Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Апазыцыя стала аб’ектам кпінаў, але я б хацела сказаць менавіта беларусам: «Не гуляйце ў гэтыя гульні, таму што апазыцыя такая, якую вы нарадзілі. Вы перадаверылі гонар і годнасьць нацыі купцы людзей. Яны вось такія, магчыма, у чымсьці наіўныя, магчыма не заўсёды ўяўляюць рэальныя працэсы. Але яны такія, якія мы ёсьць». Сёньня нас не ўратуюць ні дарогі, ні палацы — нам калі-небудзь будзе сорамна за гэты час. Мы ўсе ці разгубіліся, ці вырашылі перачакаць. Мы страцілі гэты шанец, які гісторыя нам выпадкова падаравала. Можа, таму і страцілі.
Дракахруст: Спадар Якубовіч, я даю Вам слова для адказу.
Якубовіч: Не, у мяне ёсьць пытаньне. Я высока цаню літаратурную і грамадзкую дзейнасьць Сьвятланы. І я б хацеў пачуць ад яе — што нас уратуе? Натуральна, што ня варта зводзіць маё меркаваньне да таго, што трэба толькі будаваць дарогі й спартовыя збудаваньні — гэта частка гаспадарчага жыцьця і ня больш за тое. Калі плянка размовы падымаецца да філязофскіх вышыняў, я б хацеў спытаць — а што ўратуе? Я пачуў, што ня трэба сьмяяцца з апазыцыі — яна, маўляў, такая дзіцячая, наіўная і разгубленая таму, што такой зрабіў яе народ. Наагул, ні з кога ня трэба сьмяяцца — ні з апазыцыі, ні з суседа Сьвятланы Пятра Сільвестравіча, ні з Паўла Ізотавіча. Але я б хацеў даведацца — што ж нас уратуе, Сьвятлана?
Алексіевіч: Ня трэба тут нічога прыдумляць. Дастаткова цывілізаванага досьведу ў сьвеце. Нас уратуе, як бы тое Вас, Павал Ізотавіч, ні зьдзівіла, чалавечая годнасьць, для якой ёсьць адзіная форма — дэмакратыя, а не аўтарытарызм. Як Вы можаце патлумачыць мне, чаму зачынены ЭГУ — адзіны сур’ёзны ўнівэрсытэт, які ўпісваў нас у кантэкст ідэяў, якія сёньня вандруюць у сьвеце? Як Вы можаце патлумачыць закрыцьцё Ліцэю? Як гэта можаце патлумачыць Вы, дастаткова разумны чалавек, які прыстасаваўся да гэтага часу? Вы, зразумела, неяк зараз мне гэта мне патлумачыце, але калі Вы застаняцеся сам-насам з сабой, як Вы сабе гэта патлумачыце?
Усім нам будзе потым нязручна і сорамна за тое, што мы тым або іншым чынам гэтаму спрыялі, ці недарабіўшы нешта, ці служачы гэтай канфармісцкай ідэі. Гэта вялікая аблуда, што мы, беларусы, больш-менш сытна перажылі гэты прамежкавы час. Прыйдзе час, і мы апынемся ззаду ўсіх — гэта цалкам відавочна. Вы думаеце, талерка баршчу — гэта дастаткова? Можна, зразумела, кожны дзень усыпляць людзей гэтай талеркай баршчу, гэтымі дажынкамі, пажынкамі, такімі правінцыйнымі спэктаклямі. Але гісторыя — гэта нешта зусім іншае. Яна сыходзіць у нас між пальцамі, Павал Ізотавіч.
Якубовіч: Сьвятлана, зразумела, мне цяжка адказаць, і мне дзіўна, што пытаньне зьвернутае да мяне, чаму зачыненая адна навучальная ўстанова і адчынена іншая. Відаць, нашая размова павінна закрануць больш сур’ёзныя рэчы, чым талерка баршчу як альтэрнатыва ЭГУ, ці Дажынкі як альтэрнатыва Ліцэю.
У суседняй Расеі, дзе ўзровень дэмакратыі быў надзвычай высокі, і гэта было заўважана ўсімі, цяпер адбываюцца працэсы, якія, як мне падаецца, значна больш пагрозьлівыя, чым тыя, што адбываюцца ў Беларусі. На мой погляд, гэта гаворыць пра тое, што размова ідзе пра нейкія фундамэнтальныя рэчы, характэрныя для славянскіх краінаў. Можа быць, той спакой у Беларусі, тое будаўніцтва, той маральны стан, які мы заўважаем і ў апазыцыі, і ў улады — можа, гэта характэрна для гістарычнага кантэксту, можа, гэта больш сур’ёзна, чым нейкія падзеі канкрэтнага жыцьця?
Дракахруст: Спадар Якубовіч, і Вы, і кіраўнік дзяржавы апэлюеце да інтарэсаў простага чалавека. Як бы Вы патлумачылі гэтаму самаму простаму чалавеку, які сэнс рашэньня пра забарону вывазу дзяцей за мяжу на аздараўленьне? Няўжо там, на гэтым Захадзе, усё так жахліва, што дастаткова беларускаму дзіцяці ўбачыць гэта нават краем вока, каб атруціцца?
Якубовіч: Я магу падзяліцца ўласным адчуваньнем. Ведаючы Аляксандра Рыгоравіча, я мяркую, што мелася на ўвазе зусім ня тое, што беларускія дзеці, як у часы напалеонаўскіх войнаў расейскія салдаты, убачыўшы Парыж, прынясуць на Радзіму нейкія ідэі, несумяшчальныя з традыцыйным жыцьцём. Размова ідзе пра значна больш простыя рэчы, што наагул характэрна для інтэрпрэтацыі дзеяньняў улады і словаў прэзыдэнта. У нас часам простыя рэчы інтэрпрэтуюць як вельмі складаныя філязофскія вузлы.
З адпраўкай дзяцей на аздараўленьне за мяжу склалася ня вельмі добрая сытуацыя. З гэтага вялікага праекту корміцца вельмі шмат людзей і арганізацыяў, далёка ня самых празрыстых, гэтую сфэру ўвесь час скаланаюць скандалы. Размова ішла пра больш строгі падыход дзяржавы да самой праблемы. Трэба, каб адпраўкай людзей на аздараўленьне за мяжу займаліся ня людзі, якія робяць з гэтага бізнэс, а людзі, адказныя ва ўсіх сэнсах. Я бачу сэнс словаў прэзыдэнта менавіта ў гэтым. Ня трэба інтэрпрэтаваць гэта як загад нікога не пускаць і паставіць мур за Берасьцем. Прэзыдэнт — чалавек практычны. Ён хоча, каб гэты праект быў пад кантролем дзяржавы і каб гэтым займаліся людзі адказныя.