Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
1 ... 177 178 179 180 181 182 183 184 185 ... 221
Перейти на страницу:

I Круглоў мае рацыю, ідучы да іх не з лекцыяй аб становішчы на франтах і не з тлумачэннем чарговага загаду Вярхоўнага, а з просценькім, сардэчным і наіўным пісьмом самотных у абезмужчынеўшым тыле дзяўчат. Мабыць, сапраўды, такое пісьмо болей і глыбей кране ачарсцвелыя душы тых, каму адрасавана, і напэўна больш дабрадзейна паўплывае на іх свядомасць, чым казённыя словы вайсковага загаду, які ставіць даўно знаёмыя задачы. Калі б гэтыя задачы было так проста выканаць, як іх паставіць… А вось пісьмо, гэты ціхі голас дзяўчачай лагоды, які за тысячы вёрст прыляцеў у прамерзлы франтавы змрок, — што можа быць святлей і бліжай для згаладнелага, намерзлага, спакутаванага ў доўгім расстанні з блізкімі чалавека на фронце?

Але камбат не хацеў чытаць гэтыя, можа, самыя лепшыя з усіх, калі-небудзь напісаных ад імя і па даручэнню радкі. Ён аддаваў перавагу радкам, якія не пакажаш другому, не прачытаеш на сходзе.

Ён іх чытаў у рэдкія хвіліны спакою, адзін на адзін з сабой.

«Дарагі мой Валошык, мой срэбны праменьчык закатнага сонейка, які так коратка і светла бліснуў у маім жыцці, дзе ты?

Дзе ты, зямная і нябесная мая радасць, мой рослы дубок, зялёная траўка палянкі, мёдам прапахлы лужок, цёплая жывая хваля, гулліва забегшая на мае далоні?

Адгукніся ж, скажы хоць слова — кажу я з пяшчотай, а сэрца маё трапеча ў разгубленасці ўсё з тым жа анямелым пытаннем — дзе ты?

Дзе ты, Валошык, у той час, калі я заміраю ў журбе і роспачы; дзе ты, калі на сэрцы ў мяне трошкі святлее; дзе, калі мне зусім не хочацца жыць і калі жыццё раптам зробіцца такім слаўным?

Дзе ты?

Ці, можа, ты назаўжды выкінуў з сэрца тую, каторая з такой самаадданай радасцю кінула сябе да тваіх моцных ног, каторая аднойчы і на ўсё жыццё пакахала цябе болей за сваю родную маці, каторая не можа жыць без цябе, — твайго непаўторнага ў свеце позірку, ціхага ласкавага слова, дотыку тваёй вялікай, цёплай і надзіва пяшчотнай далоні…

Ці, можа, ты спаткаў на вайне другую, нечакана асляпіўшую цябе зіхоткай сваёй прыгажосцю, чароўнай няўяўнасцю свайго кахання. Тую золатавалосую незямную Прынцэсу, перад якой я — няшчасная, адрынутая табой Золушка.

Ці ты не чуеш і ніколі не пачуеш мяне, бо даўно ўжо ляжыш у сырой анямелай магіле з варожаю куляй у тваіх шырокіх грудзях, да якіх так любіла прыпасці галавой і я.

Валошык мой, дзе ты?

Я хачу быць з табой, нават калі ты назаўжды выкінуў мяне з твайго вялікага і гулкага сэрца, усё роўна я буду нячутна, бы цень, хадзіць за табой. I калі ты са сваёй залатавалосай Прынцэсай, я буду чакаць цябе, і ты вернешся. А калі ты даўно супакоіўся ад усяго ў глыбокай брацкай магіле, то і я хачу ляжаць побач. Вазьмі мяне хоць у магілу да сябе, я не магу без цябе.

Толькі не маўчы, адгукніся. Мінула бясконцых пяць месяцаў нясцерпнага твайго маўчання. Я кожны дзень выходжу на наш ляшчынавы ўзлесачак і крычу, крычу — сонцу, аблокам, пахаладзеламу восеньскаму небу, крычу на ўсход і на захад:

— Валошык, дзе ты?»

Недарэчны, страшны і дзікі франтавы лёс!

Ён перажыў трохмесячнае акружэнне, тыф, дзесяткі разгромных баёў, цяжкое раненне ў грудзі і ўсё ж выкараскаўся з учэпістых лапаў смерці. Але калі ён атрымаў гэта пісьмо, яе ў жывых ужо не было.

Яна была забіта адзінай кулямётнай чаргой з выпадкова пралятаўшага «юнкерса» на залітай сонечным святлом паляначцы медсанбата, куды вынесла развесіць памытыя свае апраткі…

12

Мабыць, ён задрамаў, прыгрэўшыся ў сваім кутку, і раптам прахапіўся ад спалоху з ясным усведамленнем таго, што здарылася ліха. Пакінуты на скрынцы гадзіннік паказваў чвэрць пятай, ён сунуў яго ў кішэню і выскачыў з зямлянкі, збянтэжаны тым, што адбывалася знадворку.

Яшчэ было цёмна, але начная ціша знікла без рэшты, узарваная гулам і абвальным агняным трэскатам; па ўсім паднябессі, ззяючы, навыперадкі несліся адна цераз другую дзесяткі агняных трас, над вышынёй раз за разам узляталі ўгору ракеты, дрыготкім сіняватым святлом заліваючы схіл ля балота. Там жа, чутна было, грымнула некалькі гранатных выбухаў, і над балотам, батальённым ланцугом і ўзгоркам густа несліся, імкліва рассыпаючыся ў мільготкім цемрыве неба, агняныя паскі трас.

1 ... 177 178 179 180 181 182 183 184 185 ... 221
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)