Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ

Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:

У другі том выбраных твораў Віктара Казько ўвайшоў раман «Хроніка дзетдомаўскага саду», у якім апавядаецца аб лёсе саду, які заклалi нашы байцы пасля сканчэння грамадзянскай вайны, i аповесць «Цвіце на Палессі груша» аб складаных чалавечых узаемаадносінах.
1 ... 175 176 177 178 179 180 181 182 183 ... 228
Перейти на страницу:

— Гарым, людцы, гарым! — I голас яго старэчы, слабы разбурыў цішыню і спакой вёскі.

— Вой-вой, што гэта робіцца,— выхапілася з хаткі, пачала галасіць Зулька.

Вёска прачнулася, здранцвенне і санлівасць як рукой зняло. Пачалі брахаць і выць сабакі, забразгалі веснічкі, забрынкалі вёдры і лапаты. Пачалі рухацца, набылі спрыт і лоўкасць Кандрат з Анісімам.

— Я за канём і па пажарную бочку,— на хаду ўжо, скіроўваючы да фермы, дзе стаяла бочка, крычаў Анісім Кандрату.— Ты нясі плуга.

Навыперадкі разам з дарослымі беглі дзеці, Кіберыкі, Нябойсы і іншыя, якім яшчэ не паспелі даць мянушак. I ўзначальваў дзяцей дэзерцірчык Іванчык. Можна лічыць, што дзеці і патушылі той пажар. Яны аказаліся больш талковымі і распарадчымі, чымсьці дарослыя. I гэта адзначылі самі дарослыя, калі кінуліся тушыць лес. А з агнём пад Калістратаваю хатай справіліся Анісім з Кандратам, залілі сметнік вадою з пажарнай бочкі, абклалі яго з усіх бакоў, прысыпалі зямлёю, пахавалі агонь. Але пахавалі тут, каля вёскі, а ў лесе ён працягваў бушаваць, бег па дубняку, паядаў траву і сухі ліст, у старых дубоў, вялікіх дрэў апальваў толькі карані, а падрост, хмызы, маладыя дубкі, бярозы і клёны паліў да макавак, падбіраўся і да другога краю вёскі. I дарослыя апусцілі рукі:

— Не, самі не справімся. Трэба вызываць пажарную.

— Тэлефоны не робяць.

— Што ж рабіць, што ж пачаць. Што тут нас ёсць, інвалідная каманда, вёскі, хат не адстаім.

— Канец, аджылі, згарым.

I гэта прагучала як прыгавор. I было прыгаворам, і дарослыя падпарадкаваліся яму. Увагналі ў зямлю лапаты, прыстылі, замерлі, склаўшы на дзержакі рукі, стоўпіўшыся каля Калістратавай хаты, сумнай, разгубленай, хаця яе і ўбераглі ад агню. Разгубленай, таму што ў вокны яе чырвонымі сполахамі працягвала пляскацца вогненная лава ляснога пажару, які адступіў ад вёскі, але не сціх. Хата бы адчувала, што наканавана ёй, які чакае яе лёс, і скаралася яму, прымала яго. А дзеці адмовіліся скарыцца. Адразу, як толькі прытушылі агонь каля сяла, кінуліся ратаваць лес. Пайшлі на агонь як не з голымі рукамі. Не было ў іх руках ні лапат, ні сякер. Напачатку ніхто з бацькоў і ў разлік іх не браў, Ніхто не звяртаўся да іх, ні аб чым не прасіў, ніхто імі не камандаваў. Яны ішлі на агонь і ў агонь самі, пакінуўшы ззаду бацькоў, забыўшыся на іх, нібыта іх і не было, нібыта яны засталіся на гэтым свеце адны. I гэты агонь, здаецца, быў ужо вядомы ім. Яны ўжо даўно зведалі яго нораў, ведалі, як утаймоўваць яго, бы прайшлі ўжо некалі праз яго ні вельмі доўга рыхтаваліся да яго. Углыбіліся ў лес. З краю ляснога пажару Іванчык прыгнуў і зламаў маладзенькую, але гонкую, метры на тры альху. Па яго прыкладу выбралі па альховым кусціку сабе пад сілу і іншыя, а хто не адолеў дрэва, той узброіўся проста палкаю, альховымі і бярозавымі дубчыкамі. I, сцёбаючы, хвастаючы, хто тым дубчыкам, бы заганяючы ў хлеў парася, колючы суком, шугаючы кустом, усе яны сталі адзін за адным, як салдаты ці касцы, і накінуліся, напалі на агонь. I паступова пачалі цясніць адціскаць агонь, выбіваючы суччам зубы яму, выдзіраючы веццем з тых зубоў спажыву, лісце, траву, маладыя дрэўцы, галавешкі прытоптвалі ботамі і чаравікамі, заціралі нагамі злосныя іскры.

— Так, хлопчыкі, так, дзеткі,— падбадзёрваў іх Калістрат і іншыя сяльчане, што прыспелі ўжо на дапамогу ім з лапатамі і сякерамі. Але гэтыя іх дарослыя лапаты і сякеры былі тут амаль непатрэбныя. Зямля так удзірванела, так была абвіта каранямі дрэў, што і зубамі яе не ўгрызці. I мужчыны і жанчыны толькі бязладна мітусіліся вакол сваіх дзяцей, перашкаджалі ім. Але дзеці адносіліся паблажліва да сваіх бацькоў. I не падобныя былі яны зараз на дзяцей, надта ж ужо сур'ёзныя і маўклівыя. Усё як бы пераблыталася, памянялася месцамі на тым пажары, старыя ператварыліся ў дзяцей, а дзеці састарэлі. Старыя крычалі, дзеці маўчалі, гучна толькі пераводзілі дух, распрамляючыся і прыглядаючыся да голага лесу, па якім расцякаліся вогненныя ручаі. Расцякаліся моўчкі, бязгучна, нідзе, ніадкуль ні птушынага ўскрыку, ні звярынага шораху, бы вырвалі ў лесу язык, ён знямеў, аглух і аслеп. I людзям перадаліся яго глухата і зняменне. Дарослыя і дзеці моўчкі пакінулі лес, загнаўшы пажар у балота, утапілі яго ў тым балоце, закінулі ў чорную сонную ваду калы і сучча, бы грэбавалі ім, як грэбуюць палкай, якой забілі гада. Дарослыя пацягнуліся да вёскі, пацягнуліся адчужана і разбродліва, бы таксама грэбавалі адно адным, а дзеці як скрозь зямлю праваліліся, зніклі гуртам і адразу, нібы іх і не было. Разбрыдаліся па сваіх хатах па-зладзейску, не развітваючыся, святла ў хатах ніхто не запальваў, упраўляліся ў прыцемках. У прыцемках Калістрат намацаў на стале нож, адрэзаў добрую лусту хлеба, намазаў яго мёдам, сеў на лаву, адкусіў і заплакаў. I мёд у той вечар елі амаль у кожнай хаце. Па цэлым вядры набралі яго з борцяў Калістрат з Ахрэмам і Лукашом. То была апошняя даніна мёртвых жывым. З дваццаці трох сямей Калістратавых пчол ацалела толькі адна. Ацалела, але ці будзе яна жыць — гэтага ніхто не ведаў. Ляснулі пчолы. У тую ж ноч ляснуў і дзетдомаўскі сад. Лёг бязгучна і ціха пад зацягнутымі дымам вясковымі зоркамі, апошні раз драпануўшы неба веццем з ужо набраклымі, бухматымі пупышкамі. У чатыры сякеры ўзялі яго Місцюк з сынамі і Якім Паніхіда, які таксама пажадаў нарэшце перабрацца ў вёску.

1 ... 175 176 177 178 179 180 181 182 183 ... 228
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)