Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Ной захоплена ўсміхнуўся ў адказ.
— Згода, Зося! Нам ёсць на што спадзявацца.
— Можа быць, на з’яднанне Беларусі? — сумна прамовіў Улад.— Гэта ж ганьба якая — падзялілі край напалам, усе маўчаць... Карацей, «Кавалі другія, а ланцуг той самы — песні ўсе старыя неаджытай гамы...» Фабіяна Шантыра расстралялі, хоць ужо такі бальшавік быў — замест штандару насі. На Украіне паэта Грыцко Чупрынку да сцяны паставілі... У Расеі — Мікалая Гумілёва, які пра мурынаў ды прынцэсаў пісаў...
— Гэта неабходныя ахвяры,— няўпэўнена сказаў Ной.— Помніце, Майсей сорак гадоў вадзіў свой народ па пустцы, бо тыя, хто пасталеў у рабстве, не маглі стаць вольнымі і мусілі памерці. Але гэта часова. Універсітэт жа ствараецца... І мастацкая вучэльня ў Віцебску працуе... Кандзінскі горад распісвае у канструктывістскім стылі.
Пан Беларэцкі сумна глядзеў скрозь акуляры на энтузіястаў.
— А вам ніхто не расказваў, як шаноўнага Доўнар-Запольскага студэнты кіеўскага ўніверсітэта зняволілі ў ягонай кватэры, нібыта прыслужніка царызму? Усе сябры і знаёмыя разбегліся... Тых нешматлікіх, хто наважваўся наведаць прафесара, затрымлівалі, абшуквалі... У мяне адабралі нават аловак і нататнік. Толькі цуда — дакладней, адна адданая прафесару вучаніца, якая здолела «прарвацца» да мясцовага камісара — уратавала прафесара ад расстрэлу. Вось дзе парадваліся недараслі, якія ў свой час атрымалі ад строгага выкладчыка «нездавальняюча»... Пакуль што паслугамі «спяцоў» новыя ўлады карыстаюцца... Але — паглядзіце — гэта ненадоўга. Што пачалося крывёю — крывёю скончыцца.
Дарота адвярнулася да акна, хаваючы хваляванне.
— Усё-ткі я веру, што сумленныя ды таленавітыя... такія, як мой бацька, заўсёды будуць патрэбныя.
Беларэцкі паківаў галавою:
— А як толькі патрэба ў іх адпадзе... Вымруць, як цмокі. Або вынішчацца... Я сябе так і адчуваю ў гэтым часе — як апошні, стамлёны чаканнем смерці, цмок...
— Дарэчы, цмокі ж вадзіліся ў Свіслачы! — падаў голас Улад.— Замежнікі, дзівуючыся, занатоўвалі, што менчукі трымалі ў сваіх дамах замест якіх мопсаў чорных тлустых яшчарак футаў пяць даўжынёй.
— А я аднойчы бачыў з мосту ў Траецкім, як нешта падобнае да такой яшчаркі або змяі слізганула пад вадой, нібыта душа грэшнага тапельцы...— прамовіў Ной.
— І колькі сідру ты перад гэтым выпіў у майстэрні? — насмешна папытала Зося.
А Дарота зноў моўчкі павярнулася і выйшла ў другі пакой... Грукнулі дзверцы шафы... І вось перад вачыма ашалелай кампаніі пасярод стала на драўляным пастаменце паўстаў самы сапраўдны цмок... Праўда, невялікі — з сярэдняга сабаку. Чорная луска, нават на выгляд — моцная, нібы панцыр сярэднявечнага рыцара, пашча пагрозліва разяўленая, а вочкі — як жывыя — з чорнага паўпразрыстага шкла з жоўтымі іскрынкамі пасярэдзіне.
— Слухай, а што ў вашым доме яшчэ такое вось... ёсць? — амаль з багагавейным жахам спытаў Дароту Улад.— А то проста страшна робіцца. Раптам хто раскажа казку пра мёртвую галаву — а ты і прынясеш яе... На талерцы, як Саламея...
Даротава абурэнне кашчуннымі словамі ніхто не пачуў — усе, нават пан Беларэцкі, кінуліся разглядаць і мацаць цмока. Пільны погляд выяўляў, што чучала вельмі старое, месцамі луска асыпалася...
— Бедненькі...— Зося пагладзіла свіслацкага цмока па чорнай спіне. На хвілю падалося, што ён завуркоча і замахае хвастом — Ной і Улад, напрыклад, мяркуючы па іхніх паглядах, паводзіліся б менавіта гэтак.
— А мне бабуля расказвала, што на Высокай гары, там, дзе цяпер Юбілейны рынак, жыў цмок самых што ні на ёсць еўрапейскіх памераў,— паведаміў Ной.— І харчаваўся, як належыць — прыгожымі дзяўчатамі. Пакуль не натрапіў на тую, у якой меўся баявіты жаніх. Усадзіў меч у цмокава чорнае сэрца... Але і сам быў смяротна паранены. Так іх апусцілі ў Свіслач — і цмока, і рыцара ў крышталёвай труне. Мы ў дзяцінстве ўглядаліся ў тое месца, і, здаецца, бачылі — на дне, з твані ўздымаюцца цмокавы рэбры...
— Вечна цмок ва ўсім вінаваты...— прабурчэў Беларэцкі.— Толькі аднойчы я чуў больш справядлівую выснову, лірнік спяваў на Ніжнім рынку: «Скуль узяўся той святы Юры ды забіў нявіннага цмока»...
— А што здарылася з рыцаравай нявестай? — папыталася Дарота.
Ной паціснуў плячыма.
— Пра гэта гісторыя маўчыць. Або так і засталася нявестай, або выйшла замуж за іншага... Якія яшчэ варыянты?
— Я ведаю гісторыю пра адну нявесту... Толькі не надта вясёлую,— прамовіла Зося.
— Ну вось і раскажы! — узрадваўся Улад.— А то ўсе ўжо нешта распавялі, а вы, паненка, толькі з цмокам лашчыцеся.