Я атрымаў гэтую запіску праз паўгадзіны пасля яе напісання, а яшчэ праз пятнаццаць хвілінаў быў у пакоі паміраючага. Я не бачыў яго дзесяць дзён і быў уражаны зменамі, што адбыліся з ім за такі кароткі час. Ягоны твар набыў шэры колер, вочы страцілі ўвесь бляск, і схуднеў ён настолькі, што косці скулаў амаль прарывалі скуру. Ён часта адхаркваў макроту, а пульс намацваўся з цяжкасцю. Тым не менш ён захаваў ясны розум і нават пэўную фізічную моц. Ён выразна вымаўляў словы, самастойна прымаў некаторыя лекі, што палягчалі ягоны стан, і, калі я ўвайшоў, штосьці пісаў алоўкам у нататніку, паўседзячы на падушках. Пры ім былі дактары Д. і Ф.
Паціснуўшы Вальдэмару руку, я адвёў дактароў убок, і яны падрабязна расказалі мне пра стан пацыента. Ягонае левае лёгкае за паўтара года напалову кальцынавалася і, безумоўна, было ўжо абсалютна нежыццяздольным. Верхняя частка правага таксама часткова, калі не цалкам, сцвярдзела, а ніжняя ператварылася ў суцэльную масу гнойных туберкулёзных вузельчыкаў. Там было некалькі вялікіх кавернаў, а ў адным месцы лёгкае зраслося з рабрынай. Гэтыя змены ў правым лёгкім былі параўнальна нядаўнімі, а кальцынацыя ішла незвычайна хутка: месяц таму яе не было яшчэ ні знаку, а зрашчэнне заўважылі толькі цягам трох апошніх дзён. Апроч сухотаў у Вальдэмара падазравалі яшчэ анеўрызму аорты, аднак сцвярдзенне не дазваляла дыягнаставаць яе з дакладнасцю. Абодва лекары сыходзіліся на тым, што ён памрэ на наступны дзень, у нядзелю, недзе апоўначы. Тады ішла восьмая гадзіна суботняга вечара.
Калі дактары Д. і Ф. адышлі ад ложка хворага для размовы са мною, яны ўжо развіталіся з ім. Яны не збіраліся вяртацца, але па маёй просьбе згадзіліся зазірнуць сюды назаўтра каля дзесяці гадзінаў вечара.
Яны сышлі, і я адкрыта загаварыў з містэрам Вальдэмарам пра ягоны блізкі канец і — больш падрабязна — пра меркаваны эксперымент. Ён пацвердзіў сваю поўную згоду на ўсё і нават выказаў жаданне неадкладна пачаць дослед. Пры хворым былі санітар і сядзелка, але я не мог дазволіць сабе пачынаць такую справу без больш надзейных сведкаў, чым гэтыя людзі, на выпадак якое-небудзь непрадбачнасці. З гэтае прычыны я вырашыў адкласці дослед да васьмі гадзінаў наступнага вечара, калі прыход містэра Тэадора Л-ла — студэнта-медыка, з якім я быў крыху знаёмы, — вызваліў мяне ад гэтых перашкодаў. Спярша я збіраўся дачакацца лекараў, аднак давялося пачаць раней праз настойлівыя просьбы містэра Вальдэмара, падмацаваныя тым, што я бачыў, як ён на вачах слабее, і часу застаецца няшмат.
Містэр Л-л ветліва пагадзіўся натаваць усё, што тут адбудзецца. Менавіта з ягоных запісаў збольшага ўзята тое, што я маю сказаць, даслоўна ці са скарачэннямі.
Было амаль восем, калі я, узяўшы Вальдэмара за руку, папрасіў яго як мага выразней пацвердзіць для містэра Л-ла, што ён (Вальдэмар) у сваім цяперашнім стане добраахвотна падвяргаецца месмерызацыі. Ён слабым голасам, але даволі разборліва сказаў: «Так, я хачу падвергнуцца месмерызацыі, — і тут жа дадаў: — Баюся, вы задоўга марудзілі».