Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
Усе з захапленнем i жахам расказвалі пра Тэмучына — былога бедняка, раба, але смелага, разумнага, справядлівага i ў той жа час бязмежнага ў жорсткасці чалавека, які стаў вялікім каганам Чынгісханам. Ён не толькі здолеў сабраць i закілзаць усю мангольскую сілу, падакляраваць суродзічам не многа i не мала, а пашу ва ўсім свеце, але кіўком аднаго пальца змусіў ix даверліва i паслухмяна згарнуць шатры i юрты, ускочыць на коней i паімчацца з запаснымі табунамі за ім, Трасуном Сусвету.
Па аповедзе тых, хто ведае карту зямлі, манголы захапілі дзяржаву Kapo[33], дзе, як кажуць, край зямлі, вялізнае мора, за якім узыходзіць сонца, заваявалі тангутаў[34], а пасля, звыкшыся ўжо з пустынямі, гарамі, шырокімі альбо бурнымі рэчкамі, спапялілі цёплы i ўрадлівы край шматлікага цемнатварага люду, які мае зялёны сцяг прарока[35], скарылі гордыя каўказскія плямёны, папоўнілі свае сілы полаўцамі-кіпчакамі[36], услалі трупамі зямлю русічаў аж да Ноўгарада, а потым, абмінаючы радзімічаў, зачапіўшы ўскраіны Турава-Пінскай i Берасцейскай зямель, зруйнавалі Кіеў i па Галіцка-Валынскай зямлі, гонячы перад сабой полчышчы больш чым з сарака паваяваных плямён i народаў, уварваліся ў «вячэрнія краіны», каб дайсці да апошняга мора[37], за якое заходзіць сонца, а гэта значыць, заваяваць Сусвет i ўладаром яго назаўсёды зрабіць манголаў.
Жах ад пяцьсоттысячнай віхурнай i згуртаванай арды Батыя — Чынгісханавага ўнука — зведалі многія польскія, венгерскія, чэшскія, мараўскія, багемскія, нямецкія землі (ахаваныя жалезам нямецкія рыцары лічылі сябе самай перадавою i непераможнаю сілай, але манголы разбілі ix ушчэнт). Валасы дыбам сталі ад страху ў італійцаў i франкаў, a Рымскі Папа, гаварылі, збег са сваёй рэзідэнцыі ў Францыю, a рымска-германскі імператар Фрыдрых II Гогенштаўфен у Сіцыліі ўпотай трымаў судна, каб на ім у самую небяспечную хвіліну збегчы ў Александрыю ці ў Бейрут. Ён, як i кароль франкаў Людовік IX, нібы не чуў слёзных просьбаў славян, якія спрабавалі запыніць манголаў.
Джыхангір — Заваёўнік Сусвету — Батый чамусьці (смерць у Карокуруме вялікага кагана Угедэя i тамтутэйшы неспакой? Боязь пакідаць агромністы тыл без вялікай сілы? Тайныя перамовы з Папам альбо яшчэ што-небудзь?) нечакана павярнуў сваю конніцу і, цяжка цягнучы напханы жывот, як тыгр пасля ўдалага палявання на буйнага звера, паволі адышоў. Ажно ў Каракорум. Там абралі новым вялікім каганам Гуюка, а Батыю зноў уручылі бацькаў Паволжскі край, i ён зноў вярнуўся ў палавецкія стэпы — уладаром над полаўцамі i Руссю, наглядачом над Еўропаю.
Як даходзяць чуткі, i Гуюк, i Батый, маючы вялікую сілу, зусім не тояцца, што зноў пойдуць на заходнія краіны, а пакуль што Батый у нізоўях Іціля будуе сваю сталіцу.
Той, хто пабачыў ужо Сарай-Бату, ажно хітае галавой: такога горада, як гэты, яшчэ нідзе не было: ён будуецца з усяго, што захапілі i цяпер бяруць манголы ад паваяваных імі зямель як на Усходзе, так i на Захадзе. З Нябеснай імперыі[38] мудрацы i грамацеі вучаць, як кіраваць дзяржавай i гаспадарыць, навучаюць кніжнай мудрасці i музыцы, а таксама адтуль дальнабойныя агнямёты i сухі пясок[39], што ўспыхвае i ўзрывае самыя тоўстыя сцены: дойлідства — візантыйскае, маўрытанскае, асіра-вавілонскае i егіпецкае, а таксама з Рыма, Русі, Каўказа, Егіпта, Сірыі, Палесціны, Ірака, Ірана, ад туркаў-сельджукаў, з Венецыі, Парыжа i Лондана. Каго з будаўнікоў, кавалёў, збраяроў, ганчароў, гарбароў, ткачоў, ювеліраў i іншых майстроў прывялі туды на валасяным аркане, хто, выцерпеўшы далёкі шлях i нягоды, прыбыў сам, каб зарабіць.
Батый i іншая знаць пасяліліся ў камяніцах, але жывуць там толькі халоднай зімою, улетку выязджаюць у стэп, у шатры i юрты. Як i раней, увесь люд (кажуць, у Сарай-Бату больш двухсот тысяч насельнікаў) можа сабрацца, ускочыць на коней i пайсці ў паход менш чым за гадзіну.
33
Землі сённяшняй Карэі.
34
Насельнікі паўночна-заходняй вобласці Кітая.
35
Маюцца на ўвазе продкі казахаў, таджыкаў, кіргізаў, узбекаў, туркменаў, іранцаў i інш.
36
Полаўцы-кіпчакі (куманы)— народнасць цюркскай групы — жылі ў стэпах Каўказа i Паўночнага Прычарнамор'я. Іхні галоўны горад Шарукань, мяркуюць, быў паблізу Харкава.
37
Тады Зямлю ўяўлялі востравам, акружаным вадой, дзе за заходам сонца была суцэльная цемра.
38
З Кітая.
39
Маецца на ўвазе порах.