, паспеў. Мінула хвілін дваццаць, як ягоны ўзвод (зрэшты, хутчэй аддзяленне — чатырнаццаць чалавек), ціхенька споўзшы з узмежка, знік у перадранішняй цемры кустоўя, і ўсё там, за балотам, пакуль было ціха. Але што б ні рабіў камбат, чым бы ні займаўся ў сваёй прыбліндажнай траншэйцы, усёй сваёй абвостранай увагай ён быў там, за балотам. Ён вельмі баяўся, што немцы да часу заўважаць байцоў Нагорнага і сарвуць увесь яго план, які ён пакуль што ўтаіў ад камандзіра палка і стараўся ўтаіць ад гэтага датошнага прадстаўніка штаба дывізіі, што лез да яго з пытаннямі, нашто і куды ён пасылае байцоў. Але ішоў час, а перадсвітальная ціша над балотам нічым не парушалася, даючы камбату слабенькі спадзяванак на ўдачу.
Між тым разведчыкі Кізевіча ўсё не вярталіся, і гэта цяжкім каменем ляжала на свядомасці Валошына. Да апошняй хвіліны спадзеючыся на іх паяўленне, ён бавіў час у траншэйцы і не аддаваў загаду. Побач чакалі выкліканыя для таго камандзіры падраздзяленняў, з ракетніцай напагатове ляжаў на тыльным брустверы Гутман, а ён усё марудзіў, услухоўваўся і з усё большаю нецярплівасцю пазіраў у бок дзевятай — ці не ідзе Кізевіч? Але Кізевіч, напэўна, таксама чакаў да апошняй хвіліны, і камсорг Круглоў, які прыткнуўся ззаду на брустверы, зразумеўшы неспакой камбата, сказаў напаўголаса:
— Да, улопаліся, напэўна, вашы разведчыкі.
Напэўна, улопаліся, падумаў камбат, але дзе? Калі там, на пагорку, свае, дык дзе ж яны маглі ўлопацца? Значыць, не свае, мабыць…
Аднак марудзіць далей стала немагчыма, да пачатку артпадрыхтоўкі засталося трыццаць хвілін, неба ўжо болей віднела, ужо добра стаў бачны хмызняк у балоце, і камбат спахапіўся:
— Гутман, бяжыце па камандзіра дзевятай.
Ардынарац сарваўся з бруствера і жвава пабег краем балотца. У траншэі прымоўклі, адчуўшы набліжэнне самага важнага, для чаго сабраліся тут — аддачы баявога загаду, пасля чаго ранак ужо будзе належаць не ім. Пачнецца бой, цяжкі і доўгі, можа быць, на ўвесь дзень да вечара, і для некага з іх гэты дзень, напэўна, стане апошнім у ягоным жыцці. Але кожны з тых, хто стаяў цяпер у траншэі, пераборваў у сабе гэта дрыготкае адчуванне, маскіруючы яго то паспешнай закуркай, кароценькім жартам, пустой, неабавязковай тут рэплікай. Яны былі не навічкі на вайне і ўмелі валодаць сабой нават у такім самотна-гнятлівым чаканні, як гэтыя апошнія перад атакай хвіліны.
Камбат абвёў вачмі прысутных і, не ўбачыўшы камандзіра батарэі, запытаў:
— А дзе капітан Іваноў?
— А вунь бяжыць быццам, — сказаў, азірнуўшыся, Круглоў.
Сапраўды, з пагорка, прыгнуўшыся, спазнела прыбег камандзір батарэі і, шорхаючы палаткай, упаў бокам на бруствер. Два тэлефаністы з цяжкай, толькі што распачатай катушкай цягнулі за ім тэлефонную сувязь.
— Сюды, сюды давайце! — сцішана гукнуў ім капітан і вінавата сказаў прысутным: — Затрымаўся, прашу прабачыць. 3 боепрыпасамі марока. Толькі што прывезлі.
Стоячы на паўабарота, Валошын стрымана кіўнуў галавой. Позірк камбата слізгануў па маўклівай постаці лейтэнанта Муратава і спыніўся на ягоным суседзе Самохіне, які, прыпякаючы пальцы, нервова дакурваў «бычок». Камбат хацеў пра нешта запытаць у лейтэнанта, але па другі бок траншэйкі заварушыўся са сваім пакамечаным блакнотам усё той жа ветэрынар з дывізіі.
— Таварыш камандзір батальёна, прашу адказаць яшчэ на адно пытанне. Як забяспечваецца ў вас падвоз боепрыпасаў?
— Усё, што далі, ужо прывезлі,— сказаў Валошын. — Больш не чакаецца.
— Як гэта?
— Проста. Болей сёння не дадуць. Выдалі ўсё, што было.
— Ах, што было, — зразумеў маёр.
— Таварыш маёр, — сказаў камбат. — Я б вам параіў, пакуль не развіднела, адправіцца на мой КП. А то, як пачнецца, адсюль не выберацеся.
Ветэрынар пакрыўджана ўскінуў крануты шчаціннем, трошкі азызлы за бяссонную ноч твар.
— А я і не маю намеру выбірацца, таварыш камбат. Я прысланы камандзірам дывізіі знаходзіцца тут, пакуль не будзе ўзята вышыня. Я абавязаны ажыццяўляць кантроль за выкананнем яго загаду.
— Ну як сабе хочаце, — спакойна сказаў камбат, адразу губляючы да маёра цікавасць — у яго была процьма спраў болей важных.
Ён чакаў Кізевіча з Гутманам, але спярша прыбег адзін Гутман, які кінуў камбату: «Няма разведчыкаў», пасля з прыцемак паказаўся камандзір дзевятай. Яго змрочны выгляд красамоўна пацвердзіў невясёлае паведамленне ардынарца, і камбат расчаравана адвярнуўся. Чакаць далей не было магчымасці.