Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0121-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
Пад бушлатам Жаўтых яго рэчавы мяшок. У ім небагата чаго накладзена, але нешта ўсё ж муляе ў маіх руках, і ад цікаўнасці я развязваю лямкі. Чужы рэчмяшок — гэта амаль тое ж, што чужая душа. Ось і тут — вечная, нескароная праява жыцця, якая смешна закрывае чалавеку вочы перад непазбежнасцю смерці. У камандзіравым рэчмяшку вафельны ручнік, пара ануч, настаўленне па нашай гармаце, і разам з гэтай маёмасцю, атрыманай са старшынскіх рук, — дзве цвёрдыя лусты невядома дзе ўзятай падэшвы са скуры, матацыклісцкія пальчаткі з доўгімі шырокімі халяўкамі, а ў самым сподзе — нейкая шкатулка з вельмі прыгожым лакавым вечкам… Эх, стары, мудры Жаўтых! Ты заўжды здаваўся багаты практычным жыцейскім розумам, хіба не бачыў ты, колькі заставалася ў ротах гэткіх вось нікому не патрэбных катомак пасля ўдалых і няўдалых атак? Ведаў жа, але, пэўна, не мог адолець у сабе спакусу прыхаваць якую непатрэбшчыну, а жыццё сваё берагчы забываўся. А без яго які сэнс ва ўсіх самых цудоўных у свеце рэчах!
Я шпурляю цераз бруствер гэты незавязаны, не патрэбны цяпер нікому хатуль і зноў бяруся за каску. Сухая, напаленая сонцам зямля, як жарства, скрыгае па сталі, каска ўжо бялее вузенькім абшарпаным казырком. Мне не відаць, што там робіцца на паверхні, але Папоў маўчыць, і ў голаў лезе рознае.
Мне ўспамінаецца колішні наш камісар, які аднойчы перад атакай старанна начышчаў свае новыя, толькі пашытыя атрадным шаўцом боты і быў забіты праз якую гадзіну, нават не запэцкаўшы як мае быць гэтых ботаў. Паўстае ў вачах старшына Клыбаў, вядомы ў атрадзе барахольшчык і хцівец, у якога нельга было выпрасіць шматка на лапік і які вазіў з сабою тры вазы рознага трафейнага майна. Сталася так, што снарад ударыў якраз у фурманку і раскідаў па алешніку ўсё старшынскае багацце разам з рэшткамі скупога гаспадара… Памятаю, бачыў я ў шпіталі салдата, якому хірург аперыраваў сцягно і ўвесь час лаяўся. Аказваецца, нямецкі асколак разбіў у кішэні салдата сем гадзіннікаў, загнаўшы ў нагу ўсякія кольцы і спружынкі. Не, хай яно тысячу разоў спрахне, тое барахло! Ці да яго мне, калі варта толькі заплюшчыць вочы, — і вось яны, тыя страшныя каляіны, у якіх з крывавай гразёю перамешаны паламаныя рукі, ногі, раструшчаныя гусеніцамі дзіцячыя галоўкі… Але ж няўжо гэта так і сыдзе са мною ў магілу і прападзе назаўжды мая святая нянавісць?
Не! Калі ёсць справядлівасць на свеце і разумны сэнс у жыцці, дык я буду жыць. Я мушу жыць — гінуць мне нельга.
15
— Лошка!!! — раптам крычыць Папоў. — Хлопцы, Лошка!!!
Мы з Крывёнкам выскокваем з акопа, Папоў здаровай рукой паказвае ў поле, туды, дзе няма ні ворагаў, ні нашых. Сапраўды, цераз пагорак у наш бок нехта бяжыць.
Гэта яшчэ далёка, і відаць толькі, як коціцца па зялёным маленькая фігурка чалавека ў зеленавата-жоўтым, аблезлым на сонцы адзенні. Але тое, што ён кіруе сюды, ні ў кога з нас не выклікае сумнення.
Чалавек тым часам знікае ў лагчыне за бліжэйшым пагоркам, некалькі хвілін мы чакаем, не зводзячы з таго месца вачэй, і ён зноў паказваецца з-за блізкага грэбня і зноў хутка бяжыць уніз.
— Маладэц Лошка! — задаволена, амаль радасна кажа Папоў.
Добра было б, каб толькі яму не пашкодзілі немцы. Яны не так ужо і далёка і, пэўна, бачаць з дарогі адзінокага салдата і, вядома, могуць абстраляць яго. Я засцярожліва азіраюся на дарогу, але там нікога — адно толькі дымна смыляць-дагараюць аўтамабілі; другія, скасабочыўшыся, нерухома стаяць у канаве. Падбіты танк побач таксама недзе смыліць унутры, на ветры ўюцца рэдкія пасмы дыму, па-ранейшаму смярдзіць бензінам, фарбай, паленай гумай і яшчэ нечым гаркавата-салодкім — ад яго пад грудзямі робіцца блага.
Але чагосьці змаўкае Папоў, яшчэ болей нахмурваецца зацяты Крывёнак; адчуўшы нечаканае, я шукаю ў полі маленькую постаць нашага пасыльнага і таксама дзіўлюся. Ён ужо бяжыць цераз лужок ля ручая, і ўжо відаць некаторыя драбніцы ягонай постаці. І тут мне пачынае здавацца, што гэта не Лёшка і нават не салдат і не мужчына — прытрымліваючы пад пахай нейкую ношу, кідаючы позіркі ў бакі, бяжыць жанчына ў вайсковым.
Самае зоркае вока, аднак, у Папова, ён некалькі секунд востра ўглядаецца ўдалячынь і з радасным здзіўленнем ускрыквае:
— Луся?!
Так, гэта Люся. Як ні недарэчна, але гэта яна. Я і сам ужо бачу і пазнаю, як хуценька мігацяць у траве спрытныя ногі ў чорных халяўках ботаў і развяваецца на ветры залацістая шапка яе валасоў. Пад пахай у яе санітарная сумка, і мне здаецца, што я бачу нават, як глыбока ўрэзваецца почапка ў дзявочыя грудзі. Вядома ж, Люся шыбуе да нас…
Зноў самотнае, тужлівае пачуццё невядома чаму апаноўвае мяне — і няпэўная стрыманая радасць і трывога: чаго бяжыць яна? Мо што здарылася з Лёшкам, можа, яго параніла, і яна нясе нам камбатаў загад? Можа, яна думае, што ён тут, і таму не вытрымала, бяжыць, шукае яго? Але тады не трэба і яе, няхай бы яна лепш не паказвалася нам сёння. А можа, гэта яе паслаў сюды камбат Троцкі з якім загадам? Але не. Чаго гэта Троцкі будзе пасылаць санінструктара, хіба не знайшлося якога салдата ў палку! Я ўсё думаю і не магу даўмецца, чаго яна наважылася на гэта ў такі час, у такую небяспеку, калі мы тут самі сядзім як на вуголлі.