Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Даўно, яшчэ як толькі памёр Мар'ян, не паспеў і астыць, хтось з сяльчан, вешчуноў і прадракальнікаў, кінуў слова: «Усё, цяпер чакайце канца, канец надыходзіць і дзетдомаўскаму саду». А ўдзень, калі выносілі Мар'яна, Місцюк напіўся і скакаў у садзе. Пра гэта ведала ўся вёска. Ведала, што Місцюк намерваецца паставіць хату ў дзетдомаўскім садзе, жыць там самому ці адсяліць туды сыноў. Але ніхто з сяльчан не даваў веры, што гэта ўдасца яму. Есць жа святыя, чыстыя, як, зрэшты, і нячыстыя, мясціны, куды чалавеку заказана лезці, грэх, калі ён не вырадак, мае розум і сумленне. Нячыстымі ў вёсцы лічыліся Ніўкі, там пужала. Рассоўвалася зямля, і хтось падымаўся з той зямлі, блукаў уначы ценем, стагнаў і пагражаў. I страляў уначы, асабліва ўлетку. Ніўкі, як толькі пачынала змяркацца, імкнуліся абыходзіць бокам. На дзетдомаўскі сад заглядаліся, калі ён выкідаў квецень. То быў дзіўны час, дружны і спорны. Сціхалі ўсе ветры, паўднёвыя і паўночныя, каб чулі і глухія, як поўніцца, вызвоньвае пчалою неба, што пялёсткам прыпала да зямлі, і такое ж чыстае, як пялёстак бэзу, што распусціўся на золку, пялёстак яблыні. Пах садовай квецені перабіваў усе іншыя пахі. I сыходзіць ён не ад садоў нават, не ад дрэў у квецені, сама зямля, здаецца, дыхае ім, абвалаквае сваім дыханнем усё жывое, што разумее і шануе жыццё і сябе. У такую пару і людзі, здаецца, робяцца больш добрымі, падобнымі да кветак. I не толькі людзі, не рэдкасць у той час убачыць вясковага ката ці сабаку з абвіслым вухам, што, схіліўшыся да кветкі, задумліва і адрачона прыглядаецца да яе і нюхае яе. I калі б на тую хвіліну ўдалося зазірнуць у вочы таму сабаку, то можна было б змеціць, што яны разумныя, свеціцца ў іх невыказная думка, сабака пакутуе ад немагчымасці выказаць яе, загаварыць па-чалавечы. У такую пору ў сабак мяняецца голас, самыя злосныя з іх стараюцца брахаць не так груба, нібы баяцца напалохаць усё тое добрае, што перадалося ад квітнеючага саду людзям, а гэта значыць — і ім.
Дзетдомаўскі сад заўсёды пачынаў цвісці, як гарэць, адначасова, і, гледзячы на яго, вяскоўцы кожную вясну ўспаміналі дзетдомаўцаў: жылі дружна, таму і цвіце так дружна. Сіроцкі сад, слёзы сірат цвітуць, гора іх і мукі квеценню распускаюцца.
Вось таму, пэўна, ніхто ў вёсцы і не даваў веры, што ўдасца Місцюку пралезці ў гэты сіроцкі сад. Засцеражэ ён сам сябе, памяць, што жыве ў ім, не пусціць да сябе ліхога чалавека і добрага таксама не пусціць: вялікі то грэх, не дараваны — лезці ў памяць, таптаць яе нагамі, ставіць хату. На крыві, на слязах усё добра расце, але папярок горла становіцца, дзярэ горла. Гэтыя словы даходзілі, пэўна, і да Місцюка. Ён апошнім часам унадзіўся ездзіць у горад і хадзіць у сельсавет. Не вылазіў з сельсавета. Старшыня яго зрабіўся лепшым сябрам і таварышам. I яшчэ напрадвесні вёска ўведала: атрымаў ад сельсавета Місцюк дазвол сяліцца ў дзетдомаўскім садзе. Ускалыхнулася: не інкаш, купіў кляты Місцючышча старшыню, хабару, золата па лапу даў, ад цесця яшчэ тое золата захавалася ў яго. Пазней ужо, калі Місцюк паставіў ужо ў садзе зруб, Якуб Саліла прама пры народзе вылепіў у вочы старшыні сельсавета пра тое золата. Але старшыня адгаварыўся:
— Не было, не даваў ніякага золата.
— Тады, пэўна, вялікія грошы былі.
— I грошай не было.
— Пшанічкаю ўзяў, я ведаю,— улез Ахрэм, які слухаў іх гаворку.— Вагон пшаніцы з цаліны прывёз і на двор табе выгрузіў. На свае вочы бачыў, як усю ноч насіў...
— Гаўна вагон, стары ты пень,— не вытрымаў нагавору старшыня.— Ну, мяшок цэменту завёз.
— I ты за мяшок цэменту... — Салілу нават у чырвань кінула, і ён паспешліва пайшоў прэч. I ўсе астатнія разышліся, пакінуўшы старшыню аднаго сярод вясковай вуліцы.
Мо калі б адразу і гуртам, дружна, вёска і адстаяла б дзетдомаўскі сад. Але ў кожнага быў свой клопат. I што той сад, зямля пад нагамі гарэла, якраз у тую пору пачаліся пажары. I хаця пра дзетдомаўскі сад і Місцюка гаварылі ў кожнай хаце і кожную вольную хвіліну, але калі Уладзік пайшоў па хатах з паперчынаю, на якой было напісана: аб'явіць сад музеем, даць яму імя Мар'яна Знаўца, ад Уладзіка ўсе толькі адмахнуліся, маўляў, не да цябе, хлопча, адстань, адчапіся. Уладзік здзівіўся: як жа гэта так — па хатах, па завуголлю ўсе гавораць пра сад, шкадуюць яго, а бараніць ніхто не хоча, ніхто не жадае пісьмова выказаць гэта, ніхто не падпісвае яго паперы. Нават яго родныя бацька з маткаю не жадаюць распісацца. Ён распісаўся за іх сам. Сам за сябе адразу распісаўся і Вовік-алкаголік, і той яго подпіс ледзь не сапсаваў справу.