Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Ночы на Плябанскіх Млынах
Ночы на Плябанскіх Млынах - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Ночы на Плябанскіх Млынах

Электронная книга - «Ночы на Плябанскіх Млынах». Краткое содержание книги:

Ночы на Плябанскіх Млынах
1 ... 9 10 11 12 13 14 15 16 17 ... 31
Перейти на страницу:

— Гэта ваш вялікі шанец, малады чалавек! – даверліва сакатаў вусаты пан. – Згаджайцеся! Запэўніваю, што ніякога злога намеру тут няма, і ні ў якую ганебную справу вас ня ўцягваюць. Ну, вы ж прыроджаны артыст!

І сунуў мне яшчэ дзесяць рублёў.

Я вярнуўся ў свой катух на Францысканскай. Мой таварыш ляжаў на ложку п’яны і ціхі, як фаршыраваная рыбіна. Я хадзіў з кута ў кут, быццам навязаны баранчык, і мроіў, нібыта ў гарачцы. То закулісны пан бачыўся мне падступным Мефістофелем, то высакародным Гарунам-аль –Рашыдам… Нарэшце я схапіўся за томік Шэксьпіра, як касьцельная дэвотка за ружанцы, і паспрабаваў уявіць сябе Гамлетам… І – уяўленьне зацягнулася да апоўначы… Цяпер мне проста невыносна карцела паказаць камусь дасьведчанаму ўсе гэтыя аднойдзеныя паставы ды інтанацыі, усе жывапісныя драпіроўкі плашча, замест якога я выкарыстаў коўдру… У дзьверы пастукалі. Ня стану хаваць – я скалануўся ад містычнага жаху. Арцёмка замыкаў, закруціўся на ложку… Я ня стаў яго раскатурхваць, тым больш лягчэй было прымусіць размаўляць качан капусты, і, набраўшыся сьмеласьці ад Гамлета, расчыніў дзьверы. Так пачаліся мае начныя прыгоды.

Да тэатру мяне давезьлі ў закрытым экіпажы, пустым, як галава субрэткі, але з абабітымі аксамітам сядзеньнямі. Я крадма вышукваў дзе-небудзь выяву герба – вядома, каралеўскага або, на горшы выпадак, княскага, але акрым вытанчаных расьлінных арнаментаў з мосенжу не знайшоў нічога адметнага. У такіх карэтах герояў звычайна выкрадаюць… Але мяне высадзілі на прыступках тэатру, і зараз жа падхапіў пад локаць вусаты знаёмец.

— Мы вельмі вам удзячныя… Хутчэй, хутчэй, рыхтуйцеся…

Мы амаль подбегам увайшлі ў будынак, там да нас кінулася дама ў сукенцы з чорнага шоўку, з валасамі, таксама падобнымі да чорнага шоўку. У цьмяным сьвятле газавай лямпы, якая асьвятляла калідор, я разгледзеў тонкія арыстакратычныя рысы… І зноў думкі пра таемнае жыцьцё князёў ды каралёў палезьлі ў галаву. Вялізныя цёмныя вочы жанчыны блішчэлі незразумелай трывогай, ледзь не адчаем. Яна хутка загаварыла высокім голасам, які, здаецца, перарываўся ад гора. Вусаты адказаў ёй… Ну вось хоць гэта высьветлілася — італьянцы! Я разьбіраў асобныя словы, якія заселі ў памяці з оперных арый: “далорэ” – здаецца, боль… “падрэ” – бацька, альбо, можа, сьвятар, “рагацца” – хлопчык… Гэта што, пра мяне? Ну так, пра мяне… Дама змоўкла і пачала з недаверам вывучаць маё аблічча, можна было б сказаць, бесцырымонна, каб ня тая трывога і горыч, якія ахутвалі незнаёмку, як водар – куст язьміну. Італьянка нешта спытала ў вусатага, я зразумеў, сумняваецца, ці спраўлюся. Але вусаты энергічна замахаў рукамі, папляскаў мяне па плячы. “Сі, сі...” Залапатаў нешта, напэўна кшталту “Самае тое, ня бойся, хлопец-ураган”…

Дама, перарывіста ўздыхнуўшы, сышла, кінуўшы мне на разьвітаньне дзіўны позірк, адчайна-умольны, і вусаты пацягнуў мяне далей.

— Толькі, вельмі вас прашу, нічым сябе ня стрымлівайце. Дайце волю свайму тэмпераменту, грайце ў поўную сілу, імправізуйце! — мармытаў мой спадарожнік мне на вуха, і я пачынаў патроху шалець ад усяго гэтага.

За кулісамі мяне чакала адчыненая грымёрка першага героя і касьцюм дацкага прынца.

Электрычнасьць у тэатры не была ўключаная, і сцэна асьвятлялася, як даўней, сьвечкамі. Ніколі не забуду гэты сьпектакль. Наўрад мне ўдасца перажыць калі-небудзь такое неверагоднае хваляваньне і натхненьне, падагрэтае небясьпечнай таямніцай. Я выляцеў у прывіднае сьвятло сцэны, адчуваючы сябе Кінам, Сальвіні і Качалавым у адной асобе. “Быць ці ня быць – пытаньне вось у чым!” Вядома, нават у апантанасьці роляй я крайком сьвядомасьці прагнуў разгледзець публіку. Яе сапраўды было няшмат. Сем чалавек сядзелі ў першым радзе партэру. Так, відовішча ледзь мяне не зьбянтэжыла. Вялізная чорная прорва залы, незвычайная цішыня, водбліскі агню на тварах гледачоў... Вось мой вусаты імпрэсарыё, вось – знаёмая чароўная дама. Нейкая пажылая кабета ў капелюшы ўвесь час падносіла да вачэй хустачку, як я пасьля вырашыў, расчуленая маёй ігрой. Увогуле, цяжка ўявіць больш удзячную публіку. Усе сачылі за кожным маім рухам, вельмі сур’ёзна і засяроджана, нават не перашэптваліся. Але мая ўвага адцягвалася на старога ў сурдуце, які сядзеў пасярод кампаніі… Я заўважыў, што на яго скіроўваліся час ад часу позіркі ўсіх, запытальна-ўстрывожаныя. Выглядаў старэча, як праўдзівы Гарпагон, фанабэрысты, аскетычны скупеча. Прыгажуня італьянка сядзела побач з ім і час ад часу пяшчотна гладзіла па руцэ, нібыта прасіла быць больш паблажлівым. Ага, значыць, вось ён і ёсьць, мой галоўны крытык!

1 ... 9 10 11 12 13 14 15 16 17 ... 31
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)