Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
Зноў нiхто яму не спаткаўся. У шэрых прыцемках раньняга вечару ён укiнуў у ваду свой цяжкаваты мех, а разам i тачку. Хай прападае… На лецiшча ўжо не пайшоў — пайшоў напрасткi да электрычкi i паехаў у горад.
У кватэры было цiха i спакойна, але на душы — дужа кепска. Усё ж, мусiць, нячаста здараецца, каб труп ажывеў i прыйшоў на месца забойства. Iншая справа — забойца, якога, кажуць, заўсягды цягне на тое самае мейсца. Цi ён меў справу зь незвычайным чалавекам? Зь якiм ваўкалакам, чарадзеем, цмокам?
Гэтае начы сны ў забойцы былi цяжкiя, трывожныя. Ён ня мог выбрацца зь нейкага балота i да ранку цялёпаўся ў соннае багне. Задоўга да сьвiтаньня, з палёгкай прачнуўся, сьцямiўшы, што усё тое — сон. Але i ява ня стала лягчэйшаю. Труп яго прыгнятаў, трывожыў, маркоцiў i пагражаў. Трохi супакойвала возера, глыбокая вада. Зранку браўся марозiк, трава на падворку ляжала ў шэранi. Возера, пэўна, замерзла. Ужо з-пад лёду наўрад цi магчыма выбрацца. Нават жывы, а ня толькi зь дзiркай у патылiцы, сумна цешыў сябе забойца.
Два днi ён ня езьдзiў на лецiшча, ня мог нават думаць пра яго. Увечары спрабаваў уключыць тэлевiзар, але хутка выключыў. Паказвалi вайну ў Чачэнii i там гэткiя самыя трупы. Шмат трупаў. Мабыць, як i кожны забойца, трупаў ён проста ня мог бачыць. Ды ўсё бачылася, як ён ляжыць там пад вадой у мутнай вадзе, а побач плаваюць рыбкi… На трэцi дзень не стрываў, паехаў да возера.
Возера зь берагоў узялося маладым лядком, праз якi нiчога не было бачна. Бераг скрозь быў пусты. I тое крыху супакоiла забойцу. Што ж, думаў ён, мабыць, справа ўрэшце зроблена. Можна было i расслабiцца.
I праўда, трохi супакоены ён заехаў на лецiшча, зазiрнуў у пакой — ля стала нiкога не было. Пуста было i на кухнi. Яшчэ болей супакоены, амаль узрадаваны вярнуўся ў горад. Той вечар упершыню за колькi дзён добра павячэраў i нават кульнуў чарачку каньяку. Мабыць, ён неяк выкручваўся з свае нечаканай нявыкруткi. Забiў — i канцы ў ваду, як сьведчыць прымаўка. Усё ж трапная яна — народная мудрасьць.
Уначы яму нiчога ня сьнiлася, значыць, спаў добра. А назаўтра вырашыў, што трэба зьездзiць у замежжа, трохi праветрыцца на дэмакратычным ветры. А то надта ўжо сьмярдзела ў гэтай краiне таталiтарызмам. Баксаў у яго трохi назьбiралася — намяняў з часу дэфолту. Зноў жа за гэтыя днi ён дужа натузаўся з свайго клопату, i цяпер з задавальненьнем займаўся iншым: набываў бiлет, доўга стаяў у чарзе ў кансулаце, запаўняў анкеты. Нават адчуў прыемнасьць, што сярод мноства пытаньняў у выязной анкеце не было пытаньня пра забойства, а то б давялося адмовiцца ад паездкi. А так усё — а-кей! Ужо ў прыцемку амаль шчасьлiвы i супакоены прыцягнуўся дадому, падняўся на свой шосты паверх. I аслупянеў. Ногi яго падамлелi, i ён, каб ня ўпасьцi, ухапiўся за сьцяну. Пад абабiтымi дэрманцiнам дзьвярыма стаяў знаёмы, завязаны белым дротам мех.
Сьпярша забойца хацеў уцячы, але куды ўцячэш ад уласнай кватэры? Зноў жа, можа, мех ужо бачылi суседзi? Якраз у той час з суседняй кватэры выглянуў стары пэнсiянэр, i забойца папытаўся: хто прынёс той мех? Ды пэнсiянэр ня бачыў нiчога. Але сказаў, што калi стаiць пад ягонымi дзьвярыма, дык, мабыць жа, належыць яму, так зразумеў пэнсiянэр. Што ж, зразумеў правiльна, падумаў забойца. Каб ты прапаў са сваёй кемлiвасьцю…
Што было рабiць, апроч як уцягнуць мех у кватэру. Там ён нават не спрабаваў яго разьвязаць — ён ужо ўяўляў, што там можна было ўбачыць. Пасьля забойства мiнула дзён дзесяць часу. Праўда, у возеры, мабыць, як у лядоўнi, але ж… Добра, што яшчэ не сьмярдзела.
Ледзьве дачакаўшыся наступнага дня, ён выскачыў з кватэры, як сьлед нават не сабраўшыся ў дарогу (забыўся ўзяць брытву, зубную шчотку). Паехаў на вакзал. Ён ужо наважыўся не вяртацца ў гэты горад i нават у гэтую краiну — прасiць палiтычнага прытулку на Захадзе. Бо ўрэшце ж, мусiць, ягоны труп знойдуць, што тады будзе? Пракурорская справа, следчыя па асаблiва важных злачынствах, патрабаваньне экстрадыцыi… Жах, што яго можа чакаць наперадзе. Але iншага паратунку цяпер ён ня бачыў.
Абы толькi выбавiцца з краiны.
У вагоне з новымi трохпавярховымi купэ было даволi свабодна — бо не сезон ды i накiрунак гэты ня дужа папулярны для паездак з усходу. Забойца як заняў сваё мейсца, так i сядзеў пры столiку, пакуль не заламiла ў паясьнiцы. Але во мяжа — i пачалося: то дэклярацыi, то пашпарты. У купэ прыйшоў пажылы мытнiк: цi ўся валюта ўказаная ў дэклярацыi? Уся, сказаў забойца, падумаўшы, так я вам i скажу праўду. За iм расчынiў дзьверы задзiрысты малады прапаршчык: прашу пашпарт i выйдзiце ў калiдор. Ён выйшаў, стаў ля вакна, i тут жа з купэ прагучала пытаньне: чый труп? — Якi труп? — Хто яшчэ з вамi едзе? — Нiхто быццам. — Значыць, труп ваш? — Не, ня мой, — схлусiў белы, бы палатнiна забойца.