Маска чырвонае смерці
- Автор: По Эдгар Аллан
- Год: 2011
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-03-5
- Переводчик: Сяргей Шупа
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Маска чырвонае смерці». Краткое содержание книги:
I якім жа невымерным тады мусіла быць маё гора, калі праз некалькі гадоў я ўбачыў, як мае справядлівыя спадзяванні адляцелі ад мяне на крылах! Без Лігеі я быў як дзіця, заблукалае ў цемры. Адзіна яе прысутнасць, яе чытанні кідалі яркае святло на шматлікія трансцэндэнтальныя таямніцы, У якія мы паглыбляліся. Без прамяністага бляску яе вачэй іскрыстыя залатыя пісьмёны рабіліся цямнейшымі за сатурнавы свінец*. А цяпер гэтыя вочы ўсё радзей і радзей асвятлялі старонкі, над якімі я схіляўся. Лігея захварэла. Шалёныя вочы ззялі занадта, занадта асляпляльнымі прамянямі; бледныя пальцы пачалі прасвечвацца васковай магільнай празрыстасцю, а блакітныя жылкі на высокім ілбе набухалі і спадалі ад самага лёгкага хвалявання. Я бачыў, што яна павінная памерці, — і душа мая адчайна змагалася са змрочным Азраілам*. А мая палкая жонка, на маё здзіўленне, змагалася яшчэ больш горача, чым я. Мяркуючы па яе стрыманым характары, я думаў, што смерць прыйдзе да яе без звычайных сваіх жахаў, але я памыляўся. Словы няздольныя даць хоць якое ўяўленне аб тым, як шалёна і ўпарта змагалася яна з Ценем. Я стагнаў ад пакуты, назіраючы гэтае тужлівае відовішча. Я суцяшаў яе, спрабуючы паклікаць на дапамогу яе розум, — але для яе нястрымнае прагі жыцця, жыцця, толькі жыцця і суцяшэнні, і разважанні былі б недарэчнымі. I ўсё ж амаль да самага канца, у самых лютых канвульсіях, якія скаланалі яе душу, яна не страчвала вонкавага спакою. Голас яе стаў мякчэйшы і ніжэйшы, аднак мне не хацелася б спыняцца на дзікім значэнні словаў, якія яна так спакойна прамаўляла. Я ледзь не вар'яцеў, калі зачаравана слухаў мелодыю больш чым смяротную, калі разумеў здагадкі і намеры, невядомыя раней смяротным.
У яе каханні да мяне я ніколі не сумняваўся і лёгка мог бы зразумець, што ў такім сэрцы, як ейнае, каханне не можа быць пасрэдным пачуццём. Але толькі перад яе смерцю я цалкам спасціг глыбіню яе жарсці. Шмат гадзінаў, трымаючы мяне за руку, яна раскрывала мне таямніцы сэрца, чыя палкая любоў дасягала ступені абагаўлення. Чым заслужыў я дабрадаць такіх прызнанняў? Чым заслужыў я праклён расстання з каханай у час, калі іх пачуў? Але я больш не магу гаварыць пра гэта. Дазвольце мне толькі сказаць, што ў каханні Лігеі, што пераўзыходзіла жаночае каханне, — у каханні, на жаль, незаслужаным, каханні, якога я быў зусім не варты, — я ўрэшце пазнаў яе нястрымную прагу жыцця, якое так хутка яе пакідала. Гэтае дзікае прагі, гэтага наймацнейшага жадання жыцця — толькі жыцця — я не маю сілаў апісаць, няздольны выказаць.
Апоўначы, перад самаю сваёю смерцю, яна ўладным жэстам паклікала мяне да сябе і загадала прачытаць верш, напісаны ёю колькі дзён таму. Я падпарадкаваўся. Вось гэты верш:
10
Пераклад Ганны Янкута.