Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— Пад рашотку, пад цюрму падводзіш,— убачыўшы Вовікаў кручок, сказаў Кандрат.— Я б і так без паўлітры тры дні думаў, падпісваць тваю бумагу ці не, а пасля таго як яе Вовік падпісаў, мяне і за яшчык гарэлкі не ўгаворыш падпісацца.
— Дзядзька Кандрат, я чуў, самі гаварылі, вы ж за тое, каб сад назвалі партызанскім. Знаўцовым садам.
— Гаварыў,— не адмовіўся Кандрат, пачмыхаўшы, пакруціўшы носам.
— Дык я гэту бумагу і напісаў, каб так было.
— Мала чаго, хлопча, я на сваім вяку гаварыў.
— Вы цяпер супраць, выракаецеся сваіх слоў?
— Не супраць і не выракаюся і за бумагу я тваю.
— Дык падпісвайце, дзядзька Кандрат.
— Не, Уладзік, я за такую бумагу, дзе майго подпісу няма. I табе раю, бумагу пішы, пішы, калі грамату маеш і складна выходзіць, а фамілію хавай.
— Дык гэта ж ананімка, гэта ж сорамна.
— Колькі ў цябе пальцаў на руцэ? — спытаў Уладзіка Кандрат.
— Як і ў вас,— адказаў Уладзік,— пяць, а што?
— А тое, што першае, закладай палец: ты за мяне не адказвай. Мо іх у мяне шэсць ці адзін, ты ведаеш. Другі палец: сорам не дым. Трэці, сказаць, тут яшчэ даказацьтрэба: ці то гаварыў, ці то не, а бумага з подпісам — дакумент. Чацвёрты палец: тое ж, што і трэці, гаварыць мы тут можам усё, сабака брэша, вецер носіць. Не ўсё, што думаю, я сказаць хачу, і не ўсё, што гавару, я думаю. Пяты — пайшоў з хаты.
I Уладзік пайшоў. Але подпісы ён усё ж сабраў. Паперчыну яму, праўда, прыйшлося пісаць нанава, не ўпісваючы ў яе прозвішча Вовіка-алкаголіка. Ён дапісаў яго пазней, калі ўсе, хто пажадаў, наважыўся распісацца, ужо распісаліся.
З той паперчынай Уладзік паехаў у раён. Вось чаму яго не было на пажары. Вярнуўся ён толькі на другі дзень, ранкам. Задумку яго загадчык раённага аддзела культуры ўхваліў, з папраўкаю, праўда, але невялікаю: сад Перамогі гучыць лепш, чымсьці імя Знаўца. Уладзік пагадзіўся з ім, яму было ўсё роўна, галоўнае, што загадчык быў за сад, за тое, каб ён рос, квітнеў. А саду ўжо не было. Раніцай, якраз к вяртанню Уладзіка, сыны Місцюка, абодва трактарысты, пад'ехалі кожны на сваім трактары і сцягнулі з аголенай зямлі ссечаныя ўначы яблыні. I ніводзін чалавек не выйшаў нават з хаты, каб паглядзець, як сцягваюць тыя дрэвы, хаця ўжо ўсе ведалі, што адбылося ноччу. I адразу ж усе ў сяле перасталі гаварыць пра былы дзетдомаўскі сад, Фолькі папаўзла па вёсцы, а больш па навакольных вёсках пагалоска, падобная на казку, нібы гэта вялікая няпраўда, што сад звялі, яго немагчыма звесці. Такі ўжо гэта дзівосны сад. Ноччу яго ссякуць, а ранкам ён вырастае зноў. Пасля трэціх пеўняў садзяць яго дзетдомаўцы і бацькі тых дзетдомаўцаў. I яшчэ баялі, але гэта ўжо хтось з сяла, хто ведаў і бачыў, што саду няма: не к дабру, не к дабру ўсё гэта ідзе, так проста не скончыцца. Недарэмна ж яшчэ Мар'ян прадказваў перад смерцю, што хтосьці прыйдзе, ідзе ўжо. I ён спытае за ўсё, за ўсё патрэбуе адказу. Не проста ж хтосьці ходзіць па Ніўках, паліў жа хтосьці лес, здолеў саму зямлю падпаліць. I тут ужо, у сяле, нехта ходзіць. Сыдуцца, сустрэнуцца добрае і нядобрае, і будзе такое, што мы яшчэ чуць не чулі і ведаць не ведалі.
Якое сёння на календары чысло, які месяц, год, век які. Некалі мяне ўразіў хлопчык. Быў сонечны цёплы дзень, ён сядзеў на крапасной сцяне старажытнага замка, матляў нагамі, еў вішні, пляваўся костачкамі ў парослы чартапалохам роў і, убачыўшы прахожага, галёкаў што было моцы:
— Дзядзечка, каторы час?
Вякі былі пад ім, стагоддзі параслі травой. Яе паядалі худыя барадатыя козы, што пасвіліся па дне рова і каля старой падслепаватай каплічкі, рака, што колісь цякла каля замка, і тая сканала, вычарпалася, а хлопчык грэўся на сонейку, еў вішні і цікавіўся, колькі ўжо часу. Фантастыка. Але сёння, падобна таму хлопчыку, я таксама пытаюся, што за час б'е над зямлёю, які год ідзе, які век. Мой жа век кончыўся, спыніўся час, замёр у той самы дзень, калі я пачаў шукаць свой радок, той адзіны патрэбны мне, якога я так і не знайшоў. Было гэта дзве зімы і дзве вясны назад, а ў які год, які месяц, не помню. Я згубіў ім лік, заблудзіўся сярод зімак і вёснаў, блукаючы па іх, вандруючы між горадам і вёскай, між жывых і мёртвых, явы і прыдумкі. I гэта ўвогуле мяне не хвалюе, хоць я і добра ведаю, што з часам у мяне нелады, і не толькі з часам, разладжаны і сам я. I разлад гэты можа аказацца незваротным. Я жыву сярод ценяў, я чую пахі, якіх няма. Яны не адступаюцца ад мяне ў гарадскім метро і на вясковым прасёлку, на самоце і сярод людзей. I, як ні дзіўна, у аддаленасці, сярод людзей гэтыя цені, гэтыя пахі больш неадступныя, чымсьці тады, калі я набліжаюся да іх. Нібы і час, людзі кінуліся ісці назад, забыўшыся на сваё прызначэнне, забыўшыся пра тое, што вяртання няма, усё там, наперадзе, што толькі ракі адыходзяць задам. Я ведаю, час павінен працаваць, і ён, мусіць, працуе, ды толькі, здаецца мне, працуе не на мяне. А я хачу займацца тым, дзеля чаго, уласна кажучы, і імкнуў сюды, у гэтую глуш, звязаўся з хатаю, звязаў сябе па руках і нагах мінулым, з якога імкнуўся разгледзець дзень будучы, прыспешваючы будучыню, калупаюся ў мінулым. Гэта адбываецца яшчэ, пэўна, і таму, што перамяшалася, пераблыталася тут усё, збілася камяком: мінулае, сённяшняе і будучыня, сплялося, як сплятаецца зелле, пырнік, асот, васількі, свірэпа з жытам ці аўсом на некалі добрым, але занядбаным полі.