Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0123-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
— Ну, чаму ж! — выцягся барадаты твар у Аркадзя. — Мы павінны ведаць.
— Каб што-небудзь ведаць як след, трэба ўлезці ў яго па вушы. Як у навуцы. Або ў мастацтве. Або калі гэтае што-небудзь стане лёсам. Але не прадметам кароткай цікаўнасці.
— А чорт яго! Лепей менш ведаць, — прымірэнча сказаў Сямён. — Спакайней спаць будзеш. Я вось, калі пачну прыпамінаць, ноч не сплю — думаю. Тады столькі не думаў, а цяпер на роздум пацягнула.
— Значыць, старэем, — сказаў Аркадзь. — Роздум, як і сумненне, — справа старых дзядоў.
— А я не стары! Знаеш, я сябе адчуваю ўсё тым жа, як і ў дваццаць шэсць год. Хаця во ўжо хутка семдзесят. Але семдзесят быццам не мне. Нейкаму дзеду Сямёнаву. А я Сямён і ўсё-такі, як быў у вайну.
— Гэта толькі здаецца.
— Канечне, здаецца. Але во так чуюся. Збоку яно інакш відаць.
— Збоку ўсё інакш.
Агееў час ад часу пазіраў на сына і бачыў, як на працягу расказу госця мяняўся выраз зарослага твару Аркадзя — ад халаднаватай насцярожанасці да непрыкметнай слабой цікаўнасці. Здаецца, штось ён стаў разумець. І бацька думаў: вялікая гэта справа — чалавечая адкрытасць, праўдзівая споведзь без грама разліку, жадання падаць сябе лепшым, чым ёсць на самай справе, — якасць, якая сустракаецца цяпер не так часта. Ён не раз прыкмячаў, як у кампаніях маладых, ды і старэйшых, кожны імкнуўся выскачыць са сваім «а я…», прагнучы толькі аднаго — зрабіць уражанне. Няважна чым: рэчамі ці ўчынкамі, адносінамі да сябе начальства, тым, як табой захапляліся ці як ты спадабаўся камусьці. Сямён жа ні на што не разлічваў — паўставаў без прэтэнзій у сваёй голай чалавечай сутнасці. Агееў адчуў гэта ў ім і ацаніў больш, чым калі б ён пахваляўся сумленнем, умельствам, розумам ці заслугамі. Сямён не лічыў за сабой ні вялікага розуму, ні якіх там заслуг і тым вабіў да сябе болей за многіх дужа разумных і надта заслужаных.
— Вып’еце яшчэ? — ужо зусім па-сяброўску запытаўся ў госця Аркадзь.
— А не адмоўлюся, — лёгка пагадзіўся Сямён. — Загаварыў я вас, аж сам захваляваўся.
Аркадзь хутка наліў яму поўны, да берагоў, каўпачок, сабе наліваць не стаў, і Агееў раптам працягнуў руку:
— Плясні і мне тожа.
Сын зрабіў здзіўлены твар, але наліў — ледзь, на самае донца, і Агееў павярнуўся да Сямёна:
— Давай, брат! За нашы пакуты!
— Ага! Я, знаеце, канечне, звіняюся. Часам на мяне находзіць.
— Ну і добра, што находзіць, — амаль расчулена сказаў Агееў.
— Не, чаму ж, цікава. Так што дзякуй вам, — зусім па-сяброўску сказаў Аркадзь.
— Гэта што! Вось я як-небудзь не такое яшчэ раскажу. Яшчэ цікавей будзе. Як мне Героя ледзь не далі.
— Што ж, будзем рады, — сказаў Агееў, усё трымаючы ў руках чарку.
Ён выпіў і, амаль не закусваючы, сядзеў, прыслухоўваўся да сябе, адчуваючы нязвыклае ап’яненне, якое хутка авалодала ім. Ён баяўся за сэрца, але ці, можа, ад таблеткі кардэрону, ці ад выпітага каньяку сэрца працавала роўна, хаця і з нагрузкай, але пакуль не збівалася з рытму. І то слава богу.
У бутэльцы ўжо не засталося нічога, і яна валялася на траве пад сталом. Сямён неяк прыкметна абвяў пасля свайго даўгога ўспаміну, пасядзеў трохі і падняўся. Развітаўся ён коратка, быццам спяшаўся куды, і, не азірнуўшыся, пакрочыў пад агароджай к дарозе. Сонца ішло на захад, ярка асвятліла велічную купу таполяў на могілках, частку каменнай сцяны з праломам на рагу; схіл жа з палаткай і кар’ерам пакрыўся вечаровым ценем, з поля павеяў вецер, і Аркадзь лёгка падняўся са свайго хісткага складнога крэсла.
— Ну, будзем уладкоўвацца, баця. Ты начуеш у палатцы? Я, мабыць, лягу ў машыне.
— А не коратка будзе?
— Усё прадугледжана, рассоўваецца, не першы раз.
Ён пачаў завіхацца ў машыне, рассоўваць сядзенні, доўга надзімаў чырвоны, як і «жыгуль», гумовы матрац. Агееў сядзеў за сталом, думаў. Адчуванне яго, аднак, не пагоршылася, сэрца без асаблівых перабояў спраўна стукала ў грудзях, першая п’янасць хутка мінулася, і ён думаў, што яму прынясе заўтра. Ён хацеў прасіць сына застацца дні на два, каб памагчы скапаць абрушаную ліўнем глыбу і трохі пад ёй. Калі там нічога не знойдзецца, дык можна на тым і скончыць яго задоўжаны пошук.
Мінула тры, пяць і сем дзён, а Бараноўская не вярталася, і Агееў не ведаў, што думаць, калі яе чакаць. Пытацца пра яе ў суседзяў не мела сэнсу, ён не ведаў нават, куды яна выправілася. Па-ранейшаму начаваў у застаронку; ночы яшчэ былі цёплыя, на свежым паветры пад кажушком спалася ўвогуле добра. Нага яго быццам пайшла на папраўку, пухліна паменшала, ён разы два перавязаў рану, эканомна камбінуючы старую павязку з чыстым ласкутом, але хадзіў усё кульгаючы, абапіраўся на кіёк. Зрэшты, хадзіў няшмат, з двара нікуды не высоўваўся, нават на бліжэйшыя вуліцы — толькі выглядваў часам з падворка ў абодва канцы сваёй кароценькай, на дзесятак двароў, Зялёнай, якая адным канцом упіралася ў аўражныя зараснікі. Там быў тупік, далей у роў ішла сцежка. Карміўся Агееў мізэрна, расцягваючы тое, што пакінула гаспадыня, часам варыў бульбу, да якой прыносіў з градкі жоўтыя, пераспелыя гуркі. Вельмі прыгадзіліся Марыіны гасцінцы — масла, сала, варэнне. Горш, аднак, было з хлебам — хлеб у яго скончыўся, а вельмі хацелася менавіта хлеба, без якога не лезла ў рот нішто іншае. Але ісці да незнаёмых суседзяў ён не рашаўся і расцягваў акрайчык, як яго толькі можна было расцягнуць, пакуль аднойчы не з’еў астатні кавалак.