Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
1 ... 143 144 145 146 147 148 149 150 151 ... 230
Перейти на страницу:

— Дакументы ў парадку! — нарэшце рашуча аб’явіў падпалкоўнік. — Удзельнік ВАВ, кандыдат навук. Але што вы шукаеце ў гэтым кар’еры, дазвольце ўзнаць? І чаму без разрашэння ўлады?

— З уладай дамоўлена, — трохі ўзбадзёрана сказаў Агееў. — Была размова з таварышам Безбародзькам.

Падпалкоўнік з Шабунем неяк загадкава пераглянуліся.

— Безбародзька месяц як не работае ў выканкоме. Зняты за нарушэнія, — аб’явіў падпалкоўнік.

— Можа быць, — пагадзіўся Агееў. — Але гэта нічога не мяняе.

— Абсалютна нічога. Так што трэбуецца пісьмовае разрашэнне.

— Пісьмовае разрашэнне на што?

— На вядзенне земляных раскопак.

— Якіх жа раскопак? — трохі фальшыва здзівіўся Агееў. — Хіба гэта раскопкі?

— А што ж, дазвольце ўзнаць? — тэатральна махнуўшы тонкаю папкай, падпалкоўнік развязаў матузы. — Вось, калі ласка. Пачаў з восьмага іюня. Дзевятнаццатага іюня з прымяненнем бульдозера. З васьмі трыццаці ўтра да дванаццаці дваццаці. І таго тры часа пяцьдзесят мінут механізаваных раскопак.

«Аднак усё правільна. Менавіта столькі працаваў бульдозер, — здзіўлена адзначыў сабе Агееў. — Правільна падлічылі. З хранометрам…» Вельмі яму не хацелася тлумачыць з сапраўдных прычын ягонай цікавасці да кар’ера, але ён ужо зразумеў, што жартамі адгаварыцца, мабыць, не ўдасца. Гэта адстаўнік хапаў трэніраванай хваткай бульдога, ухіліцца ад якой было не проста.

— Ну, вось што! — сказаў ён трохі мякчэй. — Справа ў тым… Справа ў тым, што ў гэтым кар’еры восенню сорак першага расстралялі групу падпольшчыкаў…

— Гэта нам ізвесна. У цэнтры пасёлка ім памятнік.

— Ну. Хавалі. Памятаю, як асвабадзілі… такая духата стаяла, — успомніў Шабуня і чамусьці махнуў рукой.

— Дык вось, ведаеце, колькі там пахавана? — холадна запытаў Агееў.

— Ну, трое.

— А тут, — ён паказаў на кар’ер, — тут расстраляна пяцёра.

— Ну да? — усумніўся Шабуня. — Было трое, я сам бачыў. Не пахаванні тады, як я з лесу прыйшоў. Тры грабы стаялі.

Яго ўвогуле дабрадушны, у дробных зморшчынах твар зрабіўся недаверліва пакрыўджаным, здавалася, Шабуня гатовы быў абурыцца ад пачутай яўнай бязглуздзіцы.

— Згодны. Сапраўды, там пахавана трое. Але… Вось перад вамі чацвёрты…

— Ха! — няпэна выдыхнуў падпалкоўнік.

— Ну да? — здзівіўся Шабуня, а Казлова зводдаль прамармытала нешта ад здзіўлення ці недаверу — было не зразумець. Агееў жа не стаў болей нічога тлумачыць, ён і так сказаў надта многа.

— Во дзіва! — збянтэжыўся Шабуня і ссунуў на патыліцу кепку, агаліўшы белы, зусім не загарэлы лоб. — А дзе ж пяты?

— А во пятага я і шукаю, — сказаў Агееў.

Ён зноў пачаў хвалявацца, як там, у кар’еы, і, пакуль хаваў у мяшэчак дакументы, яго агрубелыя, у свежых мазалях пальцы па-здрадніцку прыкметна трэсліся. Падпалкоўнік тым часам штось напружана думаў з яўнай пакутай на азызлым, спатнелым твары. Але вось ён нарэшце ажывеў і выцяў яго нечаканым пытаннем:

— Чым вы дакажаце?

— Што — дакажу? — не зразумеў Агееў.

— Што былі чацвёртым? І што быў пяты?

— А я і не збіраюся даказваць. Я ж ні на што не прэтэндую. Нічога не прашу.

— А раскопкі?

— Даліся вам гэтыя раскопкі! — пачаў нервавацца Агееў. — Вам што, шкада гэтага смецця? Ці гэтай гразі ў кар’еры?

— Нам не шкада, таварыш Агееў. Але калі кажды пачне капаць дзе захоча, што будзе? Форменны неперадак будзе. А задача абшчэственнасці падтрымліваць парадак. На кожнае дзействіе далжно быць разрашэнне. А ў вас яго няма. Таму мы абавязаны саставіць акт. На факт нарушэння.

— Ваша справа! Можаце складаць, — сказаў Агееў і, адышоўшыся ўбок, сеў на перакуленае пластмасавае вядзерца. Гасцям тут сесці не было на што, але ён не стаў іх рассаджваць — хай уладкоўваюцца самі. У яго зноў закалацілася сэрца, краявід непрыемна паплыў у вачах, і ён на хвіліну прыжмурыўся, каб саўладаць з сабой, стрываць пры гасцях без таблеткі. Прыступ быў, аднак, не доўгі, і калі ён зноў зірнуў на гасцей, тыя, адышоўшыся да могілак і расклаўшы на камянях агароджы кардонную папку, узяліся складаць акт. Прадстаўніца грамадскасці Казлова стаяла зводдаль, насуплена пазіраючы на яго.

1 ... 143 144 145 146 147 148 149 150 151 ... 230
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)