Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0122-2
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
— Заўтра іншая, — пагадзіўся Іваноў.— Ну як-небудзь. Жадаю поспеху. А зрэшты, што жадаць, разам жа будзем.
10
3 НП Іванова ён пайшоў да свайго ланцуга, мяркуючы неўзабаве наткнуцца на кулямёты Ярашчука. Але гэты Ярашчук, мусіць, быў сёння няўлоўны. Камбат прайшоў па схіле да нізу, да самага балота, і нідзе не знайшоў кулямёты. Ён зноў прамінуў іх і зразумеў гэта, калі згледзеў у цемры адзіночныя ячэйкі нейкае з сваіх рот, далей чарнела ў ночы хмыззё, між якога шарэлі плямы балотнага лёду. Яго ніхто не аклікнуў, але ён сам пачуў сцішаны ўначы голас Муратава і здагадаўся, што гэта вярнуліся разведчыкі, якіх пасылаў Маркін.
— Трэба далажыць на КП. Дзе старшына? Ідзіце на КП.
— Не трэба на КП, — сказаў Валошын, падыходзячы да некалькіх цёмных постацей. — Усе вярнуліся?
— Усе, таварыш камбат, — ціха азваўся Муратаў.— На фланговым пагорку нашы.
Валошын падышоў бліжай, трое байцоў у шапках з адтапыранымі вушамі насцярожана стаялі з вінтоўкамі ля нагі.
— Былі на вышыні? — запытаў ён.
— Не, таварыш камбат. Да вышыні не далезлі, дрыгва там. I так во па калена, — сказаў адзін з байцоў і, расхінуўшы полы шыняля, паказаў цёмныя, мусіць, мокрыя, сцёгны. — Але мы чулі.
— Што вы чулі?
— Нашыя там. Капаюць акоп. Чулі, лаюцца, і ўсё такое. Па-нашаму, па-руску.
Валошын прымоўк. Тое, што там нашы, а не немцы, было няблага, але такі метад разведкі гэтых разведчыкаў — на слых — яўна не задавольваў яго. Мусіць, заўважыўшы недавер камбата да вынікаў свае работы, усё той жа баец з жывасцю расказаў:
— Улезлі ў кусты, сядзім, чуем, яны там зямлю дзяўбуць. Хацелі ўжо вылезці па вадзе, ды чуем, па-нашаму размаўляюць: «Валодзя, куды ты, кажа, падсумкі дзяваў?» — «На шынялі, кажа, мае і твае». Ну, ведама ж, нашы, — з упэўненасцю скончыў баец.
— Калі нашы, тады трэба ўстанавіць з імі сувязь, — сказаў камбат. — Дамовіцца пра ўзаемадзеянне на заўтра. Паклічце мне лейтэнанта Кізевіча.
— Ёсць!
Баец пабег у кірунку да дзевятай роты, а Валошын задуменна паўзіраўся ў той бок, за балотца. Ведама, у цемры ён нічога не ўбачыў, але ён ведаў, што пагорак там быў маленькі, сілу на ім вялікую не размесціш, хіба які ўзвод мог бы там акапацца і памагчы батальёну агнём па вышыні «Вялікай». Толькі хто яго мог заняць — няўжо падышоў авангард суседняй арміі? Гэта было б здорава.
Чакаючы Кізевіча, Валошын прысеў на цвёрдыя камякі бруствера адзіночнай ячэйкі, некалькі байцоў, што стаялі каля яго, пачалі стукаць ціхенька, але настойліва чаравікамі — грэць ногі.
— Што там, сапраўды нельга прайсці? — запытаў камбат.
— Вада там, таварыш капітан. Не ўмерзла. Мы пайшлі — праваліліся, насілу вылезлі.
— А як жа тыя прайшлі?
— А хто знае? Можа, дзе і ёсць праход. А ўночы як знойдзеш?
«Так, так, — думаў камбат. — Наўрад ці іх там многа. Можа, сакрэт ад суседзяў? Але ўсё роўна трэба звязацца. Трэба кагось паслаць».
Калі валюхастым крокам падышоў з цемры Кізевіч, Валошын сказаў:
— У вас ёсць талковы сяржант?
— Гэта навошта?
— Устанавіць сувязь з вышынёй «Малой». За балотцам.
— Што ўстанаўліваць! — цепнуў плячом Кізевіч — Там нікога няма.
— Як няма? Во людзі прыйшлі, чулі — галасы. Нашых, рускіх.
— Што яны маглі чуць? Я да вечара туды глядзеў — ніводнай жывой душы. Можа, яны ў цемры не на той бугор вылезлі? Можа, правей узялі, там праўда нехта поўзаў увечары.
Камбат памаўчаў, не ведаючы, што рашыць. Упэўнены тон камандзіра роты яго бянтэжыў, але і хлопцы таксама былі ўпэўнены, што ішлі правільна.
— Мы ж прама ішлі. Цераз кусты. Пад самы бугор. Але ж там вада, не ўмерзла. Балота.
— Вось іменна балота. Залезеш — не вылезеш, — сказаў Кізевіч і адвярнуўся.
— Тым не менш пашліце сяржанта з байцом. Хай дакладна ўстановіць: хто і колькі.
— Сяржанта! У мяне іх зашмат?
— Самахвалаў у вас ёсць? Яго і пашліце.
Кізевіч пастаяў моўчкі і пайшоў у ноч, несучы незадаволенасць новым загадам. Валошыну гэта не дужа спадабалася, але камандзір дзевятай меў асобны характар і рабіў так не першы ўжо раз. Да таго ж ён гадоў на пяць быў старэйшы за Валошына, і гэтая акалічнасць трохі стрымлівала камбата ў падобных сітуацыях.
Валошын коратка развітаўся з маўклівым, заклапочаным сёння Муратавым і пайшоў у роту Самохіна — важна было дазнацца наконт мінаў на той, галоўнай іх, вышыні. Хоць ён і разумеў, што ўночы сілай двух байцоў не шмат чаго разведаеш на даволі шырокім умерзлым схіле, але ўсё ж. Па крайняй меры, хоць адна знойдзеная там міна дала б камандзіру батальёна знак, што вышыня замініравана і што без яе размініравання нельга пачынаць атакі. Горш, калі яны там нічога не знойдуць і ён заўтра налезе з батальёнам на міннае поле.