Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
1 ... 158 159 160 161 162 163 164 165 166 ... 241
Перейти на страницу:

— Выбірацца адсюль! Даволі! Прарывацца! Ну?! — крычыць ён і кідаецца на бруствер.

— Стой!

Я хапаю яго за нагу, ён падае ў сховішча, крутнуўшыся, ускоквае на калені і ўпірае ў мяне асалавелы ад гора і нянавісці позірк.

— Ага! І ты! І ты з-за яе? І табе яна люба? Геройства трэба? Геройства! Той у тыле герой! А ты — тут! Гэта яна ўсё нарабіла, — размахваючы кулакамі, крычыць ён да Люсі; на вуснах яго пена. — Чаго ты прыбегла? Каго ты шкадуеш? Яго? Нас? Ты — мучыцелька! Гадаўка ты, от! Ух, усе сволачы! Гады!

Гэтага я не чакаў. Гэта не слабасць — гэта шаленства, агіднасць і дурасць. Ён звар’яцеў. У мяне ўзнімаецца ўнутры гняўлівая злосць на яго і таксама сціскаюцца кулакі. Але ж немцы! Я зноў выглядаю — немцаў ужо няма, — частка іх з тых падбітых на дарозе машын, пэўна, ужо прарвалася ў лагчыну ў наш тыл, у фланг палка… Тады і кідаюся да хлопца і хапаю яго за плячо.

— Сціхні! — крычу я таксама нервова, паддаючыся яго шаленству. — Змоўкні. Ачумеў, дурань!..

У чорных ашалелых Крывёнкавых вачах жах і безразважнасць, стоячы на каленях, ён выпучвае грудзі, хрыпіць і насядае на мяне.

— Ага! Біць? Бі!!! Страляй!!! На, страляй!!! На!

Ён ірве на грудзях гімнасцёрку; трэснуўшы, тая распаўзаецца да самага падола, затым яго дрыготкія пальцы шкуматаюць сарочку. Я хапаю яго за грудзі, прыціскаю да сцяны сховішча, ён тузаецца пада мной, ірвецца і раптам сціхае. Рукі яго бяссільна ападаюць, і цела скаланае бязгучны ўнутраны плач. Я штурхаю яго на дол, прэч ад сябе, і сядаю ўбок. Дзве слязіны скочваюцца па запалых Люсіных шчоках, яна не выцірае іх і не саромеецца, толькі з нямым крыўдлівым дакорам глядзіць на Крывёнка, які нерухома ляжыць, уткнуўшы твар у зямлю.

— Герой! — ледзьве стрымліваючы злосць, кажу я са здзекам. — Прарвацца! Куды ты прарвешся? На той свет? Эх ты!

— Піць!.. — аднымі вуснамі шэпча тым часам Лук’янаў. — Піць…

Люся ўздрыгвае, сціскае сківіцы, на яе схуднелых замурзаных шчоках праступаюць жаўлакі. А побач варушыцца, упіраецца локцямі ў зямлю немец. Ён, здаецца, спрабуе ўстаць, павярнуцца, але гэта яму не ўдаецца, і тады ён роспачна просіць:

— Васэр! Айн шлюк васэр! Паўль!..

Люся сціскаецца ў камячок і курчыцца пад адным трошкі ўцалелым бокам нашага сховішча. У вялікіх яе вачах нейкі роздум, боль і зняменне.

Паляжаўшы з хвіліну, паднімаецца, сядае Крывёнак. Чорная, з раскудлачанымі валасамі ягоная галава падае на рукі, бяссільна пакладзеныя на калені. Я гляджу на яго босыя ногі, на плечы з адарванымі пагонамі. Рукаў ніжэй пляча рассечаны асколкам, на баку мокрая крывавая пляма. Хваляванне і трывога не даюць мне даўмецца, што ўсё ж сталася з хлопцам, які заўсёды быў цвёрды, разумны і ў цяжкую хвіліну паводзіў сябе як трэба. Няўжо гэта нервы? Цяпер ён аслабелы, бездапаможны, я адчуваю гэта, але не хачу супакойваць, угаворваць яго. На яго аслабеласць — ведаю я — трэба больш строгасці, патрэбна суровасць. Але мне некалі дадумваць усё гэта — я баюся, каб да нас блізка не падышлі немцы, і кідаюся да разбітага бруствера.

Навокал агнявой — пыльная земляная дрыгва. Увесь бліжэйшы травяністы абшар перакапаны, нібы яго парыў статак нейкіх вялізных дзікоў, — скрозь варонкі, земляныя вывараціны. Немцаў ужо нідзе не відаць.

— Ладна, усё! — паспакайнела, але ўсё яшчэ нервова кідае Крывёнак. — Што рабіць будзем? Кулямёта няма.

— А што рабіць? — як мага спакайней пытаюся я. — Вылезеш — тут цябе і пакладуць. Навек! А з ім як быць? — ківаю я на Лук’янава.

Я, мабыць, не менш, чым ён, намагаюся цяпер, каб як утрымаць сябе ў стане раўнавагі, трывожнае адчуванне не зменшылася, ведаю — небяспека ад нас не аддалілася.

— Мне чорт з ім — гінуць, дык гінуць. Толькі за таго не хачу. Не хачу! — кажа Крывёнак, і ягоны голас зрываецца на крык.

— Чаму гэта за яго? Ты за каго ваюеш?

— Як за каго? За сябе! За каго я павінен ваяваць?

— Мала, відаць, з табой палітзаняткаў праводзілі.

— Палітзаня-я-яткі! — адразу раздражняючыся, кажа хлопец. — На палітзанятках адно, а тут другое. Мы прападзём, а ён ордэн на грудзі прычэпіць ды будзе дзевак ахмурваць. Хіба не так!

Можа, і так, можа, і не, але я маўчу. Крывёнак нешта думае, седзячы ўнізе, пэўна ад болю, моршчыцца і адною рукой бярэцца за свой паранены бок. Люся паварочваецца да яго і так, нібы не было між намі ніякае сваркі, кажа:

— Паўлік, знімай гімнасцёрку — пагляджу.

Крывёнак паднімае на яе злосны, скалечаны шрамам твар.

— Навошта? Навошта! Яго даглядай! Мне не трэба! Я не прыгажун! Не герой! Я штрафнік! Што я табе?..

— Змоўкні! — з лютасцю гыркаю я. Крывёнак пераводзіць на мяне поўны нянавісці позірк.

1 ... 158 159 160 161 162 163 164 165 166 ... 241
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)