Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
1 ... 167 168 169 170 171 172 173 174 175 ... 230
Перейти на страницу:

Неяк глухой ветранай ноччу ён раптам прачнуўся ад стрэлаў, што яўна прагучалі ў цішы дзесь непадалёк, можа, на краі мястэчка ці ў бліжнім полі. Стрэлаў было няшмат, каля дзесятка, і ўсё з вінтовак — ужо гэта ён вызначыў пэўна. Хто мог страляць, канечне, засталося загадкай, можа, хто з лесу, а хутчэй за ўсё — паліцаі. Стрэлы тыя ўзварушылі яго душу, той ноччу ён больш не заснуў да світання. Ён усё чакаў, ці не паўторыцца стралініна ў іншым месцы, але да раніцы стрэлаў больш не было. І ён думаў: як было б добра хутчэй залячыць рану, пачаць нармальна хадзіць і вынесці ногі з гэтага мястэчка. Туды, дзе вакол — свае, глядзець у нармальныя людскія твары, не чакаючы бяды ад кожнага сустрэчнага, не баючыся за кожную гадзіну жыцця. А рызыка? Рызыка, канечне, была ўсюды — ішла вайна і гінулі людзі. Але адна справа рызыкаваць разам з усімі, і зусім іншая — сярод ворагаў, штодзённа і заўжды, зусім не падазраючы, дзе цябе спасцігне найгоршае. Не, толькі б загаілася рана, і яго тут больш не ўбачаць. Гэта ўсё яму агоркла, ён — вайсковы камандзір, ягоная справа змагацца з ворагам у адкрытую, са зброяй у руках.

Устаўшы рана, ён абышоў двор, з глухога боку хлявоў далез да аброслага маліннікам закутка ля застаронка, дзе ён днямі схаваў пісталет. Пісталет спакойна ляжаў сабе на тым самым месцы — пад каменем, які ён адкаціў ад падмурка. Разгарнуўшы анучку, Агееў сцёр даланёй слабы налёт іржы на затворы — хай ляжыць, можа, яшчэ спатрэбіцца. Паклаўшы пісталет у ямку, зноў прыціснуў яго каменем. Месца ўвогуле было прыдатнае, і гэта яго супакоіла. У двары ён пачаў думаць, чым сёння паснедаць, — зварыць бульбы ці паесці яблыкаў-малінавак, якія ён знайшоў на дальняй каля паркана яблыні. Кот Гультай перастаў ужо баяцца яго і хадзіў следам, зрэдзьчасу патрабавальна мяўкаючы — прасіў есці. Але для ката ў яго не было нічога.

— Ладна, Гультай. Ідзі лаві мышэй.

Кот пільна ўзіраўся ў яго рудымі, з касым разрэзам вачмі і настойліва цягнуў сваё «мя-у-у».

Агееў хацеў пайсці на кухню, як раптам убачыў на вуліцы фурманку, што ціха пад’ехала да яго хаты, і нейкі дзядзька ў рудой паддзёўцы нацягнуў лейцы.

— Бараноўская тут жыве? — запытаўся ён, не злазячы з фурманкі.

— Тут, — сказаў Агееў.

Ён падумаў ужо, што дзядзька — ад гаспадыні, што, можа, ён скажа што пра яе. Але той моўчкі закінуў лейцы на слуп гародчыка і выцягнуў з фурманкі вялікі, чымсьці накладзены мех. Агееў, стоячы ў двары, здзівіўся:

— Што гэта?

— Куды тут вам? — замест адказу запытаўся дзядзька, несучы перад сабой мех. Толькі ў двары азірнуўшыся, шапнуў: — Ад Волкава я.

Агееў таропка расчыніў дзверы на кухню, і дзядзька гэпнуў мех на падлогу.

— Ух!

— Што гэта?

— А гэта вам работа. Па рамонту. Сказалі, каторыя ўжо нельга пачыніць — на мацяр’ял.

Агееў развязаў вяровачную завязку — у мяху быў розны абутак, але ўсё болей вайсковы — паношаныя кірзачы, гамашы, сярод якіх тырчалі падкаваныя абцасы некалькіх пар нямецкіх ботаў. Во гэта прываліла працы, падумаў Агееў. Як бы з ёй не засыпацца.

— А пасля што? — запытаўся ён у дзядзькі. Той паціснуў плячыма.

— А гэта не ведаю. Сказалі адвезці, я і адвёз.

Ён трохі аддыхаўся, папрасіў вады, напіўся і паехаў, пакінуўшы Агеева ў недаўменні — што рабіць? Як рамантаваць гэта абутак перад усёй вуліцай, па якой швэндаюцца паліцаі, ездзяць немцы? Хіба што перайсці ў хату? Ці ў застаронак? Для каго гэты абутак, ён ужо мог здагадацца, але з такім жа поспехам, мабыць, аб тым маглі здагадацца і немцы. Во становішча, чорт бы яго ўзяў! Пакуль што, аднак, ён зацягнуў мех у застаронак, запіхаў яго пад тапчан — хай паляжыць, пакуль ён што-небудзь прыдумае. А сам пайшоў зноў на кухню — хацелася есці.

Пад няспынным позіркам Гультая, які ўсеўся на падлозе насупраць, Агееў еў учарашнюю бульбу і думаў, што, напэўна, усё ж трэба схадзіць да Казловічавых папрасіць хлеба, таму што без хлеба — не яда. Асабліва калі затрымаецца Бараноўская, ён сапраўды выцягне ногі. І яшчэ ён думаў, што трэба неяк пабачыць Кіслякова, папярэдзіць аб сваіх бедах Волкава. Усе гэтыя дні ён чакаў, што хто-небудзь прыйдзе да яго з лесу, але во прыехаў гэта дзядзька з абуткам, не будзеш жа яму расказваць аб падкопах паліцыі і яго падпісцы. Праўда, увесь тыдзень не аб’яўляўся і Драздзенка, быццам забыўся на яго ці, хутчэй за ўсё, пакуль не меў да яго патрэбы. А як займее гэтую сваю патрэбу, як тады быць?

1 ... 167 168 169 170 171 172 173 174 175 ... 230
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)