Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Прочая поэзия » Маска чырвонае смерці
Маска чырвонае смерці - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Маска чырвонае смерці

Электронная книга - «Маска чырвонае смерці». Краткое содержание книги:

У зборнік Эдгара По Маска Чырвонае Смерці ўключаныя не толькі шырока вядомыя дэтэктывы – адны з першых узораў гэтага жанру ў сусветнай літаратуры – і жахлівыя апавяданні (арабескі), але і значна менш вядомыя гратэскі пісьменніка – творы, што паказваюць бацьку дэтэктыву зусім з іншага, іранічнага, боку. У кнігу таксама ўвайшлі вершы і два самыя вядомыя эсэ Эдгара По – Паэтычны прынцып і Філасофія кампазіцыі. Абсалютная большасць змешчаных у зборніку перакладаў друкуецца ўпершыню.
1 ... 14 15 16 17 18 19 20 21 22 ... 36
Перейти на страницу:

Пераклаў Сяргей Шупа

Лігея

I ў гэтым — воля, што не ведае смерці.

Хто ведае таямніцы волі ва ўсёй моцы яе?

Таму што Бог ёсць не чым іншым, як

вялікай воляй, што прасякае ўсё самой

прыродай задумы свае. Не аддае сябе

чалавек ні анёлам, ні смерці цалкам,

толькі праз бяссілле слабое свае волі.

Джозэф Глэнвіл*

Нават дзеля ўратавання душы не змог бы я згадаць абставінаў, часу і нават дакладнага месца свайго знаёмства з лэдзі Лігеяй. Мінула шмат гадоў з таго часу, а памяць мая саслабла ад пакутаў. А можа, я не магу згадаць таго, бо, сапраўды, характар маёй каханай, яе рэдкая вучонасць, яе выключная спакойная прыгажосць і хвалюючая чароўная красамоўнасць яе нізкага музычнага маўлення знайшлі дарогу да майго сэрца так павольна і паступова, што заставаліся незаўважнымі і нязнанымі. Тым не менш мне здаецца, што я сустрэўся з ёй і бачыўся з ёй найчасцей у адным буйным старым горадзе ля Рэйна, што павольна прыходзіў у заняпад. Яе сям'я... я пэўны, яна расказвала пра яе. Род гэты, без сумневаў, быў надзвычай старажытны. Лігея! Лігея! Аддаючыся заняткам, якія як нішто іншае паслабляюць повязь з вонкавым светам, адно гэтым любым словам — Лігея — уваскрашаю я вобраз тае, якое ўжо няма. I цяпер, пішучы гэта, я раптам згадаў, што ніколі не ведаў родавага імя той, што была маім сябрам і нявестай, той, што стала ўдзельніцай маіх заняткаў і ўрэшце — маёй каханай жонкаю. Ці быў гэта гарэзлівы выклік з боку мае Лігеі? Альбо выпрабаванне мае прыязнасці, мае здольнасці ўстрымацца ад роспытаў пра гэта? Ці, можа, мая ўласная прыхамаць — вар'яцкая рамантычная ахвяра на алтар мае самай жарснай адданасці? Але й гэта я згадваю цьмяна — чаго ж здзіўляцца таму, што я цалкам забыўся на ўсе абставіны, якія спарадзілі гэта і гэтаму спадарожнічалі? I сапраўды, калі дух, што завецца Закаханасцю, калі яна, бледная і туманнакрылая Аштафет* паганскага Егіпта, напраўду, як кажуць паданні, прарочыла гора якому-небудзь вяселлю, то, без сумневаў, і майму таксама.

