Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0123-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
— Гатовы? Дзякуй табе, галубок, дзякуй божаньку. Во за труды твае з беднай бабы.
Яна беражна паклала на ражок стала складзены амаль да памеру паштовае маркі рубель і ўзяла чаравічкі.
— Хай носіць на здароўе, — сказаў Агееў.
— Ой дзякуй жа табе! Хай бог дасць здароўечка…
Усё мармычучы словы падзякі яму і богу, яна выйшла на вуліцу, і Агееў узяў са стала рубель, разгарнуў яго. Во і яго першы грашовы заробак, падумаў ён іранічна. Калі так справа пойдзе і далей, прыйдзецца трымаць зубы на паліцы. Яму наўрад ці яны спатрэбяцца.
Той дзень ён нічога не рабіў болей, нават не паеў у полудзень, хаця перад ім на стале ляжалі прынесеныя Марыяй гасцінцы, да якіх ён зрэдзьчасу вяртаўся ў думках. Ён прасядзеў на кухні да вечара, усё пазіраючы ў акно — ці не завітае хто ў двор. Сам ён не хацеў лішні раз без патрэбы вытыркацца на людзі: заказчыкі яго не надта цікавілі — будуць дык будуць, а не, дык, можа, і лепей. У яго быў клопат больш пільны — ён чакаў каго-небудзь з лесу, ад Волкава ці Кіслякова, яму трэба было паведаміць пра новы паварот у ягоным лёсе. Але, як назло, да вечара ў двары ніхто не з’явіўся, не з’явіўся і ўвечары.
Калі ўжо цалкам сцямнелася і над мястэчкам усталявалася ноч, ён паблукаў па двары ў цемры, паслухаў і маркотна патупаў у свой застаронак.
Раздзел чацверты
З самага ранку Агееў сядзеў ля палаткі і чакаў.
Учора ўвечары яго ўсё ж даняло сэрца, і, як толькі трошкі палегчала, ён схадзіў у пасёлак і даў тэлеграму сыну, каб той прыехаў. Ён даўно ўжо не званіў у Мінск і не ведаў, ці застане тэлеграма сына, які часта адлучаўся ў камандзіроўкі — у Маскву, на Ўрал, у Закаўказзе; працуючы ў праектным інстытуце, той быў звязаны з радам прадпрыемстваў па ўсёй краіне. І вось Агееў чакаў, цярпліва і самотна, бо стала відаць, што праца ў кар’еры — не для яго і, каб неяк давяршыць гэтую задоўжаную справу, яму трэба падмога.
З раніцы ён чакаў ля палаткі, але калі ў поўдзень стала прыпякаць сонца, узяўшы вядро, перайшоў у цень пад агароджай могілак. Тут было не так горача, уздоўж невысокай, па грудзі чалавеку, каменнай сцяны часам павяваў ветрык, ціхенька шумела лісце таполяў угары, і наогул было добра ў спакоі, калі б толькі лепш працавала сэрца. Але сэрца працавала па-ранейшаму кепска. Прыступы арытміі з невялікімі прамежкамі адбіралі сілу, часам выклікаючы страх смерці, і ён палохаўся ад думкі, што можа не дачакацца сына і наогул нічога не дачакацца. Так мінула багата часу, сонца павярнула на захад, шырокі з раніцы цень ад дрэў звузіўся да няроўнай паласы пад сцяной, і ён ужо думаў, што прыйдзецца перабірацца адсюль, калі на дарогу з-за могілак выскачыў «жыгулёнак» — чырвоны, нібы вугольчык з жару, трэцяй мадэлі выпуску. Агееў адразу пазнаў машыну і, спалохаўшыся, што яна праскочыць далей, замахаў рукой. Машына прытармазіла, быццам нават спынілася, а затым крута павярнула на пагорак і падкаціла да ягонай палаткі.
— Баця!
Сын быў вялікі, барадаты, як і належыць сучасным маладым мужчынам, ён далікатна абняў паўнаватае, неяк ненетуральна абмяклае цела бацькі, паляпаў яго па плячах.
— Ну, што ты? Ну, як? Прыціснула, ага?
— Нічога, нічога, — сказаў Агееў. — Знаеш, так вось… Дзякуй, Аркадзь, што прыехаў.
— Атрымаў тэлеграму, якраз з Худзяковым сядзелі. Ну, кажа, едзь. Два дні назад квартальную справаздачу здалі, так што…
— Ну, дзякуй…
— А я думаў, што ты ў гасцініцы. Прыехаў, кажуць: не значыцца, — ажыўлена расказваў сын, памахваючы ланцужком ад ключа. — А ты, значыць, на свежае паветра перабраўся? Ці выселілі?
— Не, чаму? Проста бліжэй… — сказаў Агееў і змоўк: пра сваю працу ў гэтам пасёлку ён нічога не расказваў сыну, проста сказаў неяк па тэлефоне, што затрымліваецца, ёсць старыя, з вайны, справы. Сын ведаў, што ў сорак першым ён нядоўга жыў тут, удзельнічаў у падполлі.
— Хіба адсюль бліжэй? — здзівіўся Аркадзь і павярнуўся да бацькі — рослы, шыракаплечы, у імпартнай, на кнопках, кашулі з кішанямі на грудзях і выцертых да белых плям джынсах, якія туга сядзелі на яго худым задзе. — Можа, кіламетр ад цэнтра.
— Ну, каму як, — няпэўна сказаў Агееў. Сэрца яго білася трохі часцей, па-ранейшаму, аднак, са збоем рытму, але цяпер ён не зважаў на сэрца, не прыслухоўваўся да сябе. Ён думаў, чым частаваць сына, які, напэўна, згаладнеў у дарозе, ды той адразу ступіў да машыны.
— Я тут табе адно лякарства дастаў. Імпартнае. Выдатна памагае пры сардэчнай недастатковасці.
Выхапіўшы з салона маленькую скураную сумачку з пятлёй-ручкай, ён расшпіліў маланку.
— Вось: дзі-гак-сін. Учора ў Ермалаева дастаў. Спецыяльна для цябе.