Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0123-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
Ну вось, узараў я гарод, пасадзіў бульбу, думаю: заб’юць, дык маці хоць на першым часе будзе як перабіцца. Намякнуў старой, а тая плакаць: «Лепш бы ты, — кажа, — на вайне ўлетку пагіб, чым цяпер у паліцыю ісці». — «Нічога, мамаша, — кажу. — Я ім паслужу. Я ў парцізаны перабягу, мне б толькі зброю займець». Ну, трохі супакоіў старую, і ранічкай мы з Бекешам падаліся ў мястэчка.
Я ўжо казаў, што там знаёмыя былі, двое з нашай вёскі, з мястэчка некалькі. Скажу вам — розныя людзі. Каторыя сволачы, а каторыя і нішто, толькі застрашаныя, асабліва сямейныя. Куды ім? Калі што — немцы дзяцей пахапаюць, баб, пакараюць люта. Ну, паслалі нас з Бекешам у трэці ўзвод, пачалі муштраваць на пляцу — страявой, прывітанню, як у арміі. Формы яшчэ не было, у сваім хадзілі, хто ў чым. Я ў гімнасцёрцы, шэрым шыняльку, ботах кірзавых. Вінтовак пакуль на давалі, усё без зброі мурыжылі. Паліцыя ў школе размяшчалася, цагляная будыніна такая на адзін паверх у цэнтры мястэчка, ля мосціка. Начальнікам быў звер адзін, хадзіў увесь у рамянях, з маўзерам на баку, лютаваў — не дай бог. Калі якое падазрэнне ці парушэнне — біў кулаком у морду, а то перадаваў у эсдэ на станцыю, там нямецкі гарнізон асталяваўся. Два ўзводы, каторыя ўжо ўзброеныя былі, часта па трывозе паднімалі — то на арышты, аблавы, то проці патцізан. І вось неяк раз — у маі гэта было, ужо лес распусціўся — ноччу трывога! Усе высыпалі строіцца, а я ў нарадзе днявальным стаяў. Гэты раз усіх пагналі на падводах і вярхамі, недзе парцізаны напалі, на выручку, значыць, сваіх. І трэці ўзвод тожа пагналі, толькі два хворыя засталіся і трое нас з нарада. Як усе вымеліся, я казарму падмёў, стаю ля тумбачкі ў калідоры, другі днявальны толькі змяніўся, закімарыў пад шынялём на нарах. А дзяжурны, старшы паліцэйскі Сурвіла, з вінтоўкай на ганку ходзіць. З усіх нас толькі ён са зброяй. Вось, думаю, лёг бы і ён адпачыць, я б яго вінтовачкай і разжыўся б. Але не кладзецца, зараза. Пад ранак на світанні чуем — страляніна за лесам у баку Слабады, густая такая страляніна ўсчалася, можа, з гадзіну доўжылася. Сурвіла гэты нервуецца — то ў калідор увойдзе, то выйдзе — баіцца, сволач, каб парцізаны не наляцелі. Падлюга быў добры, раней у РДК гаспадарыў, рашка — во, плечы — во, дужы, сабака, а баягуз. Бачу, мандражэ ваўсю яго водзіць. Злосць мяне бярэ, але выгляду не падаю, стаю ў калідоры. На рамяні ў мяне штык, звычайны трохграннік, ад нашай драгункі. Канечне, гэта не зброя, з такім у парцізаны не прымуць. А дзе ўзяць лепшую? Усё думаю аб тым, ламаю галаву.
І вось толькі развіднела, вяртаюцца з аперацыі, спярша конныя, а пасля на падводах, параненых прывезлі чалавек пяць і двое забітых. На палатках нясуць у казарму. Гляджу — і раптам ледзь не закрычаў ля тумбачкі — Бекеш! Галаву звесіў, лоб белы, у валасах кроў. Не так многа крыві, ад кулі, а ўсё! Забіты. Вось табе і раздабыў зброю. Нават у руках не патрымаў, пры возе быў, коней пільнаваў. Сляпы ён, ваенны лёс, нічарта не выбірае. Каго папала косіць, часцей добрых людзей, а свалату якую не зачэпіць і куля.
Значыць, згрузілі забітых, паклалі параненых, і два паліцаі пад рукі вядуць яшчэ аднаго. Тожа паранены ў нагу, нага трохі перавязана, без бота, скача на адной. Гляджу, быццам не наш, у паліцыі такога не было. Пытаюся ў Чарняўскага, паліцая з мястэчка, з якім некалі разам у школе вучыліся, кажа: парцізан, параненым падабралі. Малады такі, у чорнай кубанцы, пахожа, камандзір нейкі з лесу.
Павалаклі яго ў канцылярыю на допыт, а канцылярыя якраз насупраць, праз два крокі ад мяне, я стаю ля тумбачкі і ўсё чую, як там яго мардасяць. Начальнік з маўзерам, ад эсдэ нейкі граміла ў жоўтых ботах, некалькі паліцаяў. Спярша яго па-добраму, але, відаць, не хоча гаварыць парцізан, дык крычаць сталі. Ну, і дубасіць. Ён таксама крычыць і лаецца. Але ўсё ж нешта і скажа. Чую, прозвішча сваё назваў, а яны ўсё пра Сіняўскі лес дабіваюцца. Пачалі болей дубасіць. Во ён ужо і самлеў, выбеглі па ваду, адлілі. І зноў біць. Пасля перапынак. І зноў. Гэты допыт, мабыць, гадзіны са тры цягнуўся, мяне ўжо змянілі ля тумбачкі. Толькі прылёг, Сурвіла будзіць. Кажа: «Запрагай цялегу, паедзем на заданне». — «Куды?» — пытаюся. «На станцыю, палоннага бандзіта павязём, немцы трэбуюць». Надта мне не спадабалася гэтае заданне: па-першае, парцізана немцам аддаць — гэта ж для яго пэўная смерць; па-другое, я зноў без зброі застаюся. Кажу: «Няхай вінтоўку якую дадуць, як мне з голымі рукамі ехаць?» Кажа Сурвіла: «Не трусь, я са зброяй. Калі пабяжыць. Ды і не пабяжыць ён, ледзьве дыхае».