Ёсць, зрэшты, адно дарагое мне, што памяць мая захавала, — гэта аблічча Лігеі. Была яна высокая, крыху танклявая, а ў апошнія свае дні — нават змарнелая. Ніколі б не здолеў я перадаць велічнасць і спакойную нязмушанасць яе паводзінаў або неспасцігальную лёгкасць і грацыю яе рухаў. Яны з'яўлялася і знікала, быццам цень. Пра яе прыход у мой зацішны кабінет я даведваўся толькі дзякуючы мілай музыцы яе ціхага, пяшчотнага голасу, калі мармуровыя пальцы апускаліся на маё плячо. Ніводная дзяўчына ніколі б не зраўналася з ёй прыгажосцю твару. Гэтае ззянне опіюмнай мары — паветраная відзежа палёту душы, больш казачная за фантазіі мройных душаў дачок Дэласа*. Аднак у гэтых рысах не было тае правільнасці, якую класічныя паганскія працы змусілі нас лічыць дасканаласцю. «Няма вытанчанае прыгажосці, — справядліва заўважае Бэкан, лорд Веруламскі*, пішучы пра формы і genera [9] прыгажосці, — без нейкай незвычайнасці прапорцый». Усё ж, хаця я бачыў, што ў рысах Лігеі няма класічнае правільнасці, хаця я заўважаў, што яе хараство насамрэч было «вытанчаным», і адчуваў ягоную «незвычайнасць», усё ж марнымі былі ўсе спробы знайсці няправільнасць, якая выклікала ўва мне пачуццё гэтай незвычайнасці. Я ўглядаўся ў абрысы высокага бледнага ілба — ён быў бездакорны. Бездакорны — якое халоднае слова ў дачыненні да такое боскае велічы! З яго белізной было не зраўнацца і найчысцейшай слановай костцы, на ім панавалі спакой і гармонія... Гэтыя лёгкія выступы на скронях і чорныя, бы крумкачовае крыло, бліскучыя, раскошныя і ад прыроды кучаравыя пасмы, што адразу выклікалі ў памяці гамэраўскі эпітэт «гіяцынтавыя»! Я разглядаў далікатныя лініі носа — нідзе больш я не бачыў гэткай жа дасканаласці, апрача вытанчаных габрэйскіх медальёнаў. Такая ж раскошная роўнасць, такая ж ледзь бачная гарбінка, такія ж плаўна выразаныя ноздры гаварылі пра вольны дух. Я глядзеў на чароўныя вусны. У іх быў сапраўдны трыюмф нябеснасці: найпрывабнейшы выгін кароткай верхняй губы, мяккая, пачуццёвая нерухомасць ніжняй, вясёлыя ямачкі, насычаны колер; зубы, якія з амаль немагчымым ззяннем адлюстроўвалі кожны прамень дабраславёнага святла, што падала на іх, калі яна ўсміхалася — ясна, спакойна і ўсё ж так асляпляльна! Я вывучаў форму яе падбароддзя — і там знаходзіў мяккую шырыню і веліч, пяшчоту і адухоўленасць грэкаў — абрысы, якія Апалон толькі ў сне паказаў Клеамену*, сыну афінца. I тады я ўглядаўся ў вялізныя вочы Лігеі.

Ідэалу вачэй антычнасць нам не пакінула. Можа, менавіта ў вачох маёй каханай і хаваўся той сакрэт, пра які казаў лорд Веруламскі. Яны былі, я ўпэўнены, нашмат большыя за звычайныя чалавечыя вочы. Яны былі дасканалейшыя нават за газеліныя вочы племені з даліны Нурджахаду*. Аднак вельмі рэдка — толькі ў часы глыбокага хвалявання — гэтая асаблівасць Лігеі рабілася злёгку заўважнай. I ў такія моманты яе прыгажосць — ці так падавалася майму палкаму ўяўленню? — была прыгажосцю істотаў, што жывуць над зямлёй ці па-за зямлёй, — прыгажосцю казачных мусульманскіх гурыяў. Вочы яе мелі самае бліскучага адценне чорнага, і іх аблямоўвалі смаляныя вейкі неверагоднай даўжыні. Бровы, крыху няправільна выгнутыя, мелі той самы колер. «Дзіўнасць», якую я заўважаў у яе вачах, не была абумоўленая, аднак, ні памерам іх, ні колерам, ні бляскам — яна была ў выразе. О гэтае няўцямнае слова! За яго неасяжнай пустэчай мы хаваем сваё поўнае няведанне духоўнага. Выраз вачэй Лігеі! Колькі доўгіх гадзінаў я думаў пра яго! Марна спрабаваў я спасцігнуць яго глыбіні адну цэлую летнюю ноч. Што хавалася ў зрэнках маёй каханай — глыбейшае за калодзеж Дэмакрыта*? Што? Я быў апанаваны жаданнем знайсці адказ. Гэтыя вочы! Вялікія, бліскучыя, боскія вочы! Яны сталі маімі двайнымі зорамі Леды*, а я — найадданейшым з астролагаў.

вернуться

9

Роды (лац.).

1 ... 14 15 16 17 18 19 20 21 22 ... 36
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)