Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
— Сустрэчны вецер эпохі садзьме гэта, бы карункавы капялюшык з паненкі, што ўселася на пляцоўцы імперыялу,— жорстка запярэчыў Ной, які ўвесь гэты час ляпіў з наплаканага пахавальнымі свечкамі воску маленькіх яшчарак.— Малевіч намаляваў свой чорны квадрат — і гэта дзверы, за якімі пачынаецца невядомы, але адзіна магчымы шлях наперад. Нішто не паўтараецца... Фараонаў малявалі толькі ў профіль, у трагедыях не маглі ў якасці галоўных герояў выступаць слугі, жанчыны не мелі права з’яўляцца на сцэне... Хто цяпер запатрабуе таго ж?
Улад спахмурнеў, звычайная іронія пакінула яго.
— Ты кажаш пра прагрэс у мастацтве, але мне свет, дзе пануе чорны квадрат, уяўляецца застрашлівым. Будынкі ў выглядзе вялізных шэрых скрынак з квадратамі вокнаў, песні ўсе з адной бязглуздай фразы і прымітыўнага рытму, і адна газета на ўсіх, дзе тлумачыцца, якія ўсе шчаслівыя... Ведаеш, калі Платон прыдумляў сваю ідэальную дзяржаву, то хацеў прыблізна такога... Усе мусілі танчыць і спяваць, якія яны шчаслівыя, а паэтаў належала забіць.
— Ведаеце, калі гэтая адзіная газета і адзіная песня будзе на беларускай мове, я згодны і з такой сумнай прышласцю,— задумліва прамовіў пан Беларэцкі.— Але нешта мне падказвае, што спрошчаны да простакутнікаў свет не змесціць нашую цудоўную, неспазнаную беларускую Атлантыду — яна толькі пачынае ўздымацца з мутных хваляў забыцця, з-пад усялякай набрыдзі... А тут не самабытнасць вымагаецца, а ўніверсальнасць... Кіёк замест галінкі...
— Вы проста... стары,— кінуў Ной.— Вы не разумееце, што чалавецтва ідзе да ўзаемаразумення — да аднае мовы.
— А прырода — да аднае кветкі, аднога дрэва і аднога куста,— насмешна вымавіў Беларэцкі.— Альбо з’явіцца ўвогуле на ўвесь свет расліна: белы кветка-дрэва-куст...
— А чаму белы? — разгублена папыталася Дарота.
— Таму што ўсе колеры, змяшаўшыся, утвараюць ідэальную бель... Але ў жыцці рэдка здараюцца чыстыя колеры. Без дамешка... Таму, я думаю, патэнцыйная ідэальная прырода будзе шэрай.
Улад, відаць, уявіў гэтую прышласць, не вытрымаў і рассмяяўся. Ад гэтага аблічча ягонае на хвілю страціла заўсёдны насмешна паблажлівы выраз — вызірнуў цікаўны і дурасліва-наіўны падлетак... Дарота нават таксама нясмела ўсміхнулася, гледзячы на маладога артыста, як на асветленыя сонцам неверагодна лёгкія аблачынкі, на якіх уяўляецца прыўкрасны замак вечнага святла і спакою... Пан Беларэцкі задумліва глядзеў на дзяўчыну, на яе ўсмешку, і ў шкельцах ягоных акуляраў скакала полымя свечкі.
— Старыя майстры лічылі, што ў аснове прыгажосці — звілістая лінія... Любы просты шлях — няпраўда і штучнасць. І не заўсёды тое, што наўпрост прыцягвае — прадвызначана табе... Мы — усяго толькі маленькія ліхтарыкі, якія вісяць на нябачным дроце праз цемру. Кожны бачыць толькі праз уласнае святло. І ніхто не бачыць дрота, на якім мы вісім... І толькі мудры можа вылічыць — дзе заканчваецца дрот... І толькі наіўны адчуе — хто яго навязаў... Ведаеце гісторыю з ліхтарамі на свяце ў графа Любанскага?
— Не, пан Андрэй,— ажывілася Дарота.— Раскажыце — а то кінуліся ў філасофію, нібы шкаляры ў вазачку з цукатамі.
Чучала цмока зірнула на расказчыка чорным гузікам з жоўтай іскрай у цэнтры, і пан Беларэцкі пачаў расповед.
Гісторыя пра Лошыцкі прывід
Было гэта ў адзін з маіх прыездаў на бацькаўшчыну гадоў пятнаццаць таму. Яшчэ жыла мая жонка, але ўжо не магла ездзіць са мной з-за хваробы. Таму і настрой у мяне быў не надта... Але пачак выяўленых рукапісаў сямнаццатага стагоддзя, яшчэ адно шкельца ў разбіты вітраж гісторыі маёй радзімы, мог змусіць мяне да падарожжа нават у чысцец. Я не захацеў злоўжываць гасціннасцю сяброў і, паколькі мог сабе дазволіць, зняў прыстойны нумар у гатэлі «Еўропа», якраз калі там пачаў выступаць венскі дамскі аркестр. Як грае згаданы аркестр, я так і не паслухаў, затое рукапісы выкупіў.
Я ўжо збіраўся ад’язджаць, абкружаны арэолам старажытных літараў і водарам цвілай паперы — найлепшым у свеце для кніжнага чалавека,— але атрымаў запрашэнне на баль да графаў Любанскіх. Фраза проста з калонкі свецкай хронікі... Насамрэч я не быў такой важнай птушкай, каб граф Любанскі нешта пра мяне ведаў. Так, прафесар, але занадта малады, да таго ж займаецца гэткай падазронай справай, як фалькларыстыка... А там любая старадаўняя песня здольная абрынуць чарговую ідэалагічную вежу, як цуда-рыба, усплываючы, змывае са сваёй спіны вартыя жалю хацінкі часовых прыблудных жыхароў. Але ўсё-ткі я прадстаўляў Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт, і ў мяне была Дзямідаўская прэмія, а ў Менску два гады таму зачынілі Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў. Зачынілі так, як робяць заўсёды — безапеляцыйна, жорстка, з прыгожай фармулёўкай,— каб народ зразумеў: немагчыма было не разагнаць гэтых злыдняў, што намагаліся парушыць звыклы парадак і вырваць з рукі гімназісткі абаранак, а з рукі жабрака — кайстру. На свяце ў гонар дня народзінаў пані Ядвігі Любанскай мусіў прысутнічаць губернатар горада Мусін-Пушкін... І невялічкая дэлегацыя мясцовай творчай інтэлігенцыі, узмоцненая мною, меркавала падысці да яго наконт аднаўлення Таварыства.