Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
1 ... 144 145 146 147 148 149 150 151 152 ... 230
Перейти на страницу:

— Імя, вотчаства ваша? — гучна запытаў здаля падпалкоўнік, па-над акулярамі зірнуўшы на Агеева.

— Павел Пятровіч.

— Дзе пражываеце?

— У Мінску.

— Адрас. Вуліца? Дом?

Ну во, толькі гэтага і не хапала! Як на злачынцу. Яму вельмі хацелася зрэзаць гэтага барацьбіта за парадак якой-небудзь калючай рэплікай, але ён ужо ведаў з практыкі, што ў такіх выпадках лепш не пачынаць сваркі, змаўчаць. Сабе ж дзешавей абыдзецца, як казаў калісь Валерка Сініцын, ягоны саслужывец па інстытуце.

Складанне акта цягнулася даволі доўга, падпалкоўніка некалькі разоў перапыняў працу. Ён яўна пакутаваў ад задышкі і патлівасці і раз за разам скідаў капялюш, абмахваўся ім, ціха бубніў сам сабе:

— Ведзёт… ведзёт раскопкі… Нет! Праізводзіт раскопкі, так лепш, а, таварыш Шабуня?

— Ага, так лепей, — не надта ўпэўнена пагаджаўся Шабуня.

— …Саставілі гэты акт… Нет! Настаяшчы акт… — папраўляў сябе падпалкоўнік, і Шабуня згаджаўся:

— Настаяшчы, ага.

— Ну вот. Цяпер падпісаць. Прадлагаем вам падпісаць, — угнуўшы галаву, са спушчанымі на носе акулярамі звярнуўся ён да Агеева.

— Няма вам чаго рабіць, — з прыкрасцю сказаў Агееў, усё яшчэ не могучы зладзіць з сэрцам. Але сапраўды рабіць яму не было чаго, ён падняўся і, з натугай перастаўляючы ногі, падышоў да агароджы. — Каму пашкодзілі мае раскопкі?

Пры гэтых ягоных словах раптам неспакойна заварушылася апатычная да таго Казлова і ўпершыню загаманіла грубым мужчынскім голасам, які здаўся Агееву надта знаёмы. І ён тут жа здагадаўся, што гэта — гаспадыня жоўтага дома за дарогай насупраць. Як ён не пазнаў яе адразу?

— А вот і пашкодзілі! — працяжна загаманіла яна. — Заняў тут выган, распалажыўся… А гусі ў патраву ходзюць. Тут не ходзюць, пугаюцца… У патраву ходзюць.

— Ах, гусі!..

Цяпер усё стала зразумела. Неяк ранічкай, неўзабаве пасля таго, як ён паставіў тут палатку, з боку ад дарогі паявілася чарада гусей, і магутны прыгажун-гусак, які вёў чараду, здзіўлена спыніўся перад яго палаткай. Агееў лагодна паклікаў гусака, але той абурана засіпеў, выгнуў шыю і павярнуў назад. За ім у абход кар’ера павярнула ўся чарада, дзе, мабыць, і зрабіла нейкую патраву. Цяпер давядзецца яму адказваць і за гэта.

Агееў узяў папку з густа і няроўна спісаным аркушам паперы. Мабыць, трэба было прачытаць, што там сачыніў гэта адстаўнік-падпалкоўнік, але без акуляраў ён таксама няшмат што бачыў, а вяртацца па іх у палатку не захацеў і абы-як распісаўся ўнізу пад птушкай, клапатліва пастаўленай складальнікам акта.

— Калі ласка, — сказаў ён, з націскам прыстукнуўшы шарыкавай ручкай.

Падпалкоўнік схаваў акт у папку, зняў з носа акуляры, сунуў іх у нагрудную кішэньку пінжака і раптам запытаўся ў Агеева ціха, амаль па-сяброўску:

— У шахматы гуляеце?

— Што? — не зразумеў Агееў.

— У шахматы, кажу, гуляеце?

Агееў пакруціў галавой — якія там шахматы! Ужо ці не прапануе гэты законнік пасля ўсяго, што здарылася, згуляць з ім партыю? Але падпалкоўнік не прапанаваў, ён толькі клапотна ўздыхнуў і сказаў:

— Вы гэта… Не крыўдуйце, таварыш Агееў. Парадак ёсць парадак, і ўсё трэба рабіць як паложана.

— Гэта канечне, — паспяшаўся згадзіцца Агееў, бо спрачацца з ім не было ніякай ахвоты.

Упаўнаважаныя грамадскасці чамусьці падышлі да абрыву, зазірнулі ў кар’ер. Рухавы Шабуня абабег яго зверху да палавіны, усё нешта тлумачачы і паказваючы. Але Агееў не слухаў і не стаў іх праводзіць да дарогі, ён зноў апусціўся на сваё вядро, на якім часам сядзеў надвячоркам ля касцярка, і, трываючы сардэчныя перабоі, думаў. Думкі яго былі адпаведныя яго настрою. Як мала трэба, думаў ён, каб збэсціць гэты настрой, і як цяжка наладзіць яго нанова. Во і тут, нічога ж асаблівага не адбылося, што яму недарэчныя прэтэнзіі гэтых настырных прадстаўнікоў грамадскасці, ён іх не баяўся, бо не бачыў у сваіх дзеяннях нічога колькі-небудзь ганебнага ці недазволенага. А вось на душы стала кепска. Ён зусім не апасаўся, што іх дурному акту можа быць дадзены нейкі ход, ды і заставалася яму тут яшчэ некалькі дзён пакалупацца ў гэтым кар’еры, і ён паедзе, хутчэй за ўсё так нічога і не праясніўшы для сябе, не знайшоўшы нічога. (Марная справа, мусіць, знайсці што-небудзь праз сорак гадоў.) Але во ён расказаў ім пра тое, пра што не меў звычаю нікому расказваць — чаму ж не ўтрымаўся? Тое, што з ім тут здарылася, датычыла толькі яго аднаго, ну, і яе, канечне, таксама. Вось перад ёй ён абавязаны быў даць адказ, але ні перад кім болей. Ды яе даўно не было, не было нават яе белых костачак, якія, магчыма, даўным-даўно сталі попелам дзе-небудзь у крэматорыях Дахаў або Асвенціма, а ён шукае іх тут. Але, каб дапусціць штосьці іншае, перш трэба было ўпэўніцца, што яна ў тую восень не засталася ў кар’еры. Пасля можна меркаваць усё, што хочаш, але толькі выключыўшы з меркавання кар’ер. Калі ж яму гэта не ўдасца і выявіцца, што яна ўсё ж апынулася тут, тады ўсё. Тады поўны глухі тупік. Тады для яго поўная фініта ля камедыя і нічога больш, як любіў паўтараць усё той жа Валера Сініцын.

1 ... 144 145 146 147 148 149 150 151 152 ... 230
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)