Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні

Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:

У кнігу вядомай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай увайшлі гатычны раман «Скокі смерці», у якім журналістка Ганна Барэцкая і рэстаўратар Юрась Дамагурскі разгадваюць таямніцу сярэднявечных гадзіннікаў, аповесць «Ночы на Плябанскіх млынах», дзе міфы і легенды Мінска пераплятаюцца ў запамінальную містычна-рамантычную карціну, цыкл «Старасвецкія міфы горада Б*», што спалучае антычныя міфы і рэаліі старасвецкага беларускага мястэчка, а таксама апавяданні, у якіх дзейнічаюць і паўстанцы Каліноўскага і Касцюшкі, і нашы сучаснікі. Героі Людмілы Рублеўскай вырашаюць адвечныя праблемы выбару паміж годнасцю і бяспекай, каханнем і здрадай, захаваннем гістарычнай памяці і абыякавасцю. У кнізе ёсць і прыгоды, і містыка, і гумар, і псіхалагізм, і развагі над лёсам Беларушчыны.
1 ... 9 10 11 12 13 14 15 16 17 ... 209
Перейти на страницу:

— Гэта ваш вялікі шанец, малады чалавек! — даверліва сакатаў вусаты пан.— Згаджайцеся! Запэўніваю, што ніякага злога замыслу тут няма, і ні ў якую ганебную справу вас не ўцягваюць. Ну, вы ж прыроджаны артыст!

І сунуў мне яшчэ дзесяць рублёў.

Я вярнуўся ў свой катух на Францысканскай. Мой таварыш валяўся на ложку п’яны і ціхі, як фаршыраваная рыбіна. Я хадзіў з кута ў кут, быццам навязаны баранчык, і мроіў, нібыта ў гарачцы. То закулісны пан бачыўся мне падступным Мефістофелем, то высакародным Гарунам-аль-Рашыдам... Нарэшце я схапіўся за томік Шэкспіра, як касцельная дэвотка за ружанцы, і паспрабаваў уявіць сябе Гамлетам... І — уяўленне зацягнулася да апоўначы... Цяпер мне проста невыносна карцела паказаць камусь дасведчанаму ўсе гэтыя аднойдзеныя позы і інтанацыі, усе жывапісныя драпіроўкі плашча, замест якога я выкарыстаў коўдру... У дзверы пастукалі. Не стану хаваць — я скалануўся ад містычнага жаху. Арцёмка замыкаў, закруціўся на ложку... Я не стаў яго растурхваць,

тым больш лягчэй было прымусіць размаўляць качан капусты, і, набраўшыся смеласці ад Гамлета, расчыніў дзверы. Так пачаліся мае начныя прыгоды.

Да тэатру мяне давезлі ў закрытым экіпажы, пустым, як галава субрэткі, але з абабітымі аксамітам сядзеннямі. Я крадма вышукваў дзе-небудзь выяву герба — вядома, каралеўскага або, на горшы выпадак, княскага, але акрым вытанчаных раслінных арнаментаў з мосенжу не знайшоў нічога адметнага. У такіх карэтах герояў звычайна выкрадаюць... Але мяне высадзілі на прыступках тэатра, і зараз жа падхапіў пад локаць вусаты знаёмец.

— Мы вельмі вам удзячныя... Хутчэй, хутчэй, рыхтуйцеся...

Мы амаль подбегам увайшлі ў будынак, там да нас кінулася дама ў сукенцы з чорнага шоўку, з валасамі, таксама падобнымі да чорнага шоўку. У цьмяным святле газавай лямпы, якая асвятляла калідор, я разгледзеў тонкія арыстакратычныя рысы... І зноў думкі пра таемнае жыццё князёў і каралёў палезлі ў галаву. Вялізныя цёмныя вочы жанчыны блішчэлі незразумелай трывогай, ледзь не адчаем. Яна хутка загаварыла высокім голасам, які, здаецца, перарываўся ад гора. Вусаты адказаў ёй... Ну вось хоць гэта высветлілася — італьянцы! Я разбіраў асобныя словы, якія заселі ў памяці з оперных арый: «далорэ» — здаецца, боль... «падрэ» — бацька, альбо, можа, святар, «рагацца» — хлопчык... Гэта што, пра мяне? Ну так, пра мяне... Дама змоўкла і пачала з недаверам вывучаць маё аблічча, можна было б сказаць, бесцырымонна, каб не тая трывога і горыч, якія ахутвалі незнаёмку, як водар куста язміну. Італьянка нешта спытала ў вусатага, я зразумеў, сумняецца, ці спраўлюся. Але вусаты энергічна замахаў рукамі, паляскаў мяне па плячы. «Сі, сі...» Залапатаў нешта, напэўна кшталту «Самае тое, не бойся, хлопец-ураган»...

Дама, перырывіста ўздыхнуўшы, сышла, кінуўшы мне на развітанне дзіўны позірк, адчайна-ўмольны, і вусаты пацягнуў мяне далей.

— Толькі, вельмі вас прашу, нічым сябе не стрымлівайце. Дайце волю свайму тэмпераменту, грайце ў поўную сілу, імправізуйце! — мармытаў мой спадарожнік мне на вуха, і я пачынаў патроху шалець ад усяго гэтага.

За кулісамі мяне чакала адчыненая грымёрка першага героя і касцюм дацкага прынца.

Электрычнасць у тэатры не была ўключаная, і сцэна асвятлялася, як даўней, свечкамі. Ніколі не забуду гэты спектакль. Наўрад мне ўдасца перажыць калі-небудзь такое неверагоднае хваляванне і натхненне, падагрэтае небяспечнай таямніцай. Я вылецеў у прывіднае святло сцэны, адчуваючы сябе Кінам, Сальвіні і Качалавым у адной асобе. «Быць ці не быць — пытанне вось у чым!» Вядома, нават у апантанасці роляй я крайком свядомасці прагнуў агледзець публіку. Яе сапраўды было няшмат. Сем чалавек сядзелі ў першым радзе партэра. Так, відовішча ледзь мяне не збянтэжыла. Вялізная чорная прорва залы, незвычайная цішыня, водбліскі агню на тварах гледачоў... Вось мой вусаты імпрэсарыё, вось — знаёмая чароўная дама. Нейкая пажылая кабета ў капелюшы ўвесь час падносіла да вачэй хустачку, як я пасля вырашыў, расчуленая маёй ігрой. Увогуле, цяжка ўявіць больш удзячную публіку. Усе сачылі за кожным маім рухам, вельмі сур’ёзна і засяроджана, нават не перашэптваліся. Але мая ўвага адцягвалася на старога ў сурдуце, які сядзеў пасярод кампаніі... Я заўважыў, што на яго скіроўваліся час ад часу позіркі ўсіх, запытальна-ўстрывожаныя. Выглядаў старэча, як праўдзівы Гарпагон, фанабэрысты, аскетычны скупеча. Прыгажуня італьянка сядзела побач з ім і час ад часу пяшчотна гладзіла па руцэ, нібыта прасіла быць больш паблажлівым. Ага, значыць, вось ён і ёсць, мой галоўны крытык!

1 ... 9 10 11 12 13 14 15 16 17 ... 209
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)