Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0121-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
Няўцямным, абыякавым да ўсяго позіркам я аглядваю астатніх. Нерухомыя, глухія, сляпыя да ўсяго на свеце людзі, змярцвелыя, закіданыя зямлёй твары… А чырвоная доўгая стрэлачка на Жаўтыховым гадзінніку ўсё рупна бяжыць і бяжыць па чорным цыферблаце. Гэтая яе жывучасць бянтэжыць мяне, — з нейкім забабонным страхам я б’ю па ёй біклагай — шкло рассыпаецца, і стрэлка спыняецца на лічбе 11.
Ну, што далей?
Побач нешта пачынае мармытаць абгарэлы немец. Жывучы! Нашы ўсе да аднаго палеглі тут, а ён вось жывы. У мяне ўзгараецца жаданне дабіць яго, задушыць. Але прыпамінаецца: Люся не дала мне зрабіць гэта ў самым пачатку — і я веру ёй. Мусіць, яна сваёй чалавечай жаночай душой адчувала нешта такое, што недаступна нам, аслепленым крывёю, нянавісцю, гарачкаю бойкі. Чорт з ім! Хай памірае сам!
Немец жа ўсё тузаецца на зямлі, мармыча нешта — відаць, штосьці яго турбуе. «Піць? — кажу я сам сабе. — Д’ябла табе лысага, а не піць».
Я падношу да сваіх ссохлых, засмяглых вуснаў пляшку і п’ю. Вада цёплая, нясмачная, смярдзіць нечым нямецкім і не ўбаўляе смагі, але я неспатольна і ўпарта п’ю. Рэшту, што яшчэ засталася ў пляшцы, выліваю ў дол. Мне яна больш не спатрэбіцца.
Кінуўшы біклагу ў кут, я вяртаюся ў акоп. Люся ляжыць у доле на камяках накіданай выбухамі зямлі, рукі яе бяссільна выцягнуты ўздоўж цела, ногі роўненька сціснуты. Я сядаю над ёю, папраўляю на загарэлых каленьках старэнькую яе спадніцу. Тонкі дзявочы твар ужо прыкметна збялеў, пахудзеў… Тая яе апошняя ўсмешка, што нестрыванасцю ўзрушыла нашыя з Крывёнкам сэрцы, паволі знікае, саступаючы месца строгай нежывой нерухомасці. Мяне бянтэжыць і здзіўляе гэтая недарэчная здранцвеласць на заўсёды такім рухавым, жывым і вельмі лагодным Люсіным твары. Здзіўляюць і вочы — яны, аказваецца, зусім не сінія, яны шэрыя, і я не разумею, чаму яны заўсёды здаваліся нам сінімі, як васількі. Колькі бязмерна роднага было ў іх, у гэтых радасна-пакутных вачах!..
Я закрываю іх па чарзе, левае і правае — хай спяць!.. Што ж рабіць далей? Выбегчы ўслед за Крывёнкам? Застрэліцца з ракетніцы? Узарваць сябе з Люсяй?
У кутку на земляную пацяруху грабецца мурашка. Зямля дробная, яна разам з мурашкай раз-пораз ссыпаецца ўніз. Мурашка выграбаецца з пяску і пачынае караскацца зноў. Што значыць бяздумная ўпартасць! Я бяру яе на далонь і здзьмухваю на бруствер — хай ідзе, ратуецца. Тут ёй добра не будзе.
Не, чорта з два! Буду біцца! Адзін за ўсіх — за Жаўтыха, Папова, Лук’янава, Крывёнка. За Панасюка. Інакш мне нельга. Я выкладваю свой боезапас — тры РГД, адна лімонка ў кішэні, тры ракеты. Усё ж не голыя рукі.
Здаецца, пачынае цямнець. Неба яшчэ блішчыць далёкім зніжэлым святлом, але ў акопе ўжо засень. Бой здалёку ўсё грыміць, не зразумееш, у якім баку нават, — калоцяцца, стогнуць абшары і справа, і злева, і наперадзе. Ціха толькі на варожых пагорках. Але там, мусіць, нікога няма.
І раптам — знаёмае траскоцце на брустверы. Пясок, камякі, зямля, пыл — на галаву. Сыпане і сціхне… Праз пяць секунд зноў… Пасля яшчэ і яшчэ. Так, пачынаецца…
Трымайся, Лазняк! Здаецца, гэта апошні твой бой. За зямлю трымайся: усё на зямлі — усё ад зямлі, — гучаць у вушах колішнія Жаўтыховы словы. Не спагань яе! Ранейшаю сілай наліваецца маё цела. І спрытам. Кожны мускул напружваецца. Толькі страху ўжо няма і следу, ужо я перажыў, патраціў яго ўвесь. Біцца, дык біцца… Насмерць!
Прыўстаўшы на нагах, я адным вокам выглядваю з-за бруствера — паўзуць! Потныя, загарэлыя, з аўтаматамі на зямлі. Збоч нехта падае, нехта перабягае ў варонку…
Я бяру дзве гранаты, яны ўзведзены. Прыціскаюся да сцяны. Чакаю. Слухаю. Нейкая жыла пад каленам дробненька, надакучліва дрыжыць.
Пад брустверам нешта стукае. Граната? Лопае запал, затым — ашалелы ўдар! Зноў земляныя камякі, пыл, пясок засцілаюць неба…
Размахваюся — і ў адзін, другі, трэці бок шпурляю свае РГД. Зараз жа выбухі — адзін! другі! трэці! Выхопліваю з кішэні лімонку. І тут — удар у бруствер. Адскочыўшы ад яго, побач шлёпаецца доўгая палка нямецкай гранаты. Са звярыным спрытам я хапаю яе і кідаю наверх. Зараз жа выбух, нечы блізкі глухі енк.
Бяру ў правую руку лімонку, зубамі адгінаю чаку. Левай зараджаю ракетніцу і ўзводжу баёк.
Ззаду за брустверам блізкія крокі — я адразу чую іх тут, у зямлі. Вырываю зубамі чаку, адпускаю планку і, прытрымаўшы секунды са тры, кідаю гранату туды. Выбух! У той жа момант на брустверы над галавой — іх выбух! Удар недзе ззаду — і яшчэ выбух! Яшчэ рве ля гарматы, і праз пыл вынікае цёмная даўгалыгая постаць у касцы.