Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
1 ... 174 175 176 177 178 179 180 181 182 ... 221
Перейти на страницу:

— План! Гляджу, заўтра будзе цяганіны праз гэты ідыёцкі план, — не стрымаўся Валошын і вылаяўся.

— Калі ўжо план, дык кропка, — усё зразумеўшы, уздыхнуў Маркін. — Цяпер Гунько ад яго ні на крок, ведаю.

— Калі б хоць план, а то… У шэсць трыццаць атака. Чаму ў шэсць трыццаць? Толькі развідняе. — Што не зроблена за ноч, ужо не даробіш — некалі. I людзі не адпачнуць як след. У шэсць трэба ўжо сняданкам накарміць. Ні даразведаць, ні агледзецца… Але ж ім трэба да паўдня аб выкананні далажыць. Каб іх поспехі ў сутачную зводку ўключыць. Таму і гэтая спешка.

Валошын не мог стрымаць абурэння, хоць праз хвіліну і пашкадаваў аб тым. Наракаць на паводзіны камандзіра палка ды яшчэ ў прысутнасці падначаленых было не ў яго правілах, хутчэй наадварот. Але і стрымацца ў гэты раз было цяжкавата — столькі ўжо назбіралася на ягонай душы за гэтую ноч труднага і нервовага.

— Ладна, — сказаў ён больш сам сабе, чым іншым. — Вы адпачывайце, Маркін. Да чатырох ноль-ноль. У чатыры я вас падніму, сам пару гадзін драману.

— Ага, я засну, — пагадзіўся Маркін, але ўсё сядзеў, пазіраючы ў адну кропку на светлай дошцы скрынкі.

— I, гэта, дайце мне вашай брытвы, — папрасіў камбат. — Пагаліцца хачу.

Маркін дастаў з палявой сумкі акуратна загорнутую ў кавалак газеты брытву, мыльніцу і круглае, трэснутае пасярэдзіне люстэрка. Камбат пачаў рыхтаваць мыла, а начштаба расслаблена сядзеў, няпэўна пазіраючы на яго падрыхтоўку.

— Дык я лягу, — паўзапытальна сказаў ён нарэшце, і Валошын пацвердзіў:

— Ага, кладзіцеся. Да чатырох.

Маркін адкінуўся на салому і вельмі хутка сціх, нібыта прытаіўся за скрынкамі. 3 глыбокім шумным дыханнем спаў на спіне Гутман, далёка выцягнуўшы ногі ў пацёртых са збітымі абцасамі кірзачах. У куце над скураным футаралам свайго апарата, часта прахопліваючыся, драмаў Чарнаручанка, часам выклікаў «Волгу» і прадзімаў трубку. У печцы агняным водсветам дагарала рэшта вуголля, і слабыя водблескі ад іх ляжалі на цёмных жэрдках у столі.

Камбат сцягнуў з плеч шынель, падкасаў каўнер гімнасцёркі. Галіўся ён зусім не таму, што заўтра чакаў яго цяжкі бой, у якім магло здарыцца найгоршае з усяго, што здаралася з байцом на вайне. Проста ён адчуваў на шчоках шчацінне і ведаў, што заўтра часу ў яго не будзе. Цяпер жа настала самая ціхая часіна ночы, калі, апроч немцаў, наўрад ці яго хто патрывожыць, і ён супакоена расслабіўся на саломе, застаючыся ў гэтай цішы сам-насам са сваімі клопатамі.

Націраючы мыльнай вадой абсівераны падбародак, ён у каторы ўжо раз думаў, уздыхаючы, якой па-звярынаму труднай выдалася гэта вайна. Ці калі была яшчэ такая ў гісторыі? Ваенная ўдача на поўдні дала ўздыхнуць з палёгкай, Сталінград абнадзейваў, напэўна, цяпер там весялей. Але тут, у гэтых лясах і балотах, на гэтых пагорках і прасёлках, ля разбураных вайной вёсак па-ранейшаму жахліва цяжка. Па-ранейшаму вораг б’ецца да апошняй магчымасці, упарта абараняючы кожную вышыню ў полі і кожны будынак у вёсцы. Каб яго адолець, колькі патрэбна сілы і ўмельства, і калі чагосьці бракуе, увесь цяжар барацьбы кладзецца на шматпакутную матухну-пяхоту, якой трэба плаціць за ўсё сваёй уласнай крывёю. I часта тыя, хто плоціць па гэтым крывавым рахунку, не могуць сабе і ўявіць, што ў іх бедах можа быць хто вінаваты, што дзесьці не хапіла часу, не ўправіўся транспарт. Ад колькіх прычын залежыць, каб іхняя кроў аказалася меншай і не так катастрафічна таялі іхнія жыцці.

Гунько рабіў адпаведнае ўражанне сваёй пунктуальнасцю, умеў ліха далажыць начальству і з усёй строгасцю спагнаць з падначаленых. Да таго ж ніхто ў палку з такім форсам не насіў ваенную форму, як яго камандзір, заўсёды апрануты ў форменны шынелак з мноствам рамянёў, планшэтак, абуты ў начышчаныя хромавыя боты пры шпорах. Выгляд яго быў бездакорны. А як ён паводзіць сябе з падначаленымі, як дзейнічае ў баі, гэта начальству не відаць, на полі бою яно з ім не сутыкаецца. Затое гэта вядома ім, камандзірам яго батальёнаў. Просячы перанесці атаку на раней, Валошын напэўна ведаў, што камандзір палка не згодзіцца, бо цэлая сістэма мерапрыемстваў у плане прывязана менавіта да вызначанага тэрміну, які цяпер кампалка сваёй уладай змяніць не мог. Для таго яму давялося б званіць камандзіру дывізіі, дабівацца, каб той нешта перайначыў, даў новыя каманды, нешта адмяніў і нешта ўвёў новае. Але ў такім выпадку камдыву трэба было б пераглядаць нейкія ранейшыя свае рашэнні, вяртацца да таго, што ён ужо палічыў скончаным і да чаго, напэўна, не меў жадання вяртацца, тым болей што яго, безумоўна, чакала нямала іншых, не меней важных і яшчэ не вырашаных спраў. А шкада. Гадзін у шэсць або нават у палове шостай у перадсвітальным прыцемку батальён, мабыць, змог бы без стрэлу, паціху адолець балота і зачапіцца за схіл, да траншэі на гары засталося б менш, тады, можа б, і ўварваліся ў яе, хоць бы і пад агнём. Але тады рабілася непатрэбнай артпадрыхтоўка, яе трэба было б адмяніць, а хто гэта дазволіць? Каму разбірацца, што замест сапраўднай артпадрыхтоўкі будзе адно яе падабенства, якое не шмат дапаможа батальёну сваімі сарака снарадамі, выпушчанымі за дзесяць хвілін на світанні, калі ўсе немцы будуць сядзець у абсталяваных за два дні бліндажах і ў траншэі застануцца адны назіральнікі.

1 ... 174 175 176 177 178 179 180 181 182 ... 221
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)