Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0122-2
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
11
Звыкла і нявесела разважаючы і адначасна ўслухоўваючыся ў шорхат ветру наверсе, камбат пагаліўся, агледзеў у люстэрка свой падкаўнерык, падумаў, што не шкодзіла б падшыць новы, але падкаўнерык падшываць не стаў. Ён на ўсе гузікі зашпіліў гімнасцёрку, надзеў шынель, пацёрты, прастрэлены, папэцканы ў зямлі, але звыклы і яшчэ нават чымсь франтаваты яго шынелак, які ён пашыў на заказ у час фарміроўкі ў Свярдлоўску. Рэмень і партупея дасталіся яму з поля бою ад колішняга ягонага намесніка старшага лейтэнанта Сарокіна, забітага ў студзені пры разведцы боем, — свой, даваенны, прапаў пасля яго цяжкога ранення пад Ржэвам. Але і гэты яшчэ быў някепскі — пашкрэбаны, але каляны, з камсастаўскай палявой спражкай, дзвюма партупеямі і нават свістком у маленькім футаральчыку на левым партупейным рэмені. Камбат пасунуў на дзязе і расшпіліў пацёртую і абшкрэбаную ў траншэях кабуру, з якой выцяг свой пісталет ТТ выпуску 1939 года з ладнай пластмасавай рукаяткай. Пасля ўжо пластмасавыя не выпускалі — рукаяткі рабілі з дрэва. У абодвух яго магазінах было па сем штук патронаў — восьмы ён звычайна дасылаў у патроннік, каб аслабіць спружыну. Пісталет гэты быў для яго тым, чым можа быць на вайне толькі найлепшы сябар, які не раз дасведчыў камбату сваю нямую адданасць. Апошні выпадак усё яшчэ выклікаў у Валошына лёгкія дрыжыкі пры ўспаміне аб тым, як гэта здарылася і чым магло скончыцца. Неяк тыдзень назад у часе ашалелай сутычкі ў нямецкай траншэі Валошына збіў з ног дужы малады эсэсавец, у руцэ каторага бліснуў перад яго вачмі нож. Падаючы, камбат паспеў стрэліць, на якую долю секунды раней, чым той апусціў руку, і эсэсаўскі нож па самую рукаятку ўвайшоў у зямлю ў якіх-небудзь двух сантыметрах ад яго пляча.
Пісталет страляў безадмоўна, за дваццаць крокаў Валошын лёгка адбіваў рыльца пастаўленай на пянёк бутэлькі, збіваў па заказу любую галінку з дрэва. Кожны раз, разбіраючы яго перад чысткай, ён са шкадаваннем думаў, што некалі ім прыйдзецца расстацца, і хацеў, каб пасля той дастаўся харошаму чалавеку. Шкадаваць не будзе.
Асцярожна ссунуўшы з рукаяткі затвор, Валошын не надта чыстай насоўкай старанна выцер яго пазы, выняў спружыну. Трэба было б прачысціць і ствол, у якім за некалькі дзён пасля апошняй стральбы, мабыць, нарасло каросты, але ў яго не было шчолачы. Ён нерашуча паўзіраўся ў соннага Гутмана, пазгадваў, куды той мог запіхнуць рэчмяшок з іх салдацкай маёмасцю, як раптам пачуў чыесь крокі. Яны гулка аддаваліся ў падмерзлай зямлі і яўна набліжаліся да іх зямлянкі. «Разведчыкі!» — з раптоўным ажыўленнем падумаў камбат, але ў траншэі крокі прыціхлі, ад няўмелых рук незнаёма зашамацела палатка, і ў зямлянку прасунуўся расчырванелы на ветры маладжавы твар.
— Дазвольце, таварыш капітан?
— Калі ласка, — сказаў Валошын, адчуўшы лёгкае расчараванне ад таго, што замест доўгачаканых разведчыкаў прыйшоў камсорг палка лейтэнант Круглоў.
Зрэшты, камсорг быў неблагі афіцэр і таварыскі хлопец, і расчараванне камбата неўзабаве знікла.
— Што, маёр Міненка паслаў? — збіраючы пісталет, запытаў Валошын.
— Ну. У вас жа намячаецца заўтра, — проста сказаў Круглоў, знімаючы з рук рукавіцы. — А што гэта печка затухла? Дроў няма? Ну тожа, гаспадары мне — у лесе жывуць, а дроў не маюць.
Перш чым камбат з Чарнаручанкам паспелі што-небудзь сказаць, камсорг прыўзняў край палаткі і знік у траншэі. Пачуўся яго прыглушаны голас на НП да вартавога, крокі, пасля зноў усё змоўкла.
— Шабутны камсорг, — сонным голасам прамовіў Чарнаручанка, не то з пахвалой, не то з асуджэннем маладога лейтэнанта, якому па сваім узросце гадзіўся ў бацькі.
«Жвавы, ага», — падумаў Валошын. Круглова ён ведаў даўно, яшчэ з таго часу, як сам камандаваў ротай, а гэты лейтэнант быў камандзірам узвода ў палкавой роце аўтаматчыкаў. Спрытны быў аўтаматчык, нічога не скажаш. Зрэшты, стаўшы камсоргам палка, лейтэнант, здаецца, не перамяніўся.