Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0122-2
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
Хутка падавіўшы ў сабе сонны спалох, камбат зразумеў, што, нягледзячы на грукат і густое мільгаценне вакол, бой ішоў у немцаў, яго роты маўчалі. Хутчэй за ўсё, як ён таго і баяўся, гэта за балотам трапілі ў бяду разведчыкі.
Ён кінуў Маркіну, які спалохана выскачыў следам: «Дакладвай у полк», а сам гукнуў Гутмана і пусціўся па траншэі ў поле.
Спатыкаючыся на глыжах і ямінах, ён бег у дрыготка-падсветленай цемры насустрач гэтаму грому ўніз, да ланцуга сёмай роты і думаў, што цяпер прыйдзецца выручаць разведчыкаў, калі толькі яшчэ можна іх выручыць. Калі абодва яны не распласталіся на схіле. Вядома, пры гэтым зноў не мінуць непрыемнай размовы з Гунько, але што рабіць? Яму не прывыкаць да гэтых размоў.
Гутман, таропка зашпільваючы паўшубак, моўчкі бег следам, заклапочана пазіраючы на вышыню, аднойчы ўпаў, вылаяўся і, прыгнуўшыся, дагнаў камбата.
— Ашалелі яны там, ці што?
Валошын не адказаў. Ён таксама не адрываў позірку ад вышыні, яе залітага мільготкім святлом схілу, на якім, аднак, адсюль нічога не было відаць, і ён думаў, што, мабыць, разведчыкі ўліплі як трэба, напэўна, ім ужо не паможаш. Трошкі прыцішыўшы свой бег, ён вопытным позіркам пачаў прыкмячаць усе выбліскі кулямётных трас, якія ён умеў вылучаць сярод мноства іншых аўтаматных стрэлаў і з паныласцю разумеў, што іх многа. Столькі ён не чакаў. Ён налічыў іх не менш шасці, хаця, вядома, гэта была толькі частка старанна арганізаванай сістэмы кулямётнага агню, усёй цяпер яны не раскрыюць.
Сёмая была ўжо на нагах, ніхто не спаў, байцы, вытыркаючыся з цёмных акопчыкаў, трывожна глядзелі на ашалелую ад агню вышыню, чакалі, што будзе далей. Ён прыняў убок, прыгінаючыся, дабег да знаёмай прыбліндажнай траншэйкі, у якой стаяла некалькі чалавек і чуўся нервовы голас Самохіна:
— Не лезь, не лезь, не высоўвайся! Жыць надаела?
Валошын саскочыў у траншэю, нехта пасунуўся, даючы месца камбату, следам улез Гутман, і Самохін паведаміў заклапочана:
— Бачыце, што робіцца? Пэўна, Нагорны…
— Яшчэ не вярнуўся?
— Ды не.
— Зараз жа дзесяць чалавек цераз балота на выручку. Зараз жа!
— Ёсць! — кінуў камандзір роты. — Гамзюк! Гамзюк, бяры першы ўзвод і — уніз!
Падсветлены ракетнымі водбліскамі, Гамзюк выскачыў з траншэйкі, прыгнуўшыся, пабег уздоўж ланцуга, і блізкая агняная чарга ледзьве не збіла яму галаву — тоўстай зіхатлівай вяроўкай пранеслася над байцом. Калі яна згасла, стала відаць, як некалькі чалавек нерашуча выбраліся з сваіх акопчыкаў і ўпалі ў цемры, напэўна, не адважваючыся бегчы кудысь без каманды.
Яны марудзілі, пара кулямётаў з вышыні слепа страчыла па кустоўі ў балоце, трасірныя светлякі рыкашэтаў з шаршнёвым гудам разляталіся ў бакі. Нарэшце Гамзюк сабраў усіх і толькі памкнуўся бегчы ў балота, як у траншэйцы нехта сказаў:
— А во гляньце! То не Нагорны?
Усе павярнулі галовы ў той бок, куды паказваў баец, сапраўды, у змроку кустоўя быў прыкметны нейкі няпэўны рух. Мабыць, гэта заўважылі ўжо і байцы Гамзюка, хтось там, прыгнуўшыся, пабег у той бок. Праз хвіліну некалькі байцоў павярнулі назад, на ўзмежак, адна цесненькая групка іх скіравала да траншэйкі ротнага.
— Што такое, Гамзюк? — не стрываўшы, здаля гукнуў да байцоў Самохін.
— Ды во раніла.
— Каго раніла?
Яны падышлі да бруствера і асцярожна паклалі ў доле нерухомае цела, хтось узяўся расшпільваць на ім шынелак, а на бруствер, пазнаўшы камандзіра, цяжка апусціўся Нагорны.
— Нагорны? Што здарылася? — трывожна запытаўся Самохін.
— Зараз, зараз, таварыш лейтэнант…
Толькі цяпер усе заўважылі, што Нагорны зусім выбіўся з сілы, ледзьве дыхаючы, ён расхінуў шынелак, скінуў на зямлю шапку і доўга яшчэ не мог вымавіць слова.
— Зараз… Значыць, так… Ранілі во яго… Дразда.
— Дзе ранілі? — запытаў камбат.
— Там, ля траншэі. Мы дапаўзлі… А як пабеглі… Спярша паўзлі, а там гэта… Спіраль!
— Якая спіраль? — здзівіўся камандзір роты.
— Ну гэта… Бруно.
— Ніякай спіралі там не было. Учора я ўвесь дзень глядзеў.
— Учора не было. Нацягнулі… Ну мы і ўперліся. Ні туды ні сюды. Я ўзяў, пацяг…
— Нашто? Нашто ты цягнуў, галава і два вухі! — узлаваўся лейтэнант.
— Дык, а Дразда як жа? Яго ж там раніла, — кіўнуў ён на байца, які супакоена ляжаў на зямлі, і камбат паморшчыўся ў цемры, калі ўбачыў, што там ужо поркаецца маленькая фігурка Веры. — Туды, як паўзлі, не было, пасля нацягнулі…
— А, яны вас там загарадзілі? Во сволачы! — вылаяўся камандзір роты.
— Ну. Я ж кажу…
Камбат не спыняў і не перапытваў, ён чакаў, даючы Нагорнаму паведаміць пра ўсё, што там здарылася. Факт з’яўлення спіралі Бруно не аблягчаў становішча, хутчэй наадварот. Але важней усё ж было даведацца аб мінах.