Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Дракахруст: Спадарыня Алексіевіч, мы пачулі, як гэтыя словы кіраўніка дзяржавы разумее Павал Якубовіч. А як іх разумееце Вы?
Алексіевіч: Я ізноў прыгадваю незабыўнага Васіля Быкава. Памятаеце ягоны раман «Знак бяды», калі ідзе вайна, а галоўны герой танна купляе адно абсталяваньне, другое, і мяркуе — хай сабе гэты жахлівы, агромністы сьвет грукае вакол, а я тут перажыву. І мы ведаем, чым гэта канчаецца. Дзеяньні ўлады мне нагадваюць нешта падобнае. Мне здаецца, што гэта зьвязана з адмежаванасьцю ад сьвету і з амаль паталягічнай неадукаванасьцю. Зь велізарнай інтуіцыяй, зразумела, але і зь велізарнай неадукаванасьцю. Мне заўсёды шкада, што там няма дарадцаў з сучасным мысьленьнем, бо пры такім даверы народу можна было б шмат зрабіць.
Калі гаварыць пра стабільнасьць, то самае стабільнае месца ў сьвеце — гэта турма. Гэта тое, што з намі і адбываецца — турэмная сьвядомасьць, турэмная пайка, ізноў жа самыя чэсныя людзі — гэта наглядчыкі. Гэта мысьленьне ўчорашняга й заўчорашняга дня. Уявіце сабе, якім гэты чалавек выйдзе з турмы, з гэтай талеркай баршчу, з татальнай, як яму здаецца, абароненасьцю. Гэты чалавек будзе няздольны да будучыні, гэта дзіця, ён выйдзе ў агромністы сьвет, які ад яго зачынялі, якога яго прывучалі баяцца, бо наглядчыкі самі ўяўленьня ня мелі пра гэты сьвет. У гэтага сьвету ёсьць свае крызісы, праблемы, але гэта — чалавечы сьвет, гэта сьвет шчырага пошуку, шчырых памылак. Але гэта не турма, гэта не акварыюм, не закрытая прастора, у якую мы ўсё глыбей пагружаемся, дый яшчэ мы, інтэлектуалы, часам знаходзім гэтаму апраўданьне, бо мы і ў гэтым часе, і ў гэтым працэсе тым або іншым чынам удзельнічаем.
Дракахруст: Спадарыня Алексіевіч, а можа гэтымі сваімі ізаляцыянісцкімі крокамі ўлада адпавядае пажаданьням, імкненьням беларусаў, можа, яны проста баяцца прынамсі таго самага Захаду, дый Усходу цяпер, хочуць аддзяліць, адгарадзіць сябе ад незразумелага, пагрозьлівага зьнешняга сьвету? І, можа быць, у пэўным сэнсе, улада проста рэтрансьлюе гэты страх?
Алексіевіч: Гэта бясспрэчна. Я паўтаруся, Лукашэнка ёсьць і будзе такім, якім хоча народ. У яго чуцьцё неверагоднае, і ў гэтым ён нашмат наперадзе нас. Ніхто ня будзе падазраваць мяне ў любові да цяперашняй улады, але я магу сказаць, што менавіта гэтая асоба захавала незалежнасьць Беларусі, дала эканамічную стабільнасьць, ён зьмікшыраваў гэтыя жорсткія постсавецкія працэсы. Магчыма, ён выправіў памылку, калі ўся постсавецкая прастора кінулася ў гэты амэрыканскі варыянт капіталізму, які не падыходзіць ні славянскай мэнтальнасьці, ні славянскай гісторыі, калі ня быў выкарыстаны скандынаўскі досьвед сацыял-дэмакратыі, што, на мой погляд, было б у найбольшай ступені нашае.
Але калі мы возьмем вобраз народа як дзіцяці, пра што ўвесь час гаворыць наш лідэр, дык вось гэтае дзіця раней ці пазьней павінна выйсьці ў людзі, у гэты агромністы сьвет. Мы ж, беларусы, маленькая купка — 10 мільёнаў чалавек, ня можам быць асобна ад астатняга сьвету. Ня трэба сябе суцяшаць, дзіця павінна вырасьці і ступіць у гэты агромністы сьвет. Час нам расьці, хопіць і ўладзе, і народу песьціць гэтую дзіцячую сьвядомасьць, гэты страх, хаця б дзеля таго, што найбольш культывуецца ў нашым грамадзтве — хаця б дзеля дзяцей.
Дракахруст: Беларускія выбары і рэфэрэндум выклікалі рэзкую рэакцыю ўрадаў краінаў Эўразьвязу і ЗША. У ЗША прыняты «Акт аб дэмакратыі для Беларусі», прэзыдэнт Буш падпісаў яго пасьля галасаваньня 17 кастрычніка, новую, больш жорсткую палітыку выпрацоўвае Эўразьвяз. Беларускія ўлады могуць лічыць такі падыход несправядлівым, але гэта факт. Беларуская ўлада спадзяецца, што гэтае кола ізаляцыі ўрэшце аслабне, што Захад пераканаецца, што падобная палітыка бясплённая — ці беларуская ўлада гатовая існаваць у такім коле ізаляцыі, а можа, нават лічыць яго карысным? Спадар Булгакаў, як Вы мяркуеце?
Булгакаў: Я ў працяг дыскусіі не пагадзіўся б са спадарыняй Алексіевіч наконт дамарослага ізаляцыянізму беларусаў. Тут ёсьць два вымеры гэтай праблемы. Першае — гэта прагматычны выбар і эканамічныя матывы паводзінаў беларусаў. Беларусы — унікальны народ на захадзе СНД, бо паводле статыстыкі прынамсі 40% беларусаў на працягу апошніх 10 гадоў выяжджалі ў краіны Ўсходняй і Заходняй Эўропы. У параўнаньні зь беларусамі расейцы і ўкраінцы выяжджаюць удвая, а то і ўтрая радзей, што ў прынцыпе сьведчыць пра дынамізм, прагматызм і энэргію шараговага беларуса. З другога боку — існуе культурная карціна сьвету, дзе сапраўды межы аўтэнтычнай уласнай асвоенай культурнай прасторы канчаюцца за Берасьцем, і сьвет, які пачынаецца за Берасьцем, падпарадкоўваецца іншаму тыпу рацыянальнасьці, што, безумоўна, шараговага беларуса нейкім чынам адпалохвае. Таму ня ўсё так адназначна.