Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Век дваццаты, пад сонцам якога добра родзіць пустазеллем ніва, шчасліва ўжываецца з векам дзевятнаццатым, мінулым ужо, і будучым дваццаць першым, сонца якога з аднаго боку зайшло, а з другога яшчэ не ўзышло. Так незразумела, у якім вымярэнні, у які час праходзіў суботнік у вёсцы. Гаворка аб ім пачалася яшчэ восенню ў бездараж, калі калгасны, прыстасаваны, каб вазіць у школу дзяцей, грузавік паламаўся каторы ўжо раз, не пераадолеўшы Курскай дугі. Перад той дугой вадзіцель так раскачагарыў яго, што грузавік паспрабаваў нават узляцець, пачаў ужо набіраць вышыню і праляцеў метры тры, але вымушаны быў прызямліцца. Прызямленне прайшло не вельмі ўдала. Нябойса, які надарыўся ў тым грузавіку, ехаў са школьнікамі ці то ўжо на работу ў горад, ці то яшчэ толькі на вучобу ў ГПТВ, таксама ўзляцеў, але ў сярэдзіне машыны, у будцы. Палёту яго перашкодзіла столь будкі, ён, праўда, прабіў столь, вытыркнуўся галавой з ачумелымі вачыма пад хлюпотнае неба, а плечы, даволі шырокія, захраслі. Грузавік усімі чатырма гумовымі лапамі хлюпнуўся ў гразь, штосьці ў ім рохнула між тых лап, засыкала, грузавік яшчэ намагаўся выдзерціся з той гразі, хітнуўся туды-сюды, зразумеў, што дарэмна, і аціх, чхнуў і заглух матор.
— Ты жывы, Іванчык? — прапішчаў хтосьці з малодшых школьнікаў.
— Не бойса,— не ўпаў духам, здаўленым голасам адгукнуўся Іванчык.
— А што там, наверсе? — нясмела пацікавіўся ўсё той жа тонкі галасок.
— Не бойса, добрая пагодка, дождж ідзе, дайце шапку.
— А галава цэлая? — гэта ўжо цікавіліся ўсе, хто ехаў у грузавіку.
— Ці вы дурныя ўсе там, шапку ж прашу.
Галава ў Нябойсы была цэлая, у гэтым пераканаліся мінут праз пяць школьнікі і шафёр. Яны нават абмацалі яго галаву, здзівіліся і пачалі адносіцца да яе з павагаю. Пачалі ставіцца з павагаю і да Нябойсы: во гэта галава ў хлопца, што ў касманаўта, фанеру і бляху прабіў, цыгарэту ў рот уставілі, з вушэй дым ідзе, курыць сабе, хоць бы хны. А грузавік жалезны, а адразу ж паламаўся, ён паляцеў, і ў ім усё, што не здатнае лётаць, паляцела: восі, карданы, масты і будка сапсаваная з прабоінай наверсе.
Мо напалоханыя гэтай будкай, машыны ў тую восень больш не рызыкавалі браць штурмам Курскую дугу і блізка не паказваліся ў вёсцы. Хлеб у магазін завозіўся трактарамі і зрэдку, ад выпадку да выпадку, калі рабіў хоць адзін з трох вясковых тэлефонаў. I гэтае перарыванне, непрадказальнасць у іх працы можна было, канечне, зразумець. Не вытрымлівалі яны напалу, саромеліся слоў, што гаварылі ў іх. Не маглі вытрымаць. Гэтым, мусіць, растлумачваецца і тое, што сяльчане часцей за ўсё дазвоньваліся да міліцыі. Званілі туды не таму, што нешта ў іх здарылася, хтосьці кагосьці паганяў, пабіў ці зарэзаў, крый божа, патрабавалі ад міліцыі хлеба. Дзіўна, канечне, пра гэта гаварыць, звяртацца з гэтым да міліцыі. Але так было. А з другога боку, падпарадкоўваючыся зноў жа логіцы вёскі, нічога дзіўнага: хто, як не міліцыя, павінна дапамагаць людзям, расследаваць бяду. А яшчэ былі званкі ў ваенкамат. Але карысці ад іх, зразумела, ніякай. I невядома было, ад каго можна дабіцца дапамогі, з якога боку чакаць яе. I ўсё часцей і часцей сяльчане спыняліся на тым, што дапамагаць сабе трэба самім, усёй грамадой, суботнікам ці васкрэснікам выходзіць на дарогу. Цяпер, канечне, гэта немагчыма, восень жа, восень жа восень, усе ў полі, трэба ўпарадкаваць, што дало лета. Дачакацца, калі можна будзе ўздыхнуць вальней, запрасіць начальства сабраць сельскі сход, прыйсці на яго абавязкова ўсім. Прыйсці і не маўчаць, як маўчалі дагэтуль. Выказаць усё. I было між вяскоўцаў абгаворана, што яны скажуць, з чым прыйдуць на сход: не, не будуць больш прэць моўчкі ў кажухах, кожны душу расчыніць.