Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
1 ... 160 161 162 163 164 165 166 167 168 ... 241
Перейти на страницу:

21

Лютая чарга разрыўных ашалела шчоўкае па брустверы, па зямлі, па траве; пясок і камякі сцябаюць па маім твары, запарушваюць вочы, знянацку я лыпаю, побач ускрыквае Крывёнак…

Праз слёзы ад пяску я ўсё ж кідаю позірк на Люсю — яна моўчкі і неяк незразумела пакорна кладзецца на бруствер; побач, ухапіўшыся рукамі за скрываўлены твар, апускаецца ў дно Крывёнак.

Вось яно! Вось самае страшнае, самае горшае — яно не мінула нас! А са сланечніку б’е другая, трэцяя чарга, куля збівае з маёй галавы пілотку, і я на момант схіляюся за бруствер…

— Люся! Люся! Люся!!! — ашалела крычыць у акопе Крывёнак, і я, зірнуўшы на яго, яшчэ раз жахаюся. У хлопца на скрываўленым твары — чырвоныя пустыя вачніцы…

— Люся! Дзе Люся?

— Люся тут, тут Люся, — шапчу я, раптам страціўшы голас. Яна ціхенька ляжыць на брустверы, паклаўшы галаву на выцягненую ўперад руку, і на твары — добрая, светлая ўсмешка, якую, напэўна, у апошняе імгненне ўбачыў Крывёнак. У выцягненай руцэ дзяўчыны біклага, а ў другой брызентавы кабур з ракетніцай. Ракетніца тоўстаю сваёй рукаяткай выпірае з яго — усё гэта звісае з бруствера. Апамятаўшыся і зразумеўшы, што сталася, я бяру Люсю за тонкія, яшчэ цёплыя кісці і разам з пяском сцягваю ў акоп. Маленькае гнуткае Люсіна цела лёгка кладзецца на мае рукі…

— Люся! — з нялюдскаю, немай адзічэласцю крычыць Крывёнак, слепа лапае па брустверы крывавымі рукамі, і я нейкі час баюся азвацца, баюся сказаць яму праўду. Тады ён гэткім жа голасам пачынае клікаць мяне.

— Сядзь, — кажу я як мага спакайней, але чужым, прыдушаным голасам. — Сядзь… Сядзі…

— Дзе Люся? Гад Лазняк, дзе Люся?

Я адчуваю, што ён зноў шалее, і болей не таюся ад яго.

— Усё. Няма Люсі…

Крывёнак змаўкае, пасля, неяк страціўшы сілу, спаўзае ў дол, затуляе далонямі свой аслеплены твар і зноў ускоквае з лаянкай:

— Сволачы! Гады!.. Сабакі!.. Падлюгі!..

Ён зноў, як звер у пастцы, кідаецца ў акопе, спатыкаецца аб пакінутую ў дне рыдлёўку і хапае яе.

— Дзе фрыц? Дзе той недабіты фрыц? Дзе ён?

Крывёнак вылазіць з акопа; зачапіўшыся за сашнік, падае, зноў ускоквае. Ён у шаленстве нічога не чуе, а я трымаю на каленях Люсю і не маю сілы спыніць яго, заспакоіць. Пакуль ён лапае ў доле, шукаючы рыдлёўку, са сланечніку зноў б’е чарга, разрыўныя гулка трэскаюць на брустверы і на гармаце.

— Ага! — учуўшы стрэлы, недарэчна ўзрадавана крычыць Крывёнак і лаецца. — Ага! Сволачы, гады!..

Босы, у парванай, расшпіленай гімнасцёрцы, без дзягі, з рыдлёўкай у руках, ён вылазіць з агнявой і, шырока расстаўляючы ногі, слепа сігае туды, дзе ворагі. Не выпускаючы з рук Люсі, я паволі ўзнімаюся ў акопе, а ён шырока і невідушча ідзе і ідзе, высока і пагрозліва ўзняўшы рыдлёўку, і страшна лаецца. Праз пяць крокаў падае ў бомбавую варонку, гэта абнадзейвае мяне, я прачынаюся са сваёй душэўнай знямеласці і крычу:

— Крывёнак, стой! Стой! Не вылазь!

Але ён нядоўга ляжыць там, зараз жа вылазіць і зноў сігае туды, насустрач ворагу. Я ведаю, што ўсё прапала, што толькі некалькі імгненняў аддзяляюць чалавека ад пагібелі. І калі са сланечніку грыміць чарга, я заплюшчваю вочы. Расплюшчваю, але Крывёнка ўжо не бачу.

Я зноў апускаюся на дно абрушанага акопа і ціха, з вялікаю асцярогай кладу на зямлю Люсю.

Цяпер я адзін. Адзін з маёю вялікаю мукай і любай маёю дзяўчынай… Я ўражаны яе пагібеллю, уражаны вайною, мой свяшчэнны пякучы намер, як сухая груда ад кулі, рассыпаўся сёння ўшчэнт. Відаць, я слабы, я маленькая парушынка ў гэтых вялізных жорнах вайны, што страшэннаю сілай перамолваюць людскія жыцці. І мне не хапае ўжо маёй душэўнае сілы, каб супрацьстаяць пагібелі, змагацца, абараняць аднаго толькі сябе.

Я вымаю з тонкіх Люсіных пальцаў раменьчык біклагі, там, здаецца, ёсць нейкі глыток вады. Пасля з другой рукі я бяру ракетніцу — у скураных гнёздах кабуры тырчаць тры каляровыя ракеты. Мне ўжо не хочацца ні піць, ні есці, ні жыць, знікае жаданне і біцца — адстойваць гэтую ўшчэнт разбураную агнявую, — хочацца толькі памерці, ціха — і тут, побач з Люсяй…

Не ведаю, колькі часу я так, у зняменні, сяджу над ёю. Пасля ўспамінаю жывога яшчэ небараку Лук’янава і нашых там, у сховішчы. Не вельмі хаваючыся, з біклагаю ў руках я перапаўзаю пляцоўку. Лук’янаў нерухома ляжыць, дзе ляжаў, але ўжо не кратаецца. Мне вельмі хочацца, каб ён ачнуўся, загаварыў, зірнуў — гінуць аднаму страшна. Я адвінчваю біклагу, паднімаю яго запарушаную зямлёй галаву. На павеку заплюшчанага левага вока грудка зямлі, я скідаю яе. Але зубы Лук’янава сцяты. Не, ужо ўсё ў ім здранцвела — чалавек, напэўна, даўно ўжо памёр…

1 ... 160 161 162 163 164 165 166 167 168 ... 241
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)