Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Але ў касцёле сухенькі служка з вострым, як дзюба, носам гэтак жа суха і востра паведаміў мне, што ніякага вянчання ў суботу ў касцёле не было. Я разгубілася, а потым западазравала востраноса ў няшчырасці: вядома ж, вянчанне таемнае... Але асцярожныя роспыты прыкасцёльных бабулек таксама анічога не далі...
— Ну якое ж вянчанне, дзетухна! — ледзь не са спачуваннем прамовіла сухенькая бабулька ў чорнай хустцы, падобная да манашкі.— Адпявалі ўчора... Такую ж маладзенькую дзяўчынку. Як ты...
Другая бабулька, у старасвецкім каптуры, з падслепаватымі, але ўсё яшчэ сінімі вачыма, мітуслівая, як лясная птушка, умяшалася:
— Так, так, прыгожанькая такая дзяўчынка... Анёльчык... Часта сюды хадзіла... У вясельнай сукенцы хавалі, дык яна, як каралеўна, ляжала. Уся ў кветках, у карунках. Пальчатачкі белыя-белыя. Сукеначка з фальбонамі, тканіна ўся ў лілеі... Бедная дзяўчыначка... Паслізнулася на мосце, што праз Лошыцу, упала — а там калы ў дно панатыкалі... Гэта няйначай Лядашцік акруціў, злы дух.
— Не Лядашцік, а русалкі! У Лошыцы русалкі водзяцца! — заспрачалася другая бабулька.
— Якія русалкі ўвосень? Лядашцік! Шэўрадзь гэты аднавокі асабліва жанчын ненавідзіць і дзяўчатак, паглядзіць вокам сваім — і розум скручвае... Чаго б дзяўчаці з мосту падаць?
Тым часам другая старая пачала доўгае, нібы восеньскі вечар, разважанне пра тое, каго Гасподзь паклікае да сябе першым, але я амаль ужо гэтага не чула. Усе мае фантазіі разляцеліся, як пялёсткі штучнай ружы, з якой няўмелая рука сарвала нітку... Шчаслівая нявеста, жаніх прыгажун... А насамрэч казачная шаўкова-карункавая гожасць і матчына брошка — тут, побач, пад слоем зямлі, вільготнай і цяжкой, як сама незваротнасць. Цяпер зразумела чаму звярнуліся да беднай швачкі, а не ў моднае атэлье — ніхто не хоча азмрачаць настрой заказчыц, якія могуць даведацца, што побач з іхнім сымболем шчасця шылі ўбор для нябожчыцы. Чуткі ў мястэчку разносяцца хутка...
Я павольна пайшла на могілкі. Апошняе залатое лісце сыпалася на магілы... Сапраўды, Залатая Горка... Я ўспомніла пра іншы залаты дождж, які тут сыпаўся, калі сто гадоў таму тут балявала халера і збірала ахвяры не меней, чым чума. А як па мне, дык лепей чума, або, як у гэтай няшчаснай дзяўчыны, недарэчны выпадак, чым паміраць ад, прабачце, разладу страўніка. Людзі адчаяліся і не ведалі, як спыніць пошасць. Набіваліся аж па дах у стары драўляны храм на Залатой Горцы... Пасля, вядома, нехта сказаў, што калі храм, Божы дом, такі бедны і цесны, гэта вялікі грэх... І ці не таму Гасподзь прагневаўся і папусціў пошасць? Нейкі доктар — а іншыя кажуць, ксёндз,— выйшаўшы з касцёлу, разаслаў на зямлі свой плашч і кінуў на яго першыя залатыя манеты... Другія прыхаджане паспяшаліся таксама ўнесці ахвяру — і хутка на плашчы вырасла залатая горка... Як па мне, збудавалі б на тыя грошы шпіталь, закупілі добрых лекаў, зладзілі водаправод, каб менчукі не бралі ваду з гэтай памыйнай ямы — Нямігі... Што ж, цяпер я магла лічыць, што і наша сям’я зрабіла свой унёсак у Боскае месца ў выглядзе фамільнай брошкі...
Я блукала між магілаў і, мусіць, сама нагадвала прывід у цьмяным лістападаўскім свеце. Ага, вось узгорак, спрэс завалены кветкамі... Партрэт пад шклом, у драўлянай рамцы: гэткая наіўная гімназістачка, са здзіўлена прыўзнятымі бровамі, кірпатым носікам і прыадкрытым ратком, які, відаць, любіў смяцца, і коскі ўкладзеныя на галаве гэткімі бублікамі... Праставатае, наіўнае, вельмі звычайнае аблічча. Не маёй кампаніі паненка, ясна. Караліна-Марыя Шыманская-Рэпка. Бедную, напэўна, з-за гэтай «рэпкі» дражнілі ў гімназіі... Я ўявіла, як Караліна-Марыя ляжыць зараз вось тут, у зямлі, у сшытай намі сукенцы, з брошкай у выглядзе лілеі на грудзях... Прылучаная да тых глыбіняў — ці высотаў — спазнання, ад якіх я, эмансіпэ і натуралістка, аддзеленая кожнай клетачкай свайго фізічнага цела... Але заплаціць за гэтае спазнанне тым, што легчы ў гэтую сырую зямлю... Ведаеце, я не сентыментальная істота, але раптам мне зрабілася так шкада гэтай — няхай не вельмі інтэлектуальнай пры жыцці — дзяўчынкі, што я горка расплакалася — па ёй, па сабе... Па сваёй гаротніцы-маці — не так шмат у той у жыцці радасцяў і добрых успамінаў, каб пазбаўляць дарагіх сэрцу дробязяў. Што я ёй патлумачу наконт брошкі-лілеі? Падумаць толькі — тая ляжыць у нейкім метры ад мяне! Але недасяжней, чым была б на месяцы. І я ў адчаі пачала ў думках звяртацца да незнаёмай мне нябожчыцы... Уявіце сабе — прасіла яе вярнуць мне тую брошку, тлумачыла, як будзе перажываць мая маці. Угаворвала асцярожліва, як угаворваюць маленькае дзіця, што схапіла вельмі дарагую і дужа крохкую рэч... Я нават апусцілася на калені... Не ведаю, колькі часу прамінула — я схамянулася, калі буйны кляновы ліст, мокры і халодны, нібыта даланя тапельца, ударыў мяне па шчацэ. Я знаходзілася ў такім знерваваным стане, што гатовая была прыняць гэта за нейкі знак. Ліст апусціўся проста на букет дарагіх аранжарэйных фіялак, якія мерзлі ў беларускім лістападзе, як усходнія прыгажуні, і я пацягнулася адкінуць ад іх жоўтага нахабу. На земляным насыпу між кветак нешта збліснула... Я адсунула стракатыя пялёсткі... І ўбачыла брошку ў выглядзе лілеі.