Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Панас Панасавіч застаўся бедаваць, а я паціху сышоў... Дзякуй Богу, у мяне хапіла гумару ўсміхнуцца над сітуацыяй... Хаця рана на самалюбстве аказалася балючай. З надзеяй на багатую спадчыну ці прэм’ерства ў вядомым тэатры я развітаўся... Затое валодаю італьянскай мовай і французскай барацьбой. Не кажучы ўжо пра ўменне цэліць у бляшаных качак.
Гісторыя, расказаная Уладам, прымусіла ўсіх шчыра рассмяяцца і на некаторы час забыцца на страхоцці.
— А я думала, ты гэткі самазакаханы прэм’ер,— з нечаканай шчырасцю прамовіла Зося.— Ведаеш, а ты, напэўна, больш спадабаўся б мне ў той час, калі быў наіўны і верыў у цуды.
Улад знямеў і адвярнуўся да акна, відаць, каб ніхто не заўважыў, як чырвань кінулася да шчокаў... А Дарота з перабольшанай абыякавасцю загаварыла, гладзячы тонкімі пальцамі звычайны парцалянавы кубак, нібы гэта было кацяня.
— А я бачыла цябе, Уладзе, у ролі Арыеля ў пьесе «Бура»... Гэта было... здорава.
Улад з уздыхам прамовіў:
— Было адзін раз. Захварэў выканаўца, вось мяне і апранулі ў залацісты парык ды белы хітон... Палову словаў не ведаў, суфлёр ледзь не надарваўся, шэпчучы. Ну і арыя, вядома... Лепей не згадваць.
— Ну чаму ты так пра сябе? — у голасе Дароты гучэў непадробны боль.— Я пасля тры разы бегала на той жа спектакль, каб цябе ўбачыць. Але былі ўжо іншыя выканаўцы.
Зося фыркнула, як раззлаванае кацянё:
— Ну, Даротка, а я ўсё думала — чаму ты мяне на гэтае занудства цягаеш...
— Калі занудства — дык чаго не адмаўлялася? — Дарота падціснула вусны і ад гэтага яшчэ больш зрабілася падобнай да віктарыянскай класнай дамы.
— Чаму не адмовілася? — павольна перапытала Зося і мройна адкінулася ў крэсле.— Таму што... таму што... я была дачкой швачкі, у якой твая маці замаўляла аксамітныя сукенкі і карункавыя блузкі, і без цябе патрапіць у тэатр, ды яшчэ ў партэр — гэта было мне не па грашах.
Дарота густа пачырванела.
— Зося... Хіба між намі калі-небудзь узнікалі такія... пытанні? Як сёння кажуць — класавыя? Ды мне ніколі ў галаву не прыходзіла, што я ў нечым... іншая...
— А шкада, што не прыходзіла,— у голасе Зосі раптам загучэла нешта жорсткае: — А вось мне даводзілася часта думаць пра падобныя рэчы... Напрыклад, каб ніхто ў класе не заўважыў, што ў мяне адзінай не тонкія, шаўковыя, як у вас, а старыя вязаныя панчохі.
— Дзяўчаты, не сварыцеся,— умяшаўся пан Беларэцкі.
Але тут жа падаў голас Ной:
— А нікуды ад класавых пытанняў не дзенешся. Таму што рэвалюцыя ўсіх зраўняе. І тым, хто мусіць нешта страціць, цяжэй за іншых... Параю адно: не варта шкадаваць па тым, што было.
Дарота прагаварыла:
— Хіба мне шкада? Калі б тут зладзілі нешта вартае, ды дзеля беларускай справы... Я б з радасцю сама аддала гэты дом. Але ж тут будзе нейкая чарговая ўправа.
— Не «нейкая», а камітэт па справах адукацыі! — з выклікам прагаварыла Зося.
Улад выказаў агульнае здзіўленне:
— А ты адкуль ведаеш? Працаваць там, ці што, збіраешся?
— А чаму б і не? — Зося агледзела ўсіх зялёнымі дзёрзкімі вачыма.
Пан Беларэцкі павольна прагаварыў:
— А яна ўжо згадзілася на гэтую працу... Праўда, Зося?
У доме на хвілю запанавала маўчанне.
— Ну і што?
Вусны Дароты дрыжэлі.
— Я не маю права цябе дакараць..
Зося горда ўскінула галаву, яе валасы нібыта іскрыліся рудым агнём.
— Дакараць? За што? За тое, што я збіраюся працаваць дзеля асветы свайго народу? Вы тут, як слепакі, спалохаліся першага халоднага вятрыска. Калі адбываюцца перамены — гэта заўсёды пакутліва, але калі не зламаецца вонкавая, цвёрдая абалонка — не пакажацца жывое, датклівае цела часу. Трэба толькі перацярпець боль. Колькі мы марылі пра рэвалюцыю? І вось — мары, вашыя ж мары, збываюцца. Ствараецца акадэмія... Доўнар-Запольскі, Карскі, Лёсік, Ігнатоўскі — яны ж зусім розныя, з рознымі перакананнямі. Але працуюць разам, на стварэнне Беларусі. Вам, пан Беларэцкі, варта стаць побач з імі. Улад, замест таго, каб удаваць рамантычную расчараванасць, прасіўся б у трупу Галубка. Вядома, ролю Гамлета табе там не дадуць. Але гэта беларускі тэатр!