Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0123-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
— Я ў педагагічным вучылася. Думала матэматыку выкладаць. Ды во, мабыць, не прыйдзецца, — сказала яна і нахмурыла светлыя броўкі.
— Нічога, як-небудзь. Галоўнае — спыніць яго, — сказаў ён даверліва, і яна горача падхапіла:
— Да? Вы так лічыце? Кажуць, за Смаленскам ужо спынілі. Нейкі горад вызвалілі. А тут што робіцца!..
— Яўрэяў пабілі?
— Расстралялі ўсіх да аднаго. Спярша сказалі, у горад пагоняць, загадалі золата ўзяць, пярсцёнкі, грошы і на трое сутак прадуктаў. А саміх у той жа дзень у тарфяніках пастралялі. Нашто было браць прадукты?
— А каб не здагадаліся, куды гоняць, — сказаў ён, адразу зразумеўшы гэтую нямецкую хітрасць. Марыя здзівілася:
— Ой, як вы разгадалі! А я вось не магла. Усё думала: ну, яны ж не дурныя, рацыяналісты, усё ў іх прадумана да дробязей — нашто прадукты? Бо ўсё ж з забітымі пакідалі ў ямы.
— Дурное дзела няхітрае, — сказаў ён і, можа, упершыню за ранак уважліва паглядзеў на дзяўчыну. На яе далікатным твары паявіўся і прапаў выраз шчырага захаплення, у глыбіні шэрых, шырока раскрытых вачэй цямнелася нейкае перажыванне, мабыць, ужо дасталося і ёй у гэтам мястэчку.
— Бацькі ёсць?
— Мама была. Семнаццатага чэрвеня паехала ў Стаўрапаль. Не ведаю цяпер, ці паспела вярнуцца.
— Наўрад ці паспела.
— Не паспела. Хто думаў, што фронт так хутка адкоціцца.
— Да, на фронце цяпер крывавая каша.
— А вас — на фронце? — кіўнула яна ў яго бок з раптоўнай цікаўнасцю ў позірку.
— Што — на фронце?
— Ну, параніла — на фронце?
— А адкуль ты ведаеш, што паранены?
— А з палкай. Учора бачыла. З вуліцы падглядзела.
— Во як! Ты ўжо і падглядваеш?
— Ды незнарок. Проста ішла па вуліцы, а вы — з палачкай. Так кульгалі, так кульгалі, што мне шкада вас зрабілася.
Агееў азадачана прамаўчаў. Сёння пасля ўсяго, што адбылося ў яго з гэтым начальнікам паліцыі, яму самому было шкада сябе, і нечаканае спачуванне Марыі амаль кранула яго.
— Нічога, нічога. Як-небудзь, — грубавата суцешыў ён дзяўчыну, але болей — самога сябе. Лапік ён ужо дашываў, на паношаныя абцасікі трэба было б набіць і набойкі, але ў яго не было чым набіць, і ён анучай старанна нацёр гладкія наскі туфляў.
— Ужо гатова? — узрадавалася Марыя і ўскочыла з лаўкі. — Ой, як добра!
— Не надта добра, — прызнаўся ён, сапраўды мала задаволены сваёй працай, і ўсміхнуўся — упершыню за сённяшні дзень. — Можа, як-небудзь навучуся. Не пройдзе і месяца…
Стоячы насупраць і прыціскаючы да грудзей адрамантаваныя туфлі, Марыя ціха сказала з прыкметным жалем у голасе:
— Напэўна, пакуль загоіцца рана?
— Іменна, — сказаў ён з націскам. — Пакуль загоіцца.
— А пасля?
— А пасля будзе відаць.
З нечаканым сумам у вачах яна перавяла позірк на вуліцу.
— Зайздрошчу вам. Калі б я ведала, куды… Ні дня б тут не засталася. Я б на фронт пайшла, я б іх забівала…
Гэта было ўжо сур’ёзна, і ён прамаўчаў. Штось зразумеўшы, яна змоўкла таксама, аднак не ідучы з падворка і ўсё прыціскаючы адрамантаваныя туфлі да маленькіх, ледзьве прыкметных пад тоўстым жакетам грудзей.
— На фронце ёсць каму біць. А для вас і тут знойдзецца справа…
— Якая? — хуценька запытала яна.
— А гэта трэба падумаць. Адпаведна абставінам.
Яна яшчэ нядоўга пастаяла моўчкі, пра нешта думаючы ці, можа, чакаючы пачуць што ад яго. Але Агееў падумаў, што і так выдаў занадта, што яму трэба цяпер сцерагчыся, хто ведае, ці не значыцца і яе подпіс у блакноце начальніка паліцыі Драздзенкі?
Напэўна, яна зразумела яго маўчанне па-свойму.
— Як вам заплаціць?
— А як хочаце. Можна хлебам ці бульбай. Ці яблыкамі.
— Ну, яблык у вас сваіх — вунь колькі!
— Тады пацалункам.
— Ну, скажаце!..
Трохі падумаўшы, яна без развітання павярнулася і выбегла на вуліцу. Ён яшчэ пасядзеў, яўна чакаючы яе. Вельмі хацелася яе бачыць, чуць яе то радасны, то сумны голас: чымсьці яна зачапіла яго панылую душу, нейкая душэўная еднасць стала паволі ды яўна збліжаць іх, гэтых дваіх розных людзей, воляю выпадку зведзеных разам. Калі праз чвэрць гадзіны Марыя вярнулася з туга накладзенай сеткай, твар яе ўжо без ценю нядаўняй заклапочанасці свяціўся лёгкай прыязнасцю, яна таропка стала класці на стол нейкія кавалкі і скруткі, загорнутыя ў клочча старых газет.
— Во, гэта вам за працу. Гэта — каб зажывалі раны… Гэта варэнне, грыбы сушаныя…
— Нашто столькі! — запратэставаў ён. — Вы што на самай справе! За адзін лапік?..
— Во гэта масла. У цёткі ж каровы няма, дык спатрэбіцца…