Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
1 ... 165 166 167 168 169 170 171 172 173 ... 230
Перейти на страницу:

І вось лета канчаецца, ваюем мы ў парцізанах, аж трэск ідзе па лясах. То мы іх б’ём у хвост і грыву, то яны нам даюць прыкурыць. Ранейшага камандзіра нашага пераводзяць у камбрыгі, а замест яго ставяць Навікоўскага. Хлопцы да мяне часам чапляюцца, жартуюць: «Сямёнаў, схадзі да свайго дружбака, папрасі, каб аўтаматчыкам мяса падбавілі». Або: «Закінь слоўца, хай пасля аперацыі пад’ём на пару гадзін пазней зробяць». Або: «Што ты ў драных ботах тупаеш, папрасі камандзіра, хай трафейныя выдасць». Я, канечне, адбіваюся, нікуды не хаджу, не звяртаюся. Я ўжо сцяміў, што мой камандзір на мяне быццам злуе, нават пазбягае мяне. І не тое каб чым задобрыць, ну, там даць лішнюю гадзіну паспаць, дык яшчэ наадварот, усё кудысь адаслаць мяне хоча. Другія камандзіры да мяне ўсе нармальна, камісар дык у прыклад перад хлопцамі ставіць. Ды і на самай справе, хіба я дрэнна ваяваў? Падрывалі мост у Шонцах, я паліцая-вартавога зняў. Ды так спрытна, што, пакуль у бліндажы ачухаліся, мы ўсю ўзрыўчатку да свай папрывязвалі. Узарвалі, каравул увесь знішчылі і нікога свайго не страцілі. Камісар падзяку аб’явіў перад строем, гляджу, Навікоўскі моршчыцца. Не па сэрцы я яму, што ты будзеш рабіць! Перад Кастрычнікам пачалі да ўзнагарод прадстаўляць, камісар кажа: ордэн Сямёнаву, а камандзір пярэчыць: медаля хопіць. Ну, «За бэзэ», значыць. А калі толькі дзе пыхне дохлая справа, як у Трасцянскім балоце, дзе немцы абоз наш перахапілі, туды — Сямёнава. Ідзі — памры ці вярні абоз. Пайшоў і вярнуў, не памёр. Дзякуй, канечне, перад строем і так далей. Але, адчуваю, яму было б лепш, каб не вярнуўся, памёр. Штосьці ён падазраваў за мной, а што — доўга не мог дакумекаць.

— Мабыць, гэтую вашу службу ў паліцыі, — сказаў Аркадзь.

— Ды не службу. Не ў службе справа, — перапыніў свой расказ Сямён, ужо не першы раз пакасіўшыся на бутэльку. Аркадзь, канечне, прыкмячаў тыя яго красамоўныя пагляды, але рабіў выгляд, што не разумее іх. Агееў маўчаў, ён ужо зразумеў усё, да чаго з такімі падрабязнасцямі падводзіў Сямён. Але слухаў. Не сказаць каб з вялікай цікавасцю — хутчэй з ціхім пачуццём чагось знаёмага, толькі, можа, апошнім часам трохі забытага.

— Не службу. Хаця і я гэтак спачатку думаў. Што не давярае. Ці выпрабоўвае. А пасля паняў: сам вінаваты. Праз свой доўгі язык пакутую.

Неяк я яму каня сядлаў, ну, так выпала, падвёў, значыць, к зямлянцы (у Краснай пушчы стаялі, у сосніку), аддаў павады. Паблізу быццам нікога не аказалася, ён павады ўзяў, патрымаў страмяно і, перш чым скочыць у сядло, пытаецца: «Скажы, Сямёнаў, ты тады да канца дадняваліў?» я адразу сцяміў, калі гэта тады, але прыкінуўся, што не паняў, пытаюся: «Гэта калі?» — «Ну, як мяне там дубасілі?» — Кажу: «Дняваліў, але хутка змяніўся, у казарме спаў». Схлусіў я і бачу: вочы ў яго павесялелі, штось у іх адпусціла, ускочыў ён на каня, а я і пытаюся, бы не разумею: «А што, таварыш камандзір?» — «Ды не, нічога», — кажа і дубцом каня па шыі — паскакаў. Во як, схлусіў, а чалавеку палягчэла, ды і мне таксама. Неяк раз пры пастраенні падышоў, пажартаваў, пачаставаў папяросай нават. Ну, думаю, трымайся, Сямён, справы твае быццам пайшлі ўгару, не балбачы толькі. Кароткі, аднак, быў мой шацунак, праз тыдзень пахавалі Навікоўскага — забілі, як пераходзілі жалезку.

Сямён змоўк, задумліва трымаючы ў пракураных пальцах патухлую цыгарэту, абодва Агеевы таксама маўчалі. Бацька — пагрузіўшыся ў тое даўняе і невясёлае мінулае, якое, не зважаючы на гады, часам прачыналася ў ім і востра драпала душу. Аркадзь быццам штосьці абдумваў і неўзабаве прызнаўся:

— Не дужа зразумеў: у чым соль? Ён што — па заданні ці як?

— Што — па заданні? — не зразумеў Сямён. — Чаму па заданні? Так проста.

— То есць?

— Ды ўсё ясна, — сказаў Агееў. — Што тлумачыць. Тут і малому панятна.

— Ну, — коратка пацвердзіў Сямён.

— А во мне непанятна, — усумніўся Аркадзь.

Сямён з хітрым прыжмурам вачэй пазіраў то на сына, то на бацьку, але што-небудзь тлумачыць ён, відаць, не хацеў, і Агееў-старэйшы сказаў сыну:

— Можа, табе і не зразумець. Бо вы — пакаленне, далёкае ад таго часу. Не, не па аб’ёму ведаў. Ведаў пра вайну ў вас хапае. Але вось атмасфера часу — гэта тая тонкасць, якую немагчыма спасцігнуць лагічна. Гэта спасцігаецца скурай. Крывёй. Жыццём. Вам жа гэта не дадзена. Зрэшты, можа, і не трэба, каб было дадзена. У вас сваё. А што да вайны, дык, можа, вам хопіць вярхоў, таго, што дае масавая інфармацыя. Там усё стройна і лагічна. Проста і нават прыгожа. Асабліва калі пастаўленыя ў рад гарматы лупяць па ворагу.

1 ... 165 166 167 168 169 170 171 172 173 ... 230
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)