Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
Там некалькі рэлігій, стаяць мячэці, праваслаўныя i каталіцкія храмы. З усіх падуладных краёў прыходзіць туды дзесятае ад усяго — дзесяты воін, дзесятая дзяўчына, дзесяты конь рознай масці i дзесятае ад любога статку, дзесятае ад жніва, прыбывае даніна i не з паваяваных зямель — кажуць, з далёкага Індыйскага царства, куды, гаварылі, Чынгісхан не пайшоў з-за спякоты.
Што да Кіева, Уладзіміра, Цверы i дальшых, паморскіх, краёў, дык ix манголы аддалі уладзімірскаму князю Яраславу як вярхоўнаму на Русі, але там, як даходзіць да Навагародка, пачынаюць усё больш гаспадарыць Батыевы намеснікі, баскакі. Яны сёлета ўзяліся меціць, перапісваць усё i ўсіх на землях русічаў, каб лепш абіраць ix. Хто з князёў не стаў на калені, не вытрываў абраз i зняваг, таго пабілі, хто хоча ўратаваць сябе, сям'ю i падданых, той месяцамі выкленчвае ў Батыя ці ў далёкай мангольскай сталіцы за Байкалам ярлык на княжанне, a калі выпрасіў яго, як Яраслаў сабе i сынам, мусіць служыць Батыю пакорліва. I, мабыць, няма для тых іншага выйсця. Іначай Батый разбурыць, папаліць, звядзе ў палон i тое, што ацалела ці начало адраджацца. А заадно вялікая надзея на царкву, якую манголы не чапаюць, ды на пладавітасць маладых жанчын, якія дадуць роднай заняволенай зямлі i рукі рабочыя, i вояў.
Усяслаў, калі разважаў пра ўсё гэта, не мог не запыніцца на адным цікавым моманце: паміж дзвюма лавінамі з Усходу вялікі адрэз часу, шмат сплыло вады i шмат што змянілася ў свеце, сышлі ў нябыт адны i ўзніклі новыя дзяржавы, але, калі добра пакумекаць, ёсць адно, што яднае ix, гэтыя дзве лавіны. Найперш тое, што пры ix славянскім землям адначасова была пагроза як з Усходу, так i з Захаду. Раней тое, што не зрабілі тут гуны, здаецца, спрабавалі інтрыгамі альбо сілай дакончыць варагі — ваяўнічыя i хцівыя наёмнікі, віжы, купцы з паўночных i заходніх краін, а цяпер сюды, дзе не ступіла нага мангольскага каня, лезуць зноў жа заходнікі.
Быў ці не быў пошапт тых продкаў i нашчадкаў даўніх гунаў з варагамі — цяпер цяжка сказаць, вельмі ж шмат на ўсім гэтым гістарычнай павуціны i пылу, блытаніны ў напісаным i расказах вучоных людзей. Шмат не скажаш i пра варункі Чынгісхана, Рымскага Папы i мечаносцаў: нямала ва ўсім гэтым тайны, розных чутак, а можа, i супадзення.
Ды ўсё ж варта падумаць, чаму амаль у адзін час Чынгісхан пачаў азіяцкія заваёвы, рушыў на Захад, а мечаносцы ўзяліся спачатку асвячаць язычніцкія землі, а пасля палезлі на Усход, на ахрышчаных у праваслаўе славян? Хочаш ці не хочаш, але прыходзіць думка: усё ж невыпадковы адначасны рух манголаў i мечаносцаў насустрач адны адным!
Праўда, мечаносцы, а пазней тэўтоны не заяўлялі i не заяўляюць пра скарэнне Сусвету, «нясуць слова божае». Ды i язычнікі, i хрысціяне праваслаўныя хутка разабраліся, што няпрошаныя госці-прапаведнікі разлічваюць не столькі на сілу свайго вучэння, колькі на меч, а гэта значыць, што хочуць паваяваць, звычайныя захопнікі. Таму невыпадкова ўжо на тутэйшых аблогах набылі вялікую славу васал Полацка кукейноскі князь Вячка, Аляксандр з Ноўгарада i той жа Даніла з Холма, якія не толькі скрыжавалі мячы з набрыддзю, але ł білі тых, змушалі ўцякаць. Ды мечаносцаў i тэўтонаў гэта не запыніла i не запыніць, не проста так яны, пабітыя, восем гадоў таму злучыліся ў адзін Лівонскі ордэн. Канечне ж, прыйдзецца яшчэ з імі, крыжакамі, сутыкнуцца. Канечне ж, трэба збіраць супраць ix вялікую сілу, пільна сачыць за ўсімі іхнімі варункамі з манголамі. Іхні саюз — калі не пагібель, дык доўгая i цяжкая няволя для многіх славянскіх земляў.
Што змушала Усяслава думаць, што калі не такі саюз, дык такая змова магла быць? Ды тое, што манголы i крыжакі нібы разам абкладвалі славян. Калі восем гадоў таму Батыевы орды падышлі да Разані i замахнуліся на ўсю Уладзіміра-Суздальскую Русь, дык амаль гэтым жа часам магістр ордэна крыжакоў Б рун меўся рушыць з Драгічына на Галіч, Валынь і, па чутках, нават на Кіеў, ды яго апярэдзіў абачлівы князь Даніла, першы ўдарыў па Бруну i пабіў таго (гэта быў i першы яго, Усяславаў, бой з крыжакамі). Тады ж Рымскі Папа аб'явіў крыжовы паход... не, не на манголаў, а на язычніцкія i праваслаўныя землі. A калі ў 1240 годзе манголы цёмнай хмараю наблізіліся да Кіева, дык на Няве высадзіліся шведы, a ў 1242 крыжакі пасунуліся на ацалелыя ад манголаў Пскоў i Ноўгарад. Урэшце, канечне ж, не проста так, што рыцары — дарадцы як у Батыевым стане, так i ў мангольскай сталіцы. Што да крыжакоў, дык калі ім надавалі як след пскоўскія, ноўгарадскія i полацкія воі, дык тыя заключылі мір з Ноўгарадам i ў апошнія гады насядаюць па Заходняй Дзвіне i па Немане. Не толькі нечапаны манголамі, але i пабагацелы Навагародак для ix,— здаецца, цяпер вельмі спакусны i прынадны кавалак...