Прызнанне левага крайняга
- Автор: Катюшенко Михаил Петровича
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Прызнанне левага крайняга». Краткое содержание книги:
Пакрыўджаны, паўп’яны Мох падбягаў пасля матчаў да аўтобуса з былымі напарнікамі па камандзе, жаліўся, што яго, па сутнасці, знішчыла навуковая брыгада разам з трэнерам-драпежнікам.
Лаўлю сябе на думцы, сёння я амаль не звяртаю ўвагі на навакольную прыгажосць, я не знаходжу нават тут спакою і зноў-такі думаю пра тое, ад чаго збег.
Вяртаюся знаёмым шляхам назад, пераходжу падвесны мост (адзначаю пры гэтым, што пульс у мяне нармальны, а ззаду не менш пятнаццаці кіламетраў) і з задавальненнем кідаюся ў сцюдзёную рачную ваду. Наўкруг — ні душы. Цішыня. Раптам знаёмы голас аднекуль зверху;
— Вітаю вас, малады чалавек. Цудоўная ў вас была трэніроўка, ці не так?.. Я ўбачыў, як вы імчалі міма майго дома з хуткасцю кур’ерскага цягніка, а потым я згубіў вас — у пакоі няма, ля англійскага газона таксама. I вось сустрэча. Значыцца, вы адолелі нямала кіламетраў...
На ягоным твары выраз нецярплівасці, а я спакойна абціраюся, мармычу нешта пра тое, што тут выдатнае месца для заняткаў спортам, бяжыцца і дыхаецца надзіва лёгка... Станіслаў Пятровіч робіць выгляд, што яго больш нічога не цікавіць, і пачынае ўжо ў каторы раз расказваць, што гэта невыпадкова, па-першае, сама прырода стварыла непаўторныя ўмовы для работы сэрца і лёгкіх, а, па-другое, графіня спецыяльна высадзіла тут незвычайны парк, у якім пароды рэдкіх траў з усяго свету. Парк да гэтага часу захаваўся, адразу пасля вайны ў замку знаходзіўся лёгачны санаторый, у яго прыязджалі нават кіраўнікі некаторых дзяржаў, у іх гонар над замкам вывешваліся сцягі той ці іншай краіны.
Слухаю Станіслава Пятровіча, упэўнены ў тым, што ён толькі робіць выгляд, што зноў захапіўся расказам пра родныя мясціны, а сам думае зусім пра іншае, пра маю асобу і пра тое, чаму і як я тут апынуўся. Я іду ціха, бо пад’ём крутаваты для Станіслава Пятровіча, я чую, як ён перарывіста дыхае. У маім пакоі мы п’ём чай, ён гаворыць, што зараз сюды прынясуць ежу. I запытальна глядзіць на мяне. Я маўчу, ён таксама. Нарэшце зноў занепакоена пытаецца:
— Дык што ўсё ж такі здарылася?
Я не магу яму больш маніць, але не ведаю, з чаго пачаць. Сапраўды — з чаго?! Каб я сам ведаў...
— У нядаўніх гульнях усю каманду, і цябе ў тым ліку, было проста не пазнаць. Я ўявіць не магу, як ты мог не забіць гол у апошнім матчы. Да варот было метраў восем, не больш, табе ніхто не перашкаджаў. Затое ў вашы вароты мячы ляцелі, як у казцы пра Хатабыча.
Я па-ранейшаму маўчу. Ён закрануў тое, пра што да гэтага мне ўдавалася не думаць. Разумею, не змагу яму ўсяго растлумачыць.
— Разумееш, Станіслаў Пятровіч (мы з ім даўно на «ты», нягледзячы на розніцу ва ўзросце, праўда, ён калі-нікалі любіць да мяне звяртацца на «вы», тым самым як бы ўзвышае маю непаўторную асобу над грэшнай зямлёй), сітуацыя складаная, каб вось так адразу... Я палічыў, што мне лепш за ўсё зрабіць перапынак на некаторы тэрмін.
— Збег? — ён пужаецца.
— Збег.
Станіслаў Пятровіч з незвычайнай лёгкасцю падскоквае са свайго месца.
— Хлапчук, вось вы хто! А вам, дарэчы, не так ужо і мала. Можа, нагадаць?! Больш як чвэрць стагоддзя. Уяўляеце, чым гэта можа скончыцца?! Вам мала той, я лічу, проста страшнай гісторыі?!
— Я таксама лічу — дастаткова,— згаджаюся я.— Але я не мог вытрымаць, не мог, зразумей ты мяне.
Адыходжу ад акна.
— Потым, цераз некалькі дзён, я, можа, змагу... Але толькі не цяпер.
— Фалалееў ведае, дзе ты? — ён пераходзіць на «ты».
— Ніхто не ведае. Фалалееў таксама.
— Дык гэта ж поўнае глупства. Калі ты знік?
— Учора не з’явіўся на трэніроўку, сёння не з’яўлюся зноў.
Ён падыходзіць да мяне.
— Апошнім часам я памылкова лічыў цябе дарослым чалавекам, які навучыўся нарэшце задумвацца над сваім жыццём, які аналізуе свае ўчынкі. Фалалееў усіх падыме на ногі — кіраўніцтва, міліцыю. Так заўсёды робяць, калі знікае самы звычайны чалавек. А ты ж у нас вунь хто?!
— Я думаў пазваніць яму, сказаць, што са мной усё нармальна,— адказваю я зусім спакойна. I сам веру ў свае словы.