Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
1 ... 157 158 159 160 161 162 163 164 165 ... 241
Перейти на страницу:

Але што гэта і дзе гудзе? Калоціцца зямля, дрыжыць паднябессе. Няўжо?.. — коле свядомасць здагадка. Але так і ёсць. З-пад нізкага сонца, хаваючыся ў яго промнях, выплывае над зямлёю статак імклівых ценяў: цяжкі гул асядае, душыць зямлю. Яны ідуць на вёску. Ідуць роўна і важна, нібы паўзуць сваімі нябеснымі шляхамі, падцяўшы кароткія лапы-колы. Я не лічу іх. Я бачу, як трое з хваста гэтага каравана збочваюць на крыло, коратка на павароце мільгаюць бляскам прапелераў і скіроўваюць на нас…

20

Густы і імпэтны, як горны абвал, роў пікіроўшчыкаў штурхае мяне ад сцяны сховішча. Я ўжо не думаю, што гэта канец, паглыбленым падсвядомым пачуццём я перажыў яго і гатовы прыняць смерць, толькі нестрываны сум агартае мяне ад думкі, што не ўдасца ўберагчы Люсю. Так і пагінем мы, і ніхто ніколі не даведаецца, як я любіў яе. Але ўгары пранозліва завывае — я штурхаю Люсю ў кут, і ў той жа час першая бомба выбівае з-пад мяне зямлю. Наступныя выбухі абрушваюць на нас цяжкія земляныя глыбы. Гасне сонца. Паветра б’е тугімі пыльнымі хвалямі. Скрозь зямля, агонь і пякельная лютасць выбухаў. Ашчаперыўшы голаў, я курчуся ў куце, як магу, затуляю Люсю і заціскаю між калень аўтамат. Дзяўчына з кожным выбухам уздрыгвае, гэтак жа ўздрыгвае зямля, дрыжу і я. Пэўна, няма такой чалавечае сілы, якая б не была падуладна страшнай сіле выбуху. Бомбы рвуцца па тры адразу. «Тр-р-рах! Тр-р-рах! Тр-р-рах!» — зямля храпае на ўсю глыбіню, здаецца, расчэпіцца, як вялізны спелы кавун. Я сціскаюся, напружваюся — роў бліжае, візг і зноў «тр-р-рах! тр-р-рах! тр-р-рах!».

Дзевяць выбухаў міма. Наўкола яшчэ шастае зямля, зверху асыпаюцца хмары пяску, узнятага бомбамі, роў глушэе, але зараз жа нарастае зноў. Я не ведаю, ці жывая Люся, яна сціснулася за маёй спінай, праз пыл мне не відаць самалётаў, але, здаецца, яны ўжо ўваходзяць у піке. Я чую, як адрываюцца і разам з ровам шыбуюць на нас бомбы. «Тр-р-рах» — б’е недзе па акопу Крывёнка. Прапаў хлопец, мільгае думка, зараз жа новы віск і — «тр-р-рах!». Другога выбуху чамусьці няма, можа, бомба не ўзарвалася? Трошкі расслабеўшы целам, я чакаю заходу трэцяга пікіроўшчыка. Пакуль мы жывыя, але няўжо загінем ад апошняга выбуху? Павінны ж у іх скончыцца ўрэшце гэтыя праклятыя бомбы.

Трэці «лапатнік» трошкі замаруджвае, пыл паспявае асесці, пакуль ён заходзіць ад сонца. Па перакапанай агнявой мільгае спачатку ягоны імклівы цень, і затым прарэзліва вішчаць бомбы. Яны рвуцца трохі збоч, і ў мяне з’яўляецца надзея — уцалелі! Я яшчэ баюся паверыць у яе, але гул аддаляецца — цяпер трэба чакаць пяхоты. Я адхінаюся ад Люсі — яна ўскідвае голаў, і з яе валасоў сыплецца пясок, — абое мы скрозь у зямлі. Забітых закідала таксама, з-пад грудаў тырчаць адны толькі ногі. У Панасюка, пэўна асколкам, распораты чаравік, з якога вылез клык бруднае анучы. Я атрэхваю з аўтамата пясок і ўскокваю. Бруствера амаль што няма, сховішча заваліла зямлёй, падбітая гармата скасабочылася, адна станіна задралася сашніком угору.

Немцы! Яны бягуць са сланечніку ў поле, далей нам у тыл, пад вёску — відаць, як матляюцца почапкі іх аўтаматаў. Двое бліжэйшых засцярожліва прыгінаюцца і, бегучы, пазіраюць у наш бок.

Я тузаю рукаятку і, торапка прыцэліўшыся, тыркаю аўтаматам раз, другі, трэці, аднак немцы ўсё бягуць і бягуць. Відаць, для аўтамата да іх крыху далёка. Але чаму маўчыць кулямёт? Няўжо?..

— Крывёнак! Крывёнак! — крычу я. — Агонь. Чуеш? Агонь!

Я бачу яго — ён жывы і сядзіць у закутку свайго таксама абрушанага і змялелага акопа — счарнелы зусім, як цыган, і асалавела глядзіць на мяне. Рот ягоны адкрыты, і на твары грымаса адчаю.

— Агонь! Бачыш? Крывёнак!

— Да д’ябла! Да д’ябла ўсё!!! — раптам крычыць ён такім голасам, ад якога ў мяне скаланаецца сэрца, і ўскоквае. Ён выцягвае з зямлі свае босыя, без ботаў, ногі, і, хістаючыся, вылазіць з акопа да нас. Кулямёта яго не відаць.

— Да д’ябла сядзець! Прарывацца! Хопіць трываць! Чуеш? — крычыць і лаецца ён, увальваючыся ў наша разбуранае сховішча. Я закусваю вусны і нейкі час не магу сцяміць, што сталася з ім, а хлопец хапае ля маіх ног гранаты, Люсін аўтамат.

1 ... 157 158 159 160 161 162 163 164 165 ... 241
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)