Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Прочая поэзия » Маска чырвонае смерці
Маска чырвонае смерці - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Маска чырвонае смерці

Электронная книга - «Маска чырвонае смерці». Краткое содержание книги:

У зборнік Эдгара По Маска Чырвонае Смерці ўключаныя не толькі шырока вядомыя дэтэктывы – адны з першых узораў гэтага жанру ў сусветнай літаратуры – і жахлівыя апавяданні (арабескі), але і значна менш вядомыя гратэскі пісьменніка – творы, што паказваюць бацьку дэтэктыву зусім з іншага, іранічнага, боку. У кнігу таксама ўвайшлі вершы і два самыя вядомыя эсэ Эдгара По – Паэтычны прынцып і Філасофія кампазіцыі. Абсалютная большасць змешчаных у зборніку перакладаў друкуецца ўпершыню.
1 ... 10 11 12 13 14 15 16 17 18 ... 36
Перейти на страницу:

А праз некалькі дзён, поўных глыбокае скрухі, характар разумовага расстройства майго сябра заўважна змяніўся. Ягоная звычайная манера паводзіцца знікла. Штодзённыя заняткі былі закінутыя і забытыя. Ён бязмэтна блукаў з пакоя ў пакой, то тут, то там былі чуваць ягоныя хуткія, няроўныя крокі. Бледнасць ягонага твару зрабілася, калі гэта магчыма, яшчэ жахлівейшаю, аднак бляск ягоных вачэй згас цалкам. Калісьці ягоны голас гучаў глуха, але не цяпер. Што б ён ні казаў, ва ўсім чулася неймавернае трымценне, быццам народжанае найглыбейшым жахам. Часам мне здавалася, што ягоны заўжды ўсхваляваны розум увесь час змагаецца з нейкай гнятлівай таямніцаю, і ён спрабуе набрацца мужнасці, каб пра яе расказаць. А часам я мусіў лічыць усё гэта папросту невытлумачальнымі выбрыкамі вар'яцтва, назіраючы, як ён гадзінамі сядзіць, з незвычайна пільнай увагаю ўглядаючыся ў пустату і нібы прыслухоўваючыся да ўяўных гукаў. Не дзіва, што ягоны стан жахаў і заражаў мяне. Я адчуваў, што мною марудна, але няўмольна завалодваюць ягоныя фантастычныя неадступныя кашмары.

Я цалкам адчуў на сабе ўладу гэтых пачуццяў, кладучыся ў ложак на сёмы ці восьмы вечар пасля таго, як мы паклалі лэдзі Мадэліну ў склеп. Сон не йшоў да мяне, гадзіна праходзіла за гадзінаю. Розумам я спрабаваў адагнаць неспакой, што ахапіў мяне. Я намагаўся ўпэўніць сябе, што многае, калі не ўсё, з таго, што я адчуваю, народжанае дзіўным уплывам змрочнае абстаноўкі пакоя — падранымі цёмнымі парцьерамі, якія пад подыхам блізкае буры парывіста гайдаліся з боку ў бок і трывожна шаргацелі ля балдахіна ложка. Але спробы мае былі марныя. Неадольнае трымценне паступова працяла мяне ўсяго, і цяжар беспрычыннага страху лёг мне на сэрца. Задыхаючыся, з неймавернымі высілкамі адганяючы гэты кашмар, я сеў на ложку і пільна ўгледзеўся ў непраглядны змрок пакоя. Прыслухаўшыся — не ведаю, чаму, мабыць, інстынктыўна, — я пачуў ціхія няясныя гукі, якія зрэдку, незразумела адкуль, даносіліся сюды, калі бура сціхала. Апанаваны ўсеўладным жахам, невыносным і невытлумачальным, я паспешліва апрануўся — бо адчуваў, што гэтаю ноччу мне ўжо не заснуць, — і паспрабаваў скінуць насланнё, хутка ходзячы туды-сюды па пакоі.

Я змераў пакой такім чынам некалькі разоў, калі маю ўвагу забралі лёгкія крокі на лесвіцы побач. Я пазнаў хаду Ашэра. Праз імгненне ён ціха пастукаўся і ўвайшоў з лямпаю ў руках. Ён быў, як заўсёды, змярцвела бледны, але ў вачах свяцілася нейкая вар'яцкая весялосць — па ягоных паводзінах было бачна, што ён ледзь стрымлівае істэрыю. Я жахнуўся ягонага выгляду, але цяпер быў рады ўсяму, што пазбаўляла мяне доўгай невыноснай адзіноты, і ўспрыняў ягоны прыход як палёгку.

— Вы што, не бачылі? — адрывіста запытаў ён пасля некалькіх імгненняў, цягам якіх ён маўчаў, утаропіўшыся ў нешта акурат перад сабою, — не бачылі? Але пачакайце, яшчэ ўбачыце! — ён асцярожна прыкрыў лямпу, падбег да аднаго з вокнаў і рэзка расчыніў яго насустрач буры.

Імклівая ярасць віхуры ледзьве не збіла нас з ног. Так, гэта была бурная, але сувора прыўкрасная ноч, непаўторная ў сваім жахлівым шаленстве і харастве. Відавочна, дзесьці паблізу пачаўся ўраган, бо кірунак ветру часта і рэзка мяняўся, а надзвычайная гушчыня хмараў, якія віселі так нізка, што ціснулі на вежы замка, не перашкаджала нам бачыць, як яны, нібы жывыя, несліся насустрач адна адной, сутыкаліся, але не разыходзіліся далёка. Я сказаў, што іх надзвычайная гушчыня не перашкаджала нам гэта бачыць, хаця не свяцілі ні зоры, ні месяц, і маланка не бліскала. Але пад вялізнымі ўздыбленымі клубамі туману, як і паўсюль навокал нас, ззяла ненатуральнае святло, народжанае выпарэннямі газу, які ахутваў дом.

— Не варта, не трэба вам на гэта глядзець! — дрыжучы, сказаў я Ашэру і з мяккай настойлівасцю пасадзіў яго на крэсла, далей ад акна. — Тое, што ўсхвалявала вас, — не больш як звычайныя электрычныя з’явы. А можа, іх спарадзілі агідныя міязмы возера... Давайце зачынім акно, такі вецер шкодны для вашага здароўя. Вось адзін з вашых улюбёных рыцарскіх раманаў. Я пачытаю, а вы паслухайце — і мы разам дачакаемся канца гэтае жахлівае ночы.

Старажытны том, узяты мною, быў сачыненнем сэра Ланселота Кенінга «Небяспечнае спатканне»*, але я назваў яго ўлюбёным раманам Ашэра хутчэй нявесела жартуючы, чым усур'ёз, бо, шчыра кажучы, ва ўсім гэтым нязграбным і пазбаўленым фантазіі шматслоўі мой сябар, чыя ўзвышаная душа сягала ідэальнага, наўрад ці знайшоў бы хоць штосьці для сябе цікавае. Аднак гэта была адзіная кніга пад рукою, і я меў слабую надзею, што ўсхваляванасць, якая ахапіла яго, зменшыцца менавіта ад скрайняй бязглуздасці таго, што я збіраўся чытаць (бо хворыя на разумовыя расстройствы часта вылучаюцца такой непаслядоўнасцю). Прынамсі, калі б я меркаваў па ажыўленай напружанасці, з якою ён слухаў (ці рабіў выгляд, што слухае) аповед, я мог бы павіншаваць сябе з поспехам мае задумы.

1 ... 10 11 12 13 14 15 16 17 18 ... 36
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)