Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
— Ну што ты плакала? Ну чаго?
— Яна сабакі спужалася. Што ў дзядзькі Панкрата, — сказала Волька.
— Спушчанага?
— Ну. Спушчаны быў.
— Вот жа чалавек, — сказала Хадоска. — Сам недзе туляецца, а сабаку спускае, каб малых травіць.
Ды малая ўжо ўсьміхалася ў матчыных руках, гатовая адразу забыцца на свае нядаўнія страхі. Ды й злосная ўвогуле Хадоска падабрэла з абсіверанага вастраносага твару, заўсьміхалася Вольцы, якая прыхільна падалася да яе. Тады старэйшая з сясьцёр Барашкавых адышлася ад ганка.
— Хадзі са мной. Нешта дам…
Волька, бы і чакала таго, адразу патэпала за чорненькай жвавай жанчынкай, якая павяла яе ў хату. Ганка напружана чакала, адчуваючы, як на яе руках у напружаным чаканьні замерла і малая. I праўда, неўзабаве абедзьве яны выйшлі з дзьвярэй — Волька наперадзе, а Барашкава ззаду. У абедзьвюх ручках Волька зважліва, з асьцярогай несла два чырвоныя яечкі; тварык яе зьзяў урачыстаю радасьцю. Падышоўшы да маці, адну ручку працягнула сястрыцы.
— На табе — Хрыстос уваскрос…
— Ай, малайчына! — сказала Хадоска. — Малая, а ведае, як трэба. Ну, што трэба сказаць? Што? — ласкава пыталася яна ў меншай.
Сьціснуўшы ў ручцы яечка, меншая маўчала, ня ведаючы яшчэ, як трэба адказаць.
— Дзякуй скажы, — падказала маці.
Не, усё ж яна не такая няшчасная — у яе ёсьць дзеці, яе адзіны набытак у жыцьці, адзінае шчасьце. Ужо гэтым шчасьцем яна не паступіцца, бо яе дзяўчынкі і ёсьць яна сама з яе лёсам. Не такім і горкім, калі падумаць. Калі побач заўсёды будуць дзяўчаткі.
Чалавек можа трывожыцца, можа жыць у лагодзе, а бяда пільнуе яго заўжды. Бяда ніколі ня сьпіць, часам дрэмле толькі, выбірае момант, каб уджаліць моцна і ў самае балючае месца. Аб якім і ня думае чалавек.
Ганка, можа, першы раз за тое сьвяточнае раньне расслабілася, вольна ўздыхнула, ужо гатовая паверыць, што яна амаль шчасьлівая, як у двор уляцеў задыханы Выпаўзак. Наган свой ён ужо схаваў, і той, відаць было, важка целяпаўся ў адтапыранай кішэні апоўзлага на боты галіфэ. Згледзеўшы, што бабы стаяць бяз працы, парторг адразу перасмыкнуў тварам, ягоная капыл-сківіца адвалілася для чарговага мату.
— Маць вашу — стаіце?
— Дык вазоў няма, — сказала Хадоска. — Мы што — у падолах панясём?
— Панесяце ў падолах! — зароў калгасны парторг. — Калі трэба будзе. А гэта — што? — раптам згледзеў ён у дзяўчынак нечаканыя падарункі. — Сьвяткаваць! Вазоў няма, а яйкі знайшліся? Каб падкупіць? Савецкую ўласьць не падкупіш! Дай сгоды! — крыкнуў ён да Волькі, і тая спалохана працягнула яму сваё чырвонае яечка. Схапіўшы яго, Выпаўзак з усяе сілы выцяў ім аб растрэсканую сьцяну хлеўчука. Затым бяз словаў вырваў яйка і ў меншай — таксама шпурлянуў аб сьцяну. Малое адразу залілося горкім, несуцешным плачам.
— Зьвер! — пруцянеючы, крыкнула Ганка. — Зьвер!
I пакуль ён намогся што сказаць жонцы ці, можа, вылаяцца, тая ўхапіла вілы і, не адчуваючы сябе, што было сілы ўдарыла Выпаўзка ў грудзі. Брудныя ад гною вілы надзіва лёгка ўтыркнуліся ў яго хударлявае цела, і парторг, адразу абвяўшы, моўчкі апоўз долу.
— Ой, ой, бабы! Яна ж забіла яго. Ой, божачка, што ж нам рабіць?.. — закрычала нейкая з баб, ды Ганка ня слухала яе. Падхапіўшы малодшую, яна ўзяла за руку старэйшую і пайшла прэч з падворку.
16-я брыгада 142-га лагпункту сістэмы Галоўпячорлага вярталася з тайгі ў лагер. Пастроеныя ў калону па тры жанчыны ледзьве брылі па ня надта ўтаптанай, добра прысыпанай сьнегам дарозе. Над бязьмежнай сьнегавой прасторай, ахінутай шэрым сутоньнем, вісела сьветлая палярная ноч. За кароткі дзень брыгада ня ўправілася з заданьнем на лесапавале, таму начальства дало каманду прыхапіць частку ночы. Зэчкі выматаліся як мае быць. Нават канваіры, што дзьвюма групамі ішлі наперадзе і ззаду калоны, ня надта пакрыквалі — зьнемагліся ад крыку за дзень. Жанчыны брылі, бы прывідныя цені — моўчкі, бяз сіл, ішлі, каб толькі не спыніцца, ня ўпасьці. На што іншае сілы ў іх ужо не было. Канваіры ведалі тое і не дапякалі строгасьцю.
Шляху да баракаў заставалася няшмат, ужо самае цяжкое — і праца, і сьнег, і сьцюжа — на сёньня засталіся ззаду, наперадзе іх чакалі запаветныя пайкі і — сон. На падыходзе да лагера ўсе міжволі ажылі, канваіры звыкла прыкрыкнулі:
— Падцягніся! Не адставаць…
I тады аднекуль з задніх радоў выбрыла на абочыну перахлябістая жаночая постаць, збочыла з дарогі на сьнегавы прасьцяг. Капваір, што ішоў ззаду і назіраў за тым бокам калоны, амаль спалохана крыкнуў: «Стой, страляць буду!» і клацнуў затворам доўгай, са штыхом вінтоўкі. Ды зэчка бы ня чула яго. Правальваючыся па калена ў цаліку, яна кудысьці брыла і брыла, бы сонная, усё далей ад дарогі. Канваір таропка прыклаўся да вінтоўкі і стрэліў.