Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0121-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
Ну вось і яшчэ навіна. Мяне быццам апарвае варам, самі па сабе сціскаюцца кулакі, я не ведаю нават, што сказаць Люсі. Нездарма не любіў я гэтага Лёшку, нечым угадваў трухляціну ў яго нутры, і цяпер вось усё спраўдзілася. Аддзячыў ён нам — і мне, і Папову, і Крывёнку — паслалі і чакаем, а ён вунь марудзіць, хоча схавацца за паперку з чырвонай палоскай наўкось, і гора яму мала, што мы тут гінем.
— Паганец ён! — вырываецца ў мяне. — Трэ было камбату далажыць.
— Што дакладваць! — кажа Люся. — Усё ж ён паранены, фармальна мае права. Толькі з такой ранай ніхто яго ў тыл не пашле.
Так, фармальна ён мае права — у яго драпіна на руцэ, а тут за той час, пакуль мы чакалі яго, загінуў Папоў, памірае Лук’янаў, Люся трапіла ў пастку, з якой не відаць выйсця.
Зусім новае, ніколі раней не знаёмае пачуццё гневу і расчараванасці ахоплівае мяне. За ўвесь доўгі час маёй пакутнай прагнасці помсты я не думаў аб тым, не прадбачыў нічога падобнага. Я вачмі, поўнымі павагі і захаплення, глядзеў на кожнага з франтавікоў. Але вось бываюць, відаць, і такія. І калі б хто другі, хто палахлівы, няхай бы той самы Лук’янаў, — але ж Задарожны, гэты мой нядаўні амаль што ідэал мужчынскае сталасці, нават мужнасці, якое так не хапала мне. І чаму ён зрабіў так? Што прычынай таму — самалюбства, характар, Люся, страх ці яшчэ якое ліха, што робіць мяне асуджаным на пакуты ад бачанага, перажытага, а яго пакідае агіднаю порхаўкай у жыцці?
19
— Піць!.. Піць!.. — пачынае стагнаць і тузацца Лук’янаў. Вусны яго сухія, твар завастрыўся, зжаўцеў, і нос, нібы дзюба, пазірае ў сляпое спякотнае неба. Люся нахіляецца да яго і ціхенька гладзіць па рукаве.
Ад напамінку пра ваду я глытаю сліну, але і сліны ўжо няма. Рот сухі, усярэдзіне таксама ссохла, у галаве тлумна ўсё круціцца. Я адчуваю, што трэба нешта рабіць, рухацца, бо так адолее сон і мы загінем. Раптам з акопа ад Крывёнка пырскае кароткая чарга.
— Што? Куды ты? — прахапіўшыся са знямогі, пытаюся я, але той маўчыць. Я ўслухоўваюся і зноў паўтараю сваё пытанне.
— Фрыц ля танка, — урэшце даносіцца з акопа Крывёнкаў голас. Я засцярожліва выглядаю з-за бруствера — сапраўды, ля танка варушыцца ў траве, здаецца, паўзе цёмная постаць.
— Стой, пачакай, — кажу я. — Можа, наш хто?
Мне шкада і аднаго патрона, шкада цішыні, якая — ведаю я — будзе нядоўгай, але якая ўсё ж набліжае нас да ночы і дае надзею на паратунак. Адсюль дрэнна відзён гэты чалавек, хоць ён і бліжэй да нашага сховішча, чым да Крывёнкавага акопа, але Крывёнак неўзабаве зноў лязгае затворам.
Побач з долу ўскоквае Люся, яна таксама ўзіраецца цераз бруствер: напэўна то немец. Нам відаць толькі, як угінаецца, варушыцца трава, часам высоўваецца з яе цёмная спіна. Крывёнак чагось марудзіць, не страляе, і тады зводдаль чуецца слабы пакутные енк:
— Паўль! Паўль!
Паранены немец — гэта пэўна. Ён і паўзе так — сутаргава, марудна, пластом па-над самай зямлёй. Люся зломвае свае вузенькія русыя бровы і гукае Крывёнку:
— Не страляй! Пачакай! Можа, у яго вада…
Я то хаваюся за бруствер, то зноў выглядваю. Хутка побач пырскае ў твар зямлёй і са сланечніку даносіцца стрэл. «Пільнуюць, сволачы!» Немец тым часам то паўзе, то заціхае, невыразна чуваць яго роспачнае, натужнае «Паўль! Паўль!». Дзіва, якога ён Паўля знойдзе ў нашым акопе, зласліва думаю я. Адзін ён нам тут не страшны, але на ўсякі выпадак я бяру з долу аўтамат і адцягваю назад рукаятку.
Спачатку з бруствера скочваецца груда, потым дзве разам, і на земляных камяках з’яўляюцца дзве страшныя, абпаленыя да чырвані рукі. Яны высоўваюцца з абгарэлых манжэтаў рукавоў, напружваюцца, уграбаюцца ў бруствер, і вось з-за камякоў паказваецца галава з недарэчна кароценькімі і кучаравымі ад агню, падпаленымі валасамі. Немец узнімае твар, і мы з Люсяй жахаемся. Твар яго, як і рукі, скрозь у чырвона-белых апёках, ля вуха крывяністая маса; павекі на вачах зліпліся, запалі і не адплюшчваюцца. Нейкі час мы нерухома ўзіраемся ў гэты прывід, пасля я зацята камандую:
— Уніз! Хутка! Шнэль!
Але немец, здаецца, не чуе. Нішто не мяняецца на яго твары, ён усё пазірае, нібы ў пустэчу, і стогне:
— Паўль!
Тады я хапаю яго за плячо, цягну на сябе — зрушваючы камякі, ён перавальваецца ў сховішча і падае ў дол. На нашу мітусню ў акопе б’юць некалькі куль, але міма.
І вось ён ляжыць у доле. Гэта ледзьве жывы яшчэ немец-танкіст, малады, пэўна, нашых год, хлопец. Шырока раскінуўшы ногі, ён гучна стогне. Камбінезон яго скрозь у прапалінах, ад немца нясе смуродам паленай тканіны, месцамі з вопраткі яшчэ курыцца дым. Я без нянавісці, з адной толькі агідаю гляджу на гэтага хуткага нябожчыка, а Люся ўкленчвае над ім, абмацвае шырокія кішэні яго камбінезона, дастае з аднаго гаечныя ключы, круглую з чырвонай пластмасы маслёнку, клык пакулля. Біклагі ў немца няма, патронаў таксама